Да знаёмства з Дамбартэрам.ком я не ўяўляў сабе, колькі сілы, фантазіі й волі да самаарганізацыі драмае ў тым, што называецца сярэдняй клясай. У сваёй наіўнасьці я прывык быў лічыць усё сярэдняе пасрэдным, шараговым і шэрым, кажучы па-чэску шэрэдным (нягеглым, брыдкім) — але ж ужо для таго, каб ня ўпасьці ў пралёт сацыяльнай лесьвіцы або папросту дажыць да сярэдняга веку, трэба выявіць немалыя практычныя здольнасьці, нават па-свойму таленты. Уласна, сярэднюю клясу і ўтвараюць збольшага людзі сярэдняга веку, якія ў маладосьці мудра паставілі ўвесь свой час і невялічкі стартавы капітал не на перамогу ці паразу, а на мірную нічыю ў таварыскім матчы між сабою й сьветам, бо зразумелі, што галоўнае тут не перамагчы, а прынамсі не прайграць. Навучыцца такой абачлівасьці й жывучасьці ніколі ня позна — пасьля пэнсіі як знойдзеце.
На першы погляд Дамбартэр.ком — звычайная сацыяльная сетка, дзе людзі табунамі фрэндзяцца й адфрэнджваюцца між сабой праз адсутнасьць іншай забавы, але ўжо на другі разумееш, што ўсіх іх яднае адзін вельмі практычны інтарэс, які ў дадзеным выпадку часткова супадаў з маім: аб’езьдзіць палову сьвету й яшчэ на гэтым зэканоміць, паказаўшы дупу ўсім турыстычным агенцтвам, гатэлям і платным віртуальным пасярэднікам падобных паслуг. Сама прыдумка прывяла мяне ў захапленьне сваёй антыкапіталістычнай скіраванасьцю й немудрагельнасьцю: вы проста выстаўляеце на гэткі дармовы аўкцыён уласную хату і чакаеце, ці не захоча нейкі замежнік пажыць у ёй на той час (тыдзень, два, месяц, паводле працягласьці адпачынку), пакуль вы ў сваю чаргу пажывяце ў ягонай. Вось яна, выгада ўласнага жытла, наяўнасьцю якога так ганарыцца сярэдняя кляса! Гэта ў эканоміцы называецца, здаецца, гранічнай карысьцю: у выпадку хаты яна палягае ў магчымасьці зь яе ўрэшце куды-небудзь зваліць! (Ну і яшчэ спаліць яе з мэтай страхавога падману.) Не, не падумайце, уласнай хаты ў мяне няма, я ўсяго толькі здымаю кватэру — але каму які да гэтага клопат? Толькі майму гаспадару — ну, зь ім мы ўжо неяк дамовімся, ён мужык нармалёвы, раз ужо наагул мяне да сябе пусьціў. Вось калі б я жыў на дармовай службовай кватэры ад канторы, як некаторыя былыя калегі, або ў сацыяльнай маласямейцы, як яшчэ два гады таму, то мне дакладна паказалі б аўкцыён. Адным словам, я адразу ж па-хуткаму прыбраўся, схапіў нядаўна набытую камэру і зладзіў сваёй прасторнай аднапакаёўцы без пакаёўкі фатасэсію, заліў вынікі на Дамбартэр і расьпісаў там усе выгады месца свайго пражываньня й яго ваколіцаў, пасьля чаго стаў чакаць фантану прапановаў па абмене на самы бліжэйшы час — да наступнай працы я цалкам вольны! Пры гэтым, бляха, воляю лёсу жыву ў самой залатой Празе, маці гарадоў, ледзь не ў культурным цэнтры Эўропы! Сардэчна, маўляў, запрашаю!
Мая наіўнасьць ды завышаная самаацэнка і тут мяне не падвялі, падрыхтаваўшы мне чарговы непрыемны сюрпрыз: дні міналі, а ніякага фантану, з россыпу скарбаў якога я мог бы выбраць найбольш адпаведны сабе варыянт, на маім дамбартэраўскім профілі так і ня выбухнула. Заклапочаны, ці ня ўлез я зноў у якую пад’ёбку, наўмысна створаную для такіх як я лахоў, я пачаў сам вывучаць прапановы астатніх і неўзабаве зразумеў прычыну адсутнасьці іхнага імпэту. Прычына была ня ў тым, што мая кватэра паводле ўсясьветных мерак замалая (як я баяўся спачатку), а проста ў тым, што гэта кватэра. Як я мог забыцца, што маю справу не з абы-якой сярэдняй клясай, то бок зь людзьмі па-любому збольшага сямейнымі, а зь сярэдняй клясай эўрапейскай, заходняй і разбэшчанай камфортам, у якой да такой раскошы як сям’я абавязкова прыкладаецца ўласны дом, калі ня два, пажадана з басэйнам і двухпавярховы! Мяняць такую фазэнду ў маляўнічым прыгарадзе на халасьцяцкі бэльэтаж у забруджаным, хай сабе самым гістарычным таўне даўнаў ніхто, вядома, ня будзе.
Закусіўшы вусы, мне давялося, такім чынам, заняцца ўласнымі пошукамі магчымых кандыдатаў на абмен, якія я ад пачатку мусіў абмежаваць на ідэальны вобраз «Самотнага Пэнсіянэра-Рэйнджэра», выжытага дзецьмі з бацькоўскага дому ў паўтарапакаёўку ці нават проста пакой дзе-небудзь на выселках. Такіх на Дамбартэры было небагата, і тым ня менш мне ўдалося адшукаць парачку-другую няўрымсных дзядкоў і бабулек! — толькі для таго, каб пераканацца, што да нас на Ўсход яны неяк ня надта імкнуцца: ці то таму, што за пасьлярэвалюцыйныя гады бальшыня пэнсіянэраў у Празе прынамсі аднойчы ўжо была (і некаторыя зь іх, пабачыўшы яе, на месцы заручыліся з брукам), ці то таму, што Чэхія ня толькі, трасца, ня мае мора, але й замала яшчэ заходняя, каб пэнсіянэры пачувалі сябе тут як дома, і ўжо замала ўсходняя, каб пра яе наведваньне можна было расказаць на тым сьвеце як пра прыгоду. Дый асноўны сэнс Дамбартэра — гэта якраз адсутнасьць усякіх прыгодаў, нечаканасьцяў, кідалаваў, абломаў (ну зусім тое, што мне трэба), пры максымальным захаваньні ўласьцівага сярэдняй клясе хатняга камфорту — то бок магчымасьць зьмяніць усё, не зьмяняючы па сутнасьці нічога. Ужо таму, што гэта гучала як ідэальны рэцэпт на працяг майго (дый, па шчырасьці, любога) жыцьця, я быў гатовы змагацца ў сваіх пошуках да канца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу