У купцы карнікаў, што стаялі непадалёку ад шыбеніцы, адзін загаварыў па-нямецку, другі стаў перакладаць:
— Германскі ўлада даў гэты... гэты чортаф Манья аўсвайс, каб сумленна працаваць на новы пар’ядак. Усьіх, каторы будзье нам шкодзіць, спасцігне такой кар’я. — Яны абодва, адзін за адным, павярнуліся, паказалі рукамі на шыбеніцу. I міласціва дадалі: — Усьё, можаце разыходзіцца...
На другі дзень гітлераўцы дазволілі пахаваць павешаных. На кладаўі Вольга з малым Цярэшкам на руках стаяла ззаду натоўпу, каб дзіця, якое нічога не разумела, не пабачыла маці і дзеда ў дамавінах.
Уначы Вольга пачула ціхі стук у шыбу. Адхінула ражок фіранкі i пазнала Цярэшку.
Ступіўшы цераз парог, Цярэшка хрыплым, перадаўленым голасам спытаў:
— Дзе сын?
Дзіця ціхамірна спала на ложку, раскінуўшы выцягнутыя з-пад пасцілкі рукі. Цярэшка далікатна крануўся дрыжачымі пальцамі яго цёплай далонькі. Хвіліну стаяў як скамянелы. Потым адышоў да акна, абхапіў рукамі галаву. Прастагнаў:
— Я вінаваты. — I несуцешна каючыся, усё паўтараў: — Я, я, я...
Вольга ўсхліпнула:
— Ён жа ўсё пытае ў мяне, дзе мама. Жаласна так пазірае пільнымі вочачкамі, быццам здагадваецца праўсё, і — дзе мама, дзе мама?.. «Заўтра, дзіцятачка, прыйдзе, кажу, мама твая». А ў самой душа заходзіцца... Вой-вой, як жа ёй страшна было — нажом сабе ў сэрца! Дык жа яшчэ страшней было — каб жывой не схапілі...
Цярэшка асцярожна ўзяў яе за плечы:
— Ты ўжо, Вольгачка, паглядзі малога, пакуль што.
— А як жа, не сумнявайся, Цярэшачка, што маім будзе, тое i яму.
Ён парывіста паднёс яе руку да вуснаў, моцна пацалаваў. Яшчэ хвіліну паглядзеў на сына і пайшоў у цёмную, нямую трывожную ноч.
Праз месяц Вольга дачулася, што Цярэшка загінуў. Пасля смерці Мані ён стаў як утрапёны. У кожным баі, у кожнай сутычцы з немцамі ці паліцаямі люта кідаўся ў самае пекла. Вераснёўскай ноччу яго падрыўная трупа ўзарвала поезд, які вёз гітлераўцам на фронт баявую тэхніку. Стомленыя партызаны вярталіся ў лагер. Ужо не дужа далёка было да лагера, калі іх на аўтамашынах і матацыклах дагналі карнікі. Сталі акружаць. Цярэшка загадаў сваім таварышам адыходзіць у глыб лесу, а сам застаўся прыкрываць іх. Адстрэльваўся з аўтамата, пакуль не апусцелі дыскі. Тады размахнуўся гранатай, ды кулі прашылі яму грудзі. Яго, ужо мёртвага, фашысты ўсяго скалолі штыкамі.
У той дзень, калі Вольга даведалася пра гібель Цярэшкі, да яе прыехала на лядашчым каньку старая Маніна цётка з Вербавіч.
— Забяру хлапчука, маладзічка, — прагаварыла яна, глытаючы слёзы і выціраючы вочы ражком хусткі. — Табе сваіх жаўтаротых карміць трэба, а я адна, выгадую крывінку...
У канцы вайны яна памерла, і малога Цярэшку аддалі ў дзіцячы дом.
***
Млеў надвячорак гарачага жнівеньскага дня. На лавачцы каля падворка ў цяньку сядзела старая жанчына. Каля яе весела забаўляўся са сваім «грузавіком» шустры хлапчук. Бойка тараторыў, задаючы бабулі розныя свае дзіцячыя пытанні, на якія яна ледзь паспявала адказваць. Над галавой у яго пырхаў чырвона-жоўты матылёк. То апускаўся, то ўзлятаў угору. 3 падваротні, як клубочак, выкульнуўся рабы шчанюк, стаў лашчыцца каля малога. Хлапчук лёгенька гулліва тузануў яго за адвіслае вуха і радасна засмяяўся.
Да бабулі з унукам падышоў высокі, сярэдніх гадоў мужчына ў форме чыгуначніка, з чорным бліскучым чамаданчыкам-«дыпламатам». Прывітаўся. Хлапчук паглядзеў на яго, перавёў позірк на «дыпламат», і цёмныя вочкі-жучкі засвяціліся дзіцячай зайздрасцю. Мужчына ўсміхнуўся:
— Добры дзень табе, малец. — Падаў малому руку. Той выцер аб штонікі замурзаныя ў пясок пальцы, размахнуўся і ляпнуў па шырокай далоні.
— Чамаданчык мой спадабаўся табе? Ну, зараз мы там нешта пашукаем. — Чыгуначнік шчоўкнуў бліскучымі замкамі і працягнуў хлапчуку кулёк з цукеркамі,— Як цябе завуць?
— Цялэшка.
— Ого, дык мы з табою цёзкі! Вось што, цёзка, ты памый спачатку рукі, потым возьмется за цукеркі. Добра?
— Добла, — кіўнуў галавой хлапчук. Забыўшыся на сваю машыну, прыпусціўся ў двор.
— Там у тазіку каля ганка чыстая вадзічка! — гукнула яму наўздагон старая і растлумачыла чыгуначніку: — Такі ўжо акуратыст, налею яму вады, ён, перад тым як ісці ў хату, паплёскаецца, ручаняты абпаласне i давольны: «Во, бабуля, памыў!»
— Імя рэдкае па цяперашнім часе ў вашага ўнука, —заўважыў чыгуначнік.
— Гэта не ўнук, а праўнук. — На твар старой лёг цень якогасьці неспадзяванага роздуму. — Ага, рэдкае... Калісьці ў нашай сям’і жыў хлапчук-сірата Цярэшка. Дачка мая малая была, а запомніла яго. Сваіх ужо дзяцей у яе чацвёра, ды ўсе дзеўкі. А калі яе старэйшая нарадзіла хлопчыка, во гэтага падшыванца, яна папрасіла дачку і зяця: «Цярэшкам назавіце». Не хацелі спачатку, пакуль не расказала чаму. Тады зяць і кажа: «Толькі Цярэшкам».
Читать дальше