Суседзі дакладна ведалі, хто што і калі сьвяткуе. Каталік Жахоўскі мог прынесьці на свой Вялікдзень праваслаўнаму Марозу на пачастунак кавалак свайго “сьвянцонага” пірага, а невядома якога вызнаньня Фрыдрых ня грэбаваў пачаставацца мацой ад Шмэркі Шаньдзялоўскага. На вялікае суседава сьвята стараліся не рабіць надта шумную працу, стукаць, грукаць, распачынаць вялікае мыцьцё, разьвешваць сушыць бялізну, паліць дымныя кастры. Наша маці была ня надта набожная, але нам заўсёды казала, каб менш бегалі “на сяло” (туды, дзе звычайна зьбіралася моладзь і дзеці проста бавіць час), калі звычайна гасьцінныя гаспадары, што мелі вялікую хату, трымалі пост. Вось ад маці і пачуў я прымаўку: “І на чужы Сьвяты не кідай у ніты”.
Калі хто-небудзь з праваслаўных, каталікоў ці яўрэяў ў “свой” пост весела бавіў час, тутэшыя без асаблівага зьдзеку маглі заўважыць, што ён “яшчэ спраўляе нямецкую масьленіцу” (на нямецкіх карнавалах гудзе ўся ваколіца). Да напісаньня гэтых нататкаў я не задумваўся, адкуль мае землякі, што жылі кіламэтраў за 30 ад Полацку, ведалі нешта пра карнавал у якім-небудзь нямецкім Кёльне. Калі ж узгадаю, што акрамя праваслаўных Марозаў, Любчыкаў, Рэўтаў, каталікоў Жахоўскіх, Шпілецкіх, Барманскіх, Садоўскіх, яўрэяў Шэндэльсаў, Шандзялоўскіх, Бахарэвічаў у нашай Будзькаўшчыне і навакольных хутарах жылі Адольф Падзява, Карл Бруквін, Якаў Фрыдрых (родны брат маёй маці), Альфрэд Шнітка, то ўсё як бы становіцца на свае месцы. Мая маці мела дзявоцкае прозьвішча Фрыдрых, бацька быў Садоўскі. Пасьля вайны афіцыйна у калгасных ведамасьцях , на адрасах у лістах усё прозьвішчы пісаліся па-расейску, але паміж сабой усе нетутэйшыя імёны перарабляліся на мясцовы лад: Адоля, Карла (дзяцей клікалі латышонкамі), Якуб, Фрэдзька ... Фрыдрых станавіўся Фыдрыкам. Бацькава імя Вінцэнт часьцей ужывалі ў форме Вінка. У калгасных сьпісах ён быў Викентий.
Больш за ўсё мяне ўражвае, што ўсе буцькаўцы – у тым ліку і зь “нянаськімі” прозьвішчамі – размаўлялі чысьцюсенька на нашай гаворцы, пэўна на 99 адсоткаў такой, як, напрыклад, у Рыгора Барадуліна. Да Вушачы ад нас напрасткі кіламэтраў 15. Дзьве маладзіцы з аддаленых вёсак, што выйшлі замуж за нашых хлопцаў, некаторыя рэчы называлі па-свойму: наш “шчыток” у “тэй хаце” (вялікі чысты пакой) называлі грубка, нашы запалкі (ці ісьпічкі) называлі сярнічкі, наш лыжны “падгоп” – “прыганка”. Упэўнены, што цяпер яго ўжо завуць “трамплін”, як у тэлевізары.
Нашых карэнных тутэйшых ад прышлых расейцаў ( у асноўным прысланых па так званай “пад’ёмнай вярбоўцы” з расійскай правінцыі), што атабарыліся каля ваеннага гарадка за рэчкай, можна было адрозьніць па тым, як яны хадзілі ў туалет. Пасьля вайны на нашым баку, супрацьлеглым “зарачанскаму”, захавалася толькі некалькі хат, у якіх стаялі самі немцы. Большасьць была спалена. Але праз год-два каля сякіх-такіх жылых будынкаў павырасталі ў канцы гародаў невялічкія лазьні і туалеты-шпакоўні. У зарачанаў было заведзена хадзіць “за хлеў” ці “за хату”. Нашы людзі гэта бачылі, але нічога не гаварылі. Саромеліся за суседзяў. Наша суседка Мікіціха казала: ”Што пра г. гаварыць!”.
Поўнае даўнае пагружэньне Фрыдрыхаў, Бруквінаў, Падзяваў ды Шніткаў зь йіншага этнасу ў беларускі моўны сьвет -- для мяне асабіста вельмі выразнае сьведчаньне стану культурна-энтрапалягічных і сацыяльна-палітычных працэсаў, што працякалі ў нашым краі падчас Полацкага княства, дамоваў з Ганзай ды Гоцкім берагам, ВКЛ, вялікіх маскоўскіх руінаў, шведзкіх ды напалевонаўскіх прыходаў. Гаворачы пра “даўны час” маглі сказаць: “Даўней, яшчэ за Сьвятым Баболем ...”. “ Даўней” не ўспрымалася як параўнальная ступень прыслоўя. Яно значыла: у той час, пра які ўжо мала хто помніць: “Даўней пастуха паважалі. Пастухі былі толькі мужчыны. Штовясны кожная гаспадыня бегла яму загадзіць: то ў торбу пару яек пакладзе, то добрую гамулку хлеба, то сала, каб ейную рагулю добра глядзеў.”
Шукаючы бадзёрыя мэтафары
Назіраючы за тым, як за апошнія гадоў 20, калі дзяржаўная культурная палітыка застаецца скіраванай на русіфікацыю, нашы журналісты , пісьменьнікі, публічныя асобы, што карыстаюцца беларускай мовай, усё часьцей бяруць напракат мэтафары. крылатыя выразы, прымаўкі, параўнаньні – увесь асацыятыўны сьвет – з расейскай мовы, я паспрабаваў скласьці для сябе нешта накшталт параўнальнага сьпісу расейска-беларускіх асацыяцый. Пра гэта я ўжо пісаў неаднойчы ў нататках, прысьвечаных культуры маўленьня ды беларускаму культурна-антрапалягічнаму “коду”. Частку зь іх можна лёгка знайсьці ў маім ЖЖ (sadouski.livejournal.com) за мінулыя гады.
Читать дальше