— Вы сур'ёзна?
— Прафесія паліцэйскага мала падыходзіць да жартаў, спадар Неруш!.. Так ці не?
— Сапраўдныя навукоўцы — атэісты да мозгу касцей! Цалкам выключана!
— Што ж, давайце зірнем на целы!
Яны захоўваліся ў адным з тэхнічных боксаў пры тэмпературы, якая не дазваляла пачацца працэсу гніення. Інспектару хапіла ўсяго аднаго погляду для таго, каб зразумець, што станцыйны медык свой хлеб есць недарма.
— Занадта шмат курыце, спадар Неруш! — ад погляду Сарвы не схавалася дрыжанне пальцаў начальніка станцыі.
— Дрэнная звычка — паўтара-два пачкі ў дзень. Цяпер, самі разумееце, больш... Што я? Нават Сім, які ніколі не браў у рот цыгарэты, і той закурыў!
Інспектар унёс новую інфармацыю ў памяць камп'ютара і папрасіў правесці яго на месца злачынства. Ісці давялося ў супрацьлеглы канец станцыі.
Дзверы былі апячатаныя, але Сарва не дазволіў Нерушу сарваць пластыкавую стужку.
— Адну хвіліну, спадар Неруш! Der Teufel steckt im Detail!
— Што, прабачце?
— Д'ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен агледзець замок! — інспектар дастаў са свайго чамаданчыка вялікую лупу і ўзяўся за справу. — Хм... Нехта спрабаваў патрапіць у памяшканне!
— Адразу пасля забойства я загадаў здаць ключы.
— У каго яны меліся? — памылкі не было: замок сапраўды спрабавалі адамкнуць. Прычым рабіў гэта дылетант.
— У дзяжурнага па станцыі, прыбіральшчыка і Сіма, — Неруш зноў закурыў.
Сарва зрабіў некалькі здымкаў замка, пасля чаго апырскаў дзвярное палатно дактыласкапічным спрэем.
— Нічога! — знайсці адбіткі пальцаў не ўдалося. Кім бы ні з'яўляўся злачынец, пра ўласную бяспеку ён паклапаціўся. — Што ж, давядзецца ўсё агледзець!.. Працэс зацягнецца, так што вы, спадар Неруш, можаце вярнуцца да сваіх абавязкаў!
Начальнік станцыі кіўнуў, задыміў цыгарэтай і пайшоў, а інспектар пачаў абследаваць памяшканне. Сарва зусім не ўяўляў, што хоча знайсці.
Гадзіна за гадзінай — ад падлогі да столі.
Моцна стаміўшыся, інспектар апусціўся ў свабоднае крэсла. Аб прычынах забойства заставалася толькі здагадвацца. Позірк Сарвы блукаў па паліцах і сталах да таго часу, пакуль не наткнуўся на цыгарэтны пачак, які ляжаў за адной з камп'ютарных калонак. Штосьці на ўзроўні падсвядомасці прымусіла інспектара адкрыць пачак, выцягнуць адтуль цыгарэту і дакрануцца да яе сілікагелевым алоўкам.
У наступнае імгненне Сарва ўскочыў, ледзь не паваліўшы крэсла.
— Псілацын!
Адна за адной былі прааналізаваны і астатнія цыгарэты. Усе яны змяшчалі ў сабе псіхаактыўнае рэчыва-алкалоід 4-HO-DMT з сямейства трыптамінаў. Атрымаўшы магутны імпульс, мозг інспектара запрацаваў з падвоенай сілай. Псілацын, які атрымлівалі з галюцынагенных грыбоў, уплываў на норадрэналінавыя рэцэптары і выклікаў псіхатропнае атручэнне.
Сарва акуратна зняў з пачка адбіткі пальцаў і праз камунікатар адправіў іх у лабараторыю Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў з пазнакай «Вельмі тэрмінова!»
Час паміж адпраўленнем інфармацыйнага пакета і атрыманнем адказа на запыт інспектар правёў за апытаннем персаналу «Венецыі Берні».
— Сабута, Кавецкі, Неруш і Сім... Калі першых двух можна смела выкрасліць, то начальнік станцыі і яго намеснік... — Сарва скарыстаўся інтэркомам і выклікаў абодвух. — Спадары, я паклікаў вас для таго, каб паведаміць: у справу замяшана трэцяя асоба!
Рэакцыя Неруша і Сіма аказалася аднолькавай — здзіўленне.
— Аповед мой будзе доўгім, так што набярыцеся цярпення. Можаце закурыць!.. А дазвольце мне пачаставаць вас! — інспектар узяў злашчасны пачак са стала і працягнуў яго мужчынам, уважліва назіраючы за іх рэакцыяй.
Начальнік станцыі пацягнуўся да цыгарэт, а намеснік збялеў.
— Курэнне забівае! Асабліва, калі шматкроць перавысіць дозу. Ці не так, спадар Сім?
— Не разумею, пра што вы кажаце!
— Вы ж спецыяльна закурылі, каб мець легальную магчымасць падзяліцца цыгарэтамі са спадаром Нерушам!
— Што за трызненне?
— Вы не ў тым узросце, каб пачынаць курыць праз моду або для таго, каб не выбівацца з калектыву... Сабута і Кавецкі аказаліся выпадковымі ахвярамі. Забіць вы планавалі Неруша!.. Хочаце заняць месца начальніка станцыі?
— Ды вы звар'яцелі, спадар Сарва? Што вы такое кажаце?
— Psilocybe semilanceata — атрутны грыб. Ужыванне можа выклікаць галюцынацыі, наркатычнае трызненне і востры псіхоз з цягай да забойства або самагубства!
— Чортаў сышчык!
Сарва лёгка ўхіліўся ад хука справа і ўдарам у сківіцу збіў намесніка з ног. Астатняе было справай тэхнікі...
Читать дальше