Два гады мы з Андрэем Ягоравічам вучыліся ў партыйнай школе, два гады, дзень у дзень, вядома, акрамя выхадных і канікул, сустракаліся за партамі, слухалі адных і тых жа выкладчыкаў. Я сядзеў з Іванам Цімашэнкам за другой партай, Андрэй Ягоравіч ззаду, за трэцяй,— з Іванам Вераб'ёвым. Вучыўся Макаёнак паспяхова, пацеў, як і другія, а можа быць, нават і больш другіх, таму што калі ён адказваў на ўроках ці экзаменах, выступаў на семінарах, дык заўсёды гаварыў тэмпераментна, яго смуглаваты твар разрумяньваўся, пакрываўся буйнымі кроплямі поту. Мне здаецца, што менавіта ў гэтыя гады, гады вучобы ў партыйнай школе, ён ужо намеціў свой далейшы творчы шлях — шлях драматурга. Праўда, нам, сябрам, ён аб гэтым нічога не гаварыў. Але мы ведалі, што над невялікімі сатырычнымі творамі ён працаваў ужо. Адну з такіх п'ес, «Быць бычку на вяровачцы», мы нават збіраліся паставіць на школьнай сцэне сіламі сваёй групы.
Андрэй Ягоравіч іншы раз так захапляўся сваімі літаратурнымі вобразамі, што часам забываўся, дзе ён знаходзіцца. Hi з таго ні з сяго раптам сярод урока ён мог узарвацца такім гамерычным рогатам (Макаёнак заўсёды рагатаў гучна), што ставіў у няёмкае становішча выкладчыка, а заадно i самога сябе. Пасля такога непрадбачанага «ўзрыву» Макаёнак чырванеў, прасіў прабачэння ў выкладчыка і ўсёй групы. Але іншы раз гэтыя прабачэнні не вычэрпвалі канфлікту. У нашай групе рускую мову і літаратуру выкладала незамужняя жанчына (не буду называць яе прозвішча), якая, як гаворыцца, засядзелася ў дзеўках. Яна была цікавая асоба i па тым часе апраналася з густам. Адчувалася, што камусьці з нас, таксама халасцякоў са стажам, яна хацела спадабацца. А Андрэй вазьмі ды і «ўзарвіся» двойчы запар на адным тыдні на яе ўроках, як ён потым казаў, «сваім дурацкім рогатам». Першы раз выкладчыца, нервовая па сваёй натуры, аж падскочыла з крэсла, пачырванела, прымусіла Андрэя ўстаць i тут жа за няправільныя паводзіны прабрала. Другі ж раз, рашыўшы, што Макаёнак смяецца менавіта з яе, яна, не скончыўшы ўрок, грукнула дзвярыма і пабегла ў выкладчыцкі пакой. А на наступны дзень не Андрэя, а мяне, як старасту групы, выклікаў да сябе дырэктар школы. Я, вядома, здагадаўся, дзеля чаго мяне выклікае начальства, і, безумоўна, хваляваўся, перажываў. I не столькі за сябе, колькі за Андрэя. Адчувалася, што размова будзе аб учарашнім выпадку. Яно так і здарылася. Калі я зайшоў у кабінет, Ілья Паўлавіч не сядзеў у сваім дырэктарскім крэсле, як звычайна, а расходжваў па кабінеце. «Наганяе злосць»,— падумаў я. Ён пасадзіў мяне ў крэсла, што стаяла каля масіўнага пісьмовага стала, а сам апусціўся ў такое ж крэсла насураць. Гледзячы на мяне сваім праніклівым поглядам, ён павольна, робячы паўзу амаль. пасля кожнага слова, запытаў:
— Таварыш Дзялец, вы хто: стараста ці не стараста ў сваёй групе?
— Стараста,— не вытрымліваючы яго погляду і апускаючы галаву, адказаў я.
— Дык чаму ж у вас урокі зрываюцца? Гэта ў лепшай групе школы!
— Група тут не вінавата.
— А хто ж? 3 выкладчыка пасмешышча робяць, i група не вінавата?! Здорава атрымліваецца!
Ён забарабаніў пальцамі правай рукі па стале і раптам спытаў:
— Што сабе думае гэты ваш Макаёнак?
Я крыху асмялеў, рашыў вылажыць усё начыстату. Прызнаўшы, што факт сам па сабе кепскі i што група яго не адабрае, я ў той жа час падкрэсліў, што i Макаёнка нельга так безапеляцыйна абвінавачваць. У яго гэта здараецца міжволі, ён i сам асуджае свой учынак. Але што вылецела, таго ўжо не зловіш.
— Дык што, ён гэта ненаўмысна робіць? — перапытаў Ілья Паўлавіч.— Выкладчыца сцвярджае, што смяецца Макаёнак менавіта з яе.
— Ну што вы, Ілья Паўлавіч,— працягваў я,— з ім адзін такі выпадак быў нават на агульным сходзе групы. Абмяркоўвалі мы вынікі вучэбнай чвэрці. Я выступаю з дакладам. Раптам ён як зарагоча, як закрычыць: «Бабанькі, бабанькі, крапівой яго!» Толькі калі зарагатала ўся група, Макаёнак апамятаўся, зразумеў, дзе ён, і, вядома, пачаў прасіць прабачэнкя.
— Выходзіць, ён ярка выражаны халерык,— сказаў Ілья Паўлавіч.
Я, прызнацца, тады яшчэ не ведаў, што такое халерык, і, каб не пытацца ў дырэктара аб гэтым, адказаў няпэўна:
— Штосьці ў гэтым родзе.
Ілья Паўлавіч хітравата ўсміхнуўся, падняўся з крэсла, прайшоўся па кабінеце.
— Сітуацыя, скажу, лепш не прыдумаеш,— разважаў ён, нібыта сам з сабой.— У групе зрываюцца заняткі, а вінаватых, выходзіць, няма. Адзін міжволі за'рагатаў, а другі без прычыны збег з урока...
— Ілья Паўлавіч,— перапыніў я яго,— вы ж таксама іншы раз на лекцыі, дзеля разрадкі, расказваеце забаўныя выпадкі. Хіба яна не магла выкарыстаць выхадку Макаёнка для разрадкі?
Читать дальше