Але ноч рыхтавала свае падарункі.
Гладзячы Котку, мае пальцы ўпершыню адчулі: яе круглая выпаленая плямка зарастае густым пушком. У адказ на дотык Котка не ўздрыгвала, а ўдзячна муркала.
Праз дзясятак прыступак чакала новая неспадзяванка. Хтосьці шчодра раскідаў па руберойдзе сцябліны маладога аеру. Чорнае палатно даху маляўніча спярэшчвалі зялёныя мазкі, і гэтая карціна цешыла не толькі вока: у паветры струменіў вытанчаны святочны водар. Я памятаў яго з дзяцінства, калі ў мамінай вёсцы перад Сёмухай прыцярушвалі аерам падлогу. Праўда, там аерны пах змешваўся з іншымі пахамі сялянскае хаты, тут жа ў паветры непадзельна ўладарыў адзін ён.
Кожны з нас радаваўся нечаканцы па-свойму. Залацістая аздобіла стрэлкай аеру кучаравую фрызуру. Кіяскёрка змайстравала сабе зялёныя, з ружовымі квадрацікамі ад карэньчыкаў каралі. Котка ўзяла аеравую шабельку ў зубы і не выпускала яе ні рухаючыся па коле, ні танцуючы пасярод яго, што выглядала асабліва святочна.
Аер, безумоўна, служыў знакам, які нам прапаноўвалася разгадаць або, наадварот, не імкнуцца зазірнуць у таямніцу, а проста чакаць яе разгадкі, атрымліваючы асалоду ад водару, які падчас танца рабіўся мацнейшым, бо нашыя босыя ногі міжволі расціскалі сакавітыя духмяныя сцябліны.
Іншым знакам, адрасаваным аднаму мне, сталася тое, што я ніводнага разу не адчуў у руцэ ядвабных падушачак Залацістай. Звыклы ў кожным танцы сустракацца з рукамі ўсіх танцораў, я - калі мы мяняліся ў руху месцамі - спрабаваў апынуцца побач з Залацістай, аднак усе манеўры сканчаліся безвынікова. Стоячы ў фінале з узнятымі ў неба рукамі, я падумаў: такое несупадзенне пярэчыць самой тэорыі імавернасці, вядома, калі яна тут дзейнічае.
Гэта было не астатняе парушэнне заўсёднай хады начных падзеяў.
Як зазвычай, мы разыходзіліся ў розным парадку, але апошнімі нязменна заставаліся Котка і Залацістая. Першым рушыў да адкінутых дзверцаў люка Настаўнік, за ім, як заўсёды, нырнула туды Гімнастка і, крыху памарудзіўшы, спусцілася Кіяскёрка. Надышла мая чарга, ды каля люка стаяла з Коткаю на руках Залацістая. Значыць, сёння апошнім адыходзіў я. Абвёўшы вачыма чорна-зялёны дах, я ўдыхнуў на развітанне аерны водар.
19
Раней я адзначаў дзіўную з’яву: пры пад’ёме на дах пяты паверх кудысьці знікаў: з пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі ты адразу трапляў на шосты і ўжо чакаў, як насустрач выбяжыць і папросіцца на рукі Котка. Я ніколі не мог узгадаць, як пераадольваў гэтыя трыццаць, або ў дадзеным выпадку зусім іншую колькасць прыступак, нават не паспяваў чарговы раз здзівіцца, як таямнічы ліфт вокамгненна пераносіў мяне на шосты паверх і пакідаў перад кароткай лесвічкаю на дах. Тое самае, але ў адваротным парадку, адбывалася па дарозе назад.
Аднойчы мне прыснілася, што Гатэль, важка зыбаючыся, ідзе начной ракою пад цёмным ветразем, а я ўглядаюся ў начны незварушлівы карабель са стромага берага, лічачы ягоныя палубы. Іх шэсць, і пацеркі каютных вокнаў не палохаюць цемрай, а прытульна свецяцца на ўсіх шасці, у тым ліку, зразумела, і на пятай. Але тое дзеялася ў сне, а на яве выглядала якраз наадварот: і ўдзень, і ўначы на ўсіх шасці лініях паверхаў цягнуліся цёмныя ланцужкі незашклёных вокнаў. Такім чынам, паміж чацвёртым і шостым паверхамі існаваў яшчэ адзін, аднак таямнічае поле, якое яго вартавала, дазваляла толькі маланкава пераадолець гэтую прастору, не даючы дазволу хоць на хвілю там затрымацца.
Вось жа, застаўшыся апошнім у тую «аеравую» ноч на даху, я набраў поўныя лёгкія духмянага паветра, ступіў на першую прыступку лесвіцы і - прачнуўся ў сваім ложку.
20
Мама трымала нада мною будзільнік, што падымаў на апошні экзамен. Зусім вы з тваёй Лорай зрэек з’ехалі, - прамовіла яна, і я спрасонку рэкнуў: Пры чым тут Лора? Дапіваючы ранішняе малако, я не ўспомніў анічога, апрача звыклага хрумсту шкла пад нагамі і знаёмага вядра з немаведама калі скамянелай рошчынай на шостым паверсе.
Усё вярнулася праз сем халодных дажджлівых дзён, у такі самы хмурны мокры вечар. Ужо застаўся ў мінулым выпускны школьны баль, на якім Лора павіншавала мяне з залатым медалём, але падкрэслена вальсавала з аднакласнікам. Месяц таму я вар’яцеў бы ад рэўнасці, трымцеў бы ад жарсці, уяўляючы Лору пад тонкай блакітнаю сукенкай, а цяпер радаваўся такому развіццю падзеяў.
Назаўтра пасля выпускной вечарыны я затэлефанаваў Лоры з прапановаю сустрэцца. Можа, ніколі мы не кахаліся так доўга і апантана, аднак у шаленстве целаў зеленаватай яшчаркаю праслізгвала адчужанасць. Калі мы знясілена выцягнуліся на ложку, Лора раптам паднялася і вымкнула музыку. Ты не мой. Ідзі. Проста хацела з табой развітацца.
Читать дальше