А пакуль ніхто не дасць сабе цяжару задумацца над тым, што ў сучасную філасофію, у сучасны лад думак нахабна ўлезла старая падгрыміраваная шлюха: думка, ідэя эпохі захопніцтва, драпежніцтва, эгаізму, кітайшчыны, імперыялізму, калі хочаце. І глядзіць чалавек здалёк і думае: “Ах, якая складная, якая маладая, якая зручная жанчына! І якая разумная, як яна спрытна і лёгка ўсё тлумачыць!” І вось замест дыялектыкі, неймаверна складанага спляцення абставін – добра яшчэ каб догма, а тое проста шкодная “мразь”, якая псуе сапраўднаму братэрству ўсіх народаў зямлі горш, чым сто год назад, бо тады яна была шчырая ў бессаромнай сваёй галізне, а цяпер – крывадушная, апранула туфлікі і прыклеіла фігавы лісцік. Чарнышэўскі супраць яе змагаўся, Някрасаў, Шварцэ, Каліноўскі, Герцэн, Багушэвіч, Маркс, Пляханаў, Купала ў лепшых сваіх рэчах, Багдановіч, Вароўскі, урэшце, змагаўся Ленін, а яна толькі што трохі вусны пафарбавала, змяніла а на раўназначнае b+c і стаіць, усміхаецца нахабна і задавальняе пасрэднасць, якая думаць не хоча і падстаноўкі не хоча заўважаць, або і не можа заўважыць.
Але так не павінна быць. Не павінны старыя думкі (маю на ўвазе, вядома, не думкі Герцэна, скажам, а думкі Мураўёва) паганіць псіхічны склад сучасніка. Дзярмо не павінна ляжаць у скарбніцы. Гнілое мяса будзе смярдзець, як ні падфарбоўвай яго пад свежае і як ні палівай парфумай. Не павінна быць думкі: “Я харошы, а ўсе астатнія кепскія”. Не павінна быць думкі: “Добра – гэта тое, што мой тата рабіў і я раблю, а што чужы тата – гэта дрэнна”, калі твой тата, скажам, краў з тваёй дапамогаю коні ў бедных людзей, а чужы тата яго спаймаў. Трэба адмежавацца ад гэтай думкі, калі не хочам затлусцець, выклікаць да сябе нянавісць і, урэшце, па заслугах здохнуць пад плотам або згарэць.
15 лістапада. Вечар
У нядзелю вечарам, скончыўшы прагляд “Хрыста”, выпісаў на паперу ўсе помнікі архітэктуры, якія памятаю, і па атласе склаў маршрут паездкі, каб менш выдаткаваць часу. Атрымалася даволі-такі здар-ровая дарога. Вясною паедзем.
Сёння раніцаю ўстаў трохі са спазненнем, папіў кавы, пачаў думаць, і нешта думкі не ў той напрамак пайшлі (лайдак я страшэнны, абы не рабіць таго, што трэба!), і стаў я думаць і распаліўся і зрабіў папярэдні запіс. А пасля сеў і са злосці напісаў чарнавік “Памяці”. Увесь. На машынцы, пэўна, будзе старонак 14. Не ведаю, як атрымалася.
На дварэ холад. Ісці – усё адно нікуды не пойдзеш. З раніцы газу не было, пасля прывезлі балон. Кацёл паліў. Абразаў фотакарткі. Часткова перапісаў “Памяць” на чыставік. Вось і ўсе так званыя падзеі за цэлы дзень. Заўтра пастараюся ўсё перапісаць, скласці рэчы ды паслязаўтра і ехаць. Справы чакаюць. Хутка праляцелі дні.
16 лістапада
Учора вечарам, ужо ў ложку, успомніў радкі і намёткі строфаў верша, які пачаў абдумваць яшчэ мінулым летам у Турэйцы. Успомніў будан, вогнішча, “Ладдзю Роспачы”, якую там правіў, пачуццё шчасця (куды яно цяпер падзелася?!) і крокі бакеншчыка ўначы. Так і назваў дапісаны верш: “Крокі ўначы”.
Сёння за раніцу перапісаў, шліфуючы стыль, “Памяць”, і вось зараз 3 г. дня. Мароз. Жаўтаватая пляма сонца ў хмарах.
Складу рэчы і заўтра, у 10.45, пастараюся выехаць.
Вось дом.

29 студзеня. Рагачоў
74 дні мінула. Амаль два з паловаю месяцы. Метадычнасць запісаў проста здзіўляючая – ну, падзецца няма куды. Даўно перабраліся ў 66-ы год, а я… Але гэта не толькі з дзённікам. Працу запусціў таксама страшэнна, на лісты з самага таго часу амаль не адказваў. 6 адправіў учора, 1 – сёння раніцай. Зараз напісаных ляжыць 9, ды яшчэ адказваць на 39. І лісты ўсё вялікія, важлівыя. Некаторыя з падборкай вершаў, іншыя – на 4 мае, дробна спісаныя старонкі. Добра. Ніхто не дапаможа, разблытваюся сам.
Зноў Рагачоў. Зіма. А тады я ад’язджаў. Пахнула яшчэ, нягледзячы на мароз, восенню, сям-там былі жоўтыя лісцікі. А пасля адлігі былі.
Прыехаў я тады з маці ў Мінск. Адразу праца па хаце, адразу беганіна за грашыма. Адразу, 19-га, сцэнар на студыі чытаць, адразу ідыёцкія заўвагі (пазней суаўтара прапанавалі, і плюнуў я за гэта на іх), адразу сябры і выпівоны. У “Маладосці” палаяўся з Панчанкам за “5966 год”. Яму было нязручна і мне, забраў я рукапіс. Толькі пазней Брыль мне растлумачыў яго становішча, і мы сяк-так паразумеліся.
На тэлебачанне аднёс сцэнар – яны працягнулі месяцы паўтара, і ўжо ў студзені я яго ўзяў і аддаў на дакументальную студыю. Ды й там муць.
Читать дальше