Працаваў увесь нядзельны дзень. Пасля прыйшоў дзед Гансоўскі, падвязвалі лозы і хадзілі ў лес за пераезд.
18-га таксама праца, грады, угнойвалі дрэвы. Учора, 19-га, скончыў скарачаць “Хрыста”. Мала скараціў, давядзецца яшчэ папрацаваць над гэтым у Мінску, з Навумам. Такая бяда. Схадзіў і адправіў рукапісы, кнігі ўзяў у бібліятэцы. Брыдкі быў, шэры дзень.
Думаў усё над сном, які ўсё паставіў на месца. Адразу, як прачнуўся тады, зразумеў, што гэта і ёсць пачатак “Чазеніі”. Доўгашуканы, той, які так доўга не даваўся ў рукі. Калі гэта напісаць, як трэба, гэта дасць настрой часу і стан душы героя, а потым досыць будзе даць пару намёкаў наконт ягонай прафесіі – і ўсё будзе, як на далоні, можна будзе разгортваць характар. І ўзрадаваўся, што не пачаў рэч раней, не сапсуў. Як добра! Запэўніўся, не трэба спяшацца пачынаць, калі не даецца. Счакай, мозг сам будзе думаць у садзе, падчас хады, на рацэ, у сне – і ўсё тады ты атрымаеш дарма.
Столькі думаў пра гэта, што і наступнай ноччу ўбачыў той самы чужы, але свой твар. Ну, гэта быў сон-глупства, бадай што толькі для мяне, як для характару, сімптаматычны.
Сёння, 20-га, устаў рана, нечувана свежы і здаровы. Сонца ў лёгкіх ценях, цеплыня, пупышкі сталі вялікія. Нясецца кумканне жаб ці то з Дняпра, ці то ад нізіннага, залітага вадою гарода непадалёк. Схадзіў у горад, пастрыгся і, заадно, пагаліўся, схадзіў у РДК наконт нарыса аб народным тэатры і сустрэў там такі бардак, што не прапясочыць іх – гэта ўжо дудкі. Па дарозе назад абдумаў ідэю “Чурлёніса”. Прыйшоў дахаты, капаў канаўкі для падкормкі вінаграду. Шмат зрабіў. Скончу вось запіс і, можа, гной насіць буду, а тое пачытаю на сонцы, калі дасць зрабіць гэта мярзотнік, тоўстая качулка, мардан Дзік, Альмін сын, бацькі ж імя – ты, Пане Божа, вясі. Больш сімпатычнай тварыны нельга знайсці на свеце. І больш надаеднай. На ўсіх чаравіках у доме заблытаў шнуркі, нарабіў марскіх вузлоў.
І яшчэ думка. Скончыць трэба таксама сном. Але светлым. Чалавек вылечыўся.
30 красавіка. Субота
Усе дні шалёна працаваў. У адзін толькі дзень быў у лесе, на рагачоўскіх “валатоўках”, дзе новыя акопы разрылі старыя курганы і выкінулі косці. Многа хадзіў, думаў.
І яшчэ адзін раз пайшоў лавіць рыбу. Ведаў, што не спаймаю: рака яшчэ не ўвайшла ў трубу. Нават не клюнула ані разу. Сядзеў на курганах у Рыжковіцы пасля, пісаў. Неба было шэра-жамчужнае ад аблокаў.
Учора скончыў “Хрыста”. Сёння паліваў гарод. Пасля Кірэйшыны прыйшлі, гаварыў з імі.
6 мая. Пятніца
Зноў некалькі дзён не запісваў. Стаміўся страшэнна. 1-га рана ўстаў, прыбраў усё з гасцінай, пайшоў на дэманстрацыю глядзець, як Сяргей трубіць у аркестры.
Мілае правінцыяльнае свята. Калоны на плошчы, сцягі, марожанае, нудная прамова. А над усім лёгкі налёт зелені. Рана пайшоў адтуль дамоў. Дапамог Галі. Госці прыйшлі. Было весела і светла на душы ад добрай суседкі, ласкавай, не зусім маладой жанчыны.
Прыйшлі яны і на другі дзень. Але сказалася стома. Больш сядзелі, гаварылі і жартавалі, чым скакалі. А 1-га падэшвы адбіў і яшчэ праводзіў цёплым месячным вечарам. Вечарам другога, праводзіўшы іх, чытаў.
3-га зноў навёў парадак у гасцінай і толькі сеў за вершы – прыйшоў Эдзік Курачкін [56]. Гаварылі аб Маскве, аб становішчы ў мастацтве, аб левых. Бял. [57] такую незайздросную ролю грае, што страціў у большасці свой аўтарытэт, і ягоных жа вучняў даводзіцца перавучваць. Сорам увогуле. Паехалі на вакзал піць піва пад салоную рыбу і паступова адыходзіць. Адам кажа ў такіх выпадках: “Каб наступіла прасвятленне, беларускі варыянт катарсісу”. Прасвятленне гэтае скончылася тым, што паехалі адтуль купіць мне фотапаперы ды напалі на сяброў ягонага брата, ды ўзялі дзве бутэлькі, ды я сваю з дома прыхапіў, ды агурочкі, ды паляндвіцу. Ну і выпівалі ў іх у садзе ды скакалі “Лявоніху” пад яблынямі.
Вечна на гэтага чорта, беларуса, супыну няма. Пасля паехалі, пасадзілі Эдзіка ў маскоўскі аўтобус, і я вярнуўся дадому.
4-га ўстаў рана, выбіў з сябе ўсё халодным душам і сеў пісаць. Напісаў пачаты напярэдадні “Як сканаю – душа застанецца”. Пісаў трохі лісты. Вечарам доўга сядзеў у садзе. Чырвоны месяц і белыя прывіды дрэў. І паўсюль туман, і жабы дзьмуць у пустыя бутэлькі, даюць, падобна Рыгору, сігнал да адпраўлення. І гэтыя начныя сады.
Пасля ўсяго, удома, напісаў “Месяц над садам”. 5-га была дзівосная раніца. Цеплыня, лёгкая смуга над квеценню дрэў, добрае зіхоткае сонца ўзыходзіць. Так бы і жыў сто тысяч год. Прывялі з Азярышча каня. Узаралі гарод. І аралі, нібы плылі пад белымі дрэвамі. Пасеялі бульбу. Зусім мала засталося. Пасля пакарміў я звера хлебам з соллю (і сена хрумстаў), ды яшчэ з дзвюх буханак зрабілі мяшанку. Напаілі пасля. І накіраваўся ён, раб божы, дамоў – задаволены.
Читать дальше