Вось рыцар узнёс для чарговага ўдару сякеру над галавой, i я, умомант выпусціўшы з рук меч, шпурнуў ад паса нож — проста ў шчыліну, што адкрылася паміж шаломам і нагруднікам. ІІІчыліна з'явілася толькі на кароткую хвілю — пакуль доўжыўся замах,— але я паспеў: перш, чым сякера пайшла ўніз, дзяржальна нажа ўжо тырчала з-пад ніжняга края шалома. Сякера вырвалася з кутых рукавак i на злёце, выбіваючы іскры ды крошыва, ударыла ў камень падлогі ўсяго за паўкрока ад мяне. Побач з ёй, звонка бразнуўшы напаследак даспехам, зваліўся ў непрытомнасці смерці мой супар. Я зняў свой шалом, сцягнуў з галавы лямцавы падшаломнік i выцер спатнелы лоб: гэты супар змусіў-такі мяне паскакаць. Адпачыўшы хвілю, я пачаў адшпільваць на мёртвым рыцары раменьчыкі панцыра — цяперака мне ягоны рыштунак, без сумневу, будзе больш прыдатны, чым яму. Як, зрэшты, і чароўны сыгнет-ключ, які я знайшоў пад даспехамі. Потым узяў у рукі i Меч. Чамусьці ён мне ўяўляўся іншым — больш доўгім, больш вузкім, з бліскучым лязом ды светлай асадкай. Пэўна, ягоная назва — Маладзіковы Прамень — навеяла падобныя ўяўленні. Бо на самой справе ён быў сярэдняе даўжыні і досыць шырокі, з лязом нязвыклай дзіўнаватай формы, выкананым з чарнёнае сталі. Мусіць, так і павінен выглядаць меч, выкуты старажытным народам у пракаветныя часы. Я ўзважыў зброю на руцэ — яна была вельмі цяжкая, быццам чароўныя ўласцівасці дадавалі клінзе чыста фізічнай вагі. Я вярнуў Меч у похвы і павесіў за спіну — каб менш замінаў пры хадзе ды ў бойцы.
Новаздабытыя даспехі пасавалі мне ў самы раз, і я, трэба прызнаць, быў ад іх у захапленні. Лёгкія, але трывушчыя (як паказваў досвед колішняй бітвы), яны не перашкаджалі рухам і сядзелі, як ўлітыя, прычым амаль не бразгацелі пры хадзе. А адзнака княскае гвардыі на плашчы магла мне дапамагчы выбрацца з замка.
Перахаваўшы целы мёртвых ворагаў па-за мэбляй ды куртынамі ў розных пакоях, я пачаў шукаць выйсця навонкі. Тут было некалькі магчымасцяў. Найпрасцейшы, але, разам з тым, найрызыкоўнейшы крок — убегчы ў пасадную залу, удаючы пасланага па Меч рыцара, і падняць гвалт, што ў замак пранік чужынец. Ахова скіруецца ў Залу Чараў, а я скарыстаю бязладдзем і, выбраўшы момант, прабяруся да брамы. Аднак, па-першае, мяне можа выдаць мой чужаземны акцэнт; па-другое, няма пэўнасці, ці не загадае Гатард у такім разе перадаць Маладзіковы Прамень пад узмоцненую ахову, з якой я ў часе патрэбы не змагу даць сабе рады. Другі шлях, І, здаецца, самы бяспечны, — пашукаць выйсце ў процілеглым напрамку: сярод бочных адводаў ці праз перасячэнні з іншымі галерэямі. Але існуе небяспека нікуды не трапіць і змарнаваць перавагу нечаканасці, якую я пакуль маю, у дарэмных блуканнях па нязнаных калідорах ды пераходах. I, урэшце, трэцяя магчымасць: цалкам верагодна, што ад Залы Чараў да брамы вядзе яшчэ якінебудзь праход. Але калі яго няма, я магу апынуцца замкнёным у пастцы.
Памылка была б аплачаная цаною, вышэйшай за маё жыццё, i таму я усё ж вырашыў ахвяраваць трохі часу, каб праверыць, што адбываецца ў галоўнай зале. Я падняў з падлогі і павесіў за спіну Маладзіковы Прамень, ухапіў рыцараву двухлёзавую сякеру і скіраваўся да ўжо знаёмых мне дзвярэй у канцы калідора. Ды толькі пацягнуў за мосяжную дзвярную ручку, разьбяную, у выглядзе ашчэранай ваўчынай пашчы, ды прыпаў вокам да шчыліны паміж створкамі, як раптам — быццам зніадкуль — зляцела на мяне зграйка кажаноў. Збіўшыся вакол маёй галавы ў суцэльнае чорна-брунатнае воблака, яны брыдка вішчалі, білі крыламі па шаломе, намагаліся пралезці пад прылбіцу. Пераканаўшыся, што мяне не выдрапаць з-пад металу даспехаў, малыя драпежнікі звіліся ў чародку і прасачыліся праз прыадчыненыя дзверы ў залу. Адтуль да маіх вушэй даляцеў вокліч мага Даронта:
— Зірні, княжа! Мае кажаны знайшлі чужынца!
VIII
Не трэба казаць, што я рынуў як найхутчэй назад па калідоры — балазе, чорныя даспехі не надта перашкаджалі ў бегу. Ледзь паспеў я завярнуць за рог, кінуўшы апошні пагляд на ўваход у залу, як з таго боку данёсся грукат разнасцежваных дзвярэй — i а ад каменных сцен адбіўся тупат шматлікіх ног ды звяганне металу.
Такім чынам, пытанне вырашылася само сабой: калі б я захацеў удаваць з сябе чорнага рыцара, дык кажаны мяне выдалі б, а ўцякаць, блукаючы, ад пагоні па галерэях, якія ворагі ведаюць непараўнальна лепей за мяне, азначала тое ж, што самому здацца ім у рукі. Цяпер заставаўся толькі адзін шлях — праз таемны ход да скарбніцы: Гатард наўрад здагадаецца, што я ведаю сакрэт рухомай сцяны, таму ў гэтым лёху мяне будуць шукаць у апошнюю чаргу. Я падумаў, што, быць можа, гэта багі пры дапамозе Даронтавых кажаноў накіравалі мяне слушнай дарогай, каб я не ўчыніў пагібельнага кроку.
Читать дальше