А я схадзіў у горад, напісаў некалькі лістоў, а вечарам друкавалі з дзядзькам фотаздымкі.
А перад гэтым быў жах. Гарачыня дзённая нагнала раптам хмару з маланкамі і перунамі. Быў у хаце адзін. Вецер. І раптам нешта нізкае, карычневае: суцэльная страшная хмара пяску. Чорна стала, як уначы. Пасля пясок скончыўся, але маланкі і вецер. Да болю шкада было глядзець, як вішні хмарамі белымі хіляцца цераз платы. На шчасце, яны не паспелі яшчэ зацвісці як след, і абабіла – мала. І наша лошыцкая залатая, нявеста белая, засталася зусім нечапаная за домам. І – дождж. Кароткі, але моцны. І люстэркі вады на траве. І дыхаецца лёгка-лёгка.
Сёння дзень з ветрам. Раніцай пайшоў быў шукаць смарчкоў за Шчыбрын, на Мадорскую паваротку. Повень спадае, зарэчча ўсё ў зялёных паўколах, выступае сям-там трава, але вады яшчэ многа. Так мне і не давядзецца да ад’езду палавіць рыбы. І так над Праровам сонечна, ветрана, у пырсках, пене і зіхотках зыбу.
Нічога, вядома, не знайшоў, хутка вярнуўся, сеў і скончыў, урэшце, усе лісты. І вершы адаслаў Лучуку [58] і Вялюгіну. Вечар. Вычытаю, можа, вершы зборніка – і спаць.

9 мая. Панядзелак
Тады амаль нічога не вычытваў. Папарадчыў усё на стале, падрыхтаваўся, адклаў патрэбную на “Чазенію” колькасць паперы (і ўсё адно вылезу з яе, вядома) ды паспрабаваў пісаць “распятыя хлапчынкі”. Не скончыў, не лезе нешта нічога ў маю галаву.
Сёмага з самай раніцы нікуды не хадзіў. Дзень быў пахмуры і халодны, і таму някепска працавалася. Пачаў “Чазенію”, трохі захапіўся ўспамінамі і, вядома ж, размазаў. Але крэсліць буду ўжо ў машынапісным экзэмпляры. Працаваў цэлы дзень. Вырашыў апошнія дні нават Галі ў гародзе не дапамагаць. Тым больш што работа амаль скончана. Засталося толькі пасадзіць познія памідоры, а на іх яшчэ рана. Спаў, як забіты, тым больш што вокны заўсёды адчынены. Даводзіцца толькі ваяваць з хрушчамі. Як заляціць – хапаеш яго за шкірку і выкідаеш з кухні на двор, каб не вярнуліся. Колькі выкінеш – столькі іх і малоціць у куханнае вакно.
Учора рабілі човен, але я амаль не дапамагаў. Пісаў, закінуўшы ўсё астатняе. Амаль цэлы дзень быў галодны. Не хацелася есці самому, а яны вырашылі скончыць усю драўляную работу. І скончылі. Засталося заканапаціць, засмаліць, зрабіць “буфет”, матор паставіць і лаўкі зрабіць.
Вечарам абмывалі канец працы пад вяндліну, халаднік і тушаную цяляціну з бульбай. І такія там размовы ішлі аб старых знаёмых, хутаранах, сваяках і сябрах па кавалерскіх гулянках і паляваннях – любата. Пасля гастранамічную размову завялі. Столькі было выказана рэцэптаў – можна было б чвэрць кухарскай кнігі напісаць. І, як ні дзіўна, было гэта вельмі цікава, бо падмацоўвалася выпадкамі з жыцця, паралелямі, анекдотамі, якія здараліся з вынаходцамі або аматарамі таго ці гэтага халадніку, смажанага зайца, вэнджанай рыбы і г.д. Вечарам пісаць, вядома, не мог. Сядзеў ды галоўкі тут жа крэмзаў, як дурань.

[На гэтым дзённік абрываецца. Сюды ж укладзены аркуш паперы з накідамі дзейных асоб “Чазеніі”]
К а м е н т а р ы :
1 Зайцаў Вячаслаў Кандратавіч (1917-1992) – літаратуразнавец, перакладчык, касмолаг; у 60-я гады працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР.
2 “Ляжаць пакошаныя травы” – верш Максіма Танка.
3 Дзядзька Уладзіміра Караткевіча Грынкевіч Ігар Васільевіч (1908-1985).
4 Маецца на ўвазе рукапіс сцэнарыя мастацкага фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
5 Клятэцкі Дзмітры Ілліч – знаёмы сям’і Грынкевічаў.
6 Грынкевіч Сяргей Ігаравіч (н.1952) – стрыечны брат Уладзіміра Караткевіча, сын дзядзькі Ігара.
7 Гансоўскія – сваякі Грынкевіч (Гансоўскай) Галіны Мікалаеўны (1923-2001), жонкі дзядзькі Ігара.
8 Стулпан Геранім (1931-1981) – латышскі паэт, сябра Уладзіміра Караткевіча, разам вучыліся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.
9 Барадулін Рыгор Іванавіч (1935-2014) – народны паэт Беларусі.
10 Кляўко Генадзь Якаўлевіч (1932-1979) – беларускі паэт.
11 Ваенныя зборы ў газеце Ціхаакіянскага флоту “Боевая вахта” разам з Р. Барадуліным і Г. Кляўко.
12 Максім Лужанін (1909-2001) – беларускі пісьменнік, аўтар выдавецкай рэцэнзіі на раман “Каласы пад сярпом тваім”.
13 Паўлёнак Барыс Уладзіміравіч (1923-2012) – старшыня Дзяржкіно БССР (1963-1970).
Читать дальше