Гэта я ўсё да таго, што нелюбімыя маладымі людзьмі ўцекачы з Поўдня маюць прынамсі нейкую, і досыць сур’ёзную, мэту вандроўкі — а вось у іхным уласным гіпстэрскім бадзяньні па Эўропе я штось такой мэты не заўважаю. Таму мне й здаецца, што ўва ўцекачоў з Поўдня ёсьць нейкая, хай ня зорная, будучыня, а ў маіх спадарожных эўратулягаў, нягледзячы на ўсе іхныя бліскучыя задаткі — няма, для іх ёсьць толькі сучаснасьць, якую яны ледзь пасьпяваюць спажываць з максымальнай выгадай для сябе: так ужо з гэтым сьпяшаюцца, што неператраўленая сучаснасьць папросту лезе з усіх іхных адтулінаў адначасова. Але пытаньне густу.
Адшываючы аднаго за адным таксістаў, дакурваю (якое слова!) другую цыгарэту, — і акурат тады, калі замест лёсу маладой пары пачынаю пераймацца пытаньнем, ці дазволена тут уласна курыць, каля самых маіх, можна сказаць, ног, быццам я самае меншае кіназорка (вось яна, выгада Балбатрансу!) рэзка затарможвае не кадылак і не лімузін, а срэбная «шкода супэрб», чый кіроўца тут жа выпускае з начовак акенца шэрую вадкасьць шкла й вынырвае з глыбіняў салёну:
— Сэрвус! На Мангайм? Паехалі!
Амаль бяз словаў падпарадкоўваюся ягонаму загаду, закідваючы свой заплечнік адразу ў салён — прымушаць кіроўцу ўставаць з-за руля й адчыняць багажнік дзеля такой сьмешнай вагі было б непрыстойна. Гэтым разам, выглядае, спадарожнікаў у мяне ня будзе: немцы хаця й прыдумалі Балбатранс, але самі, здаецца, аддаюць перавагу традыцыйным відам транспарту. То бок адмаўчацца мне ўжо ня ўдасца.
11.
І ўсё-ткі сапраўды, зь якой ласкі, калі не лічыць Дамбартэру, я еду менавіта ў Галяндыю? Не, я зусім ня думаю, што кагосьці насамрэч цікавіць адказ на гэтае пытаньне — лічыце, што я проста шпіён, якому ніколі не зашкодзіць лішні раз паўтарыць сваю асабістую «легенду». На жаль, яна досыць доўгая, таму пачаць будзе лепей ужо зараз — аднекуль з дагістарычных часоў, калі мне было ажно на дваццаць гадоў меней, чым сёньня.
Гэтых самых дваццаць гадоў таму над усёй зямной куляй панавала цемра мінулага тысячагодзьдзя, дадаткова азмрочанага бясконцымі войнамі, эпідэміямі, кампутарным і сэксуальным невуцтвам. Інтэрнэтам карысталіся ў асноўным толькі ў Пэнтагоне, мабільнымі тэлефонамі толькі ў кіно, а Мазафакербэрг наагул яшчэ хадзіў у школу. Ніводны дрон не ахоўваў мірны сон нейкіх там няшчасных пяці мільярдаў насельніцтва. Ані Вікіпэдыя, ані Цвынтар да часу не азаралі сваім зіхценьнем людзкія душы. Тыя, хто хацеў даведацца праўды, вымушаныя былі сьляпіць вочы пры начных лямпадах над папяровымі кнігамі, у дадатак псуючы страўнікі неэкалягічнымі бутэрбродамі. Замест таго, каб спакойна зарабляць грошы ў сеціве ці на біржы, людзі мусілі хадзіць на працу. Узяць іпатэку было далёка ня так проста, як пазьней. Ні прагрэсіўны Іран, ні ціхмяная Паўночная Карэя яшчэ ня мелі атамнай зброі.
У Нью-Ёрку стаялі «блізьняты», у Багдадзе сядзеў Садам, у Трыпалі ўзьлягаў Кадафі, а ў Вашынгтоне хлус Клінтан пад працоўным сталом цішком даваў у рот беднай Моніцы. Ісламская дзяржава яшчэ была не абвясьціла заранкі новага сьвету. Крыважэрны Мілошавіч бамбіў Югаславію. Крым пакутаваў пад абцасам украінскага бота, а вызвольныя расейскія войскі сьціпла туліліся на базе ў Севастопалі й толькі пэрыядычна выяжджалі трэніравацца ў Чачню. Малады асілак Пуцін яшчэ толькі станавіўся на ўласныя ногі ў чарзе па ін’екцыю ботакса. Лэдзі Гага яшчэ была ня выдала ніводнага альбому, таму мэляманы былі вымушаныя задавольвацца ўсякімі Бьёркамі й Пі Джэй Гарвэямі. Сам Курт Кабэйн застрэліўся, ня вытрымаўшы ціску той жудаснай эпохі, чым асіраціў заўчасна цэлае пакаленьне — але гэта было, нагадаю, дзесьці ў ЗША.
Што да такой адсталай часткі плянэты як Эўразьвяз, то там наагул панаваў суцэльны кашмар, разлад і карупцыя. Лісабонская хартыя вольнасьцяў не была яшчэ ні напісанай, ні падпісанай, ні ратыфікаванай — ня кажучы пра дамову ТТІР. Атамныя электрастанцыі ўзвышаліся па-над краявідам, як непрыступныя замкі злыдняў-фэадалаў. Эўропа задыхалася ад смогу, тытунёвага й канаплянага дыму. Выкліканыя гэтымі выпарэньнямі галюцынацыі спараджалі ў мазгох эўрапейцаў небясьпечныя ілюзіі пра эканамічную супрацу, бесканфліктнае суіснаваньне, пашырэньне ўласнай дэмакратычнай гегемоніі й лебэнсраўму на ўсход — адначасова зьнішчаючы іхныя шэрыя клеткі разам зь некаторай вельмі цэннай інфармацыяй: гэтак, прыкладам, па ўкурцы яны на нейкі час зусім забыліся пра існаваньне Расеі! У дадатак да ўсяго, з асобных краінаў-нягодніц — такіх, як таталітарная Беларусь — можна было ўварвацца ў Эўропу калі-заўгодна, прычым без усякай турыстычнай візы ці карты паляка. Гэтым карысталіся такія небясьпечныя прайдзісьветы як я, каб зваліць за мяжу й паразітаваць на карку ўсебакова недаразьвітага заходняга грамадзтва, паглыбляючы й бязь мяне ўжо невыносны крызіс.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу