Гэтае ператварэнне, якое адкрыла для мяне доступ за замкавыя муры, мела, аднак, і адмоўны бок: адно толькі абярэг зменшыўся разам са мною; уся ж вопратка і зброя засталіся звычайных памераў. Значыць, у замку, вярнуўшыся ў сваё прыроднае аблічча, я застануся нават без нажа! Балохтаючыся, я так-сяк выкараскаўся з-пад апалай на мяне кальчугі, выпаўз наверх, узмахнуў плеўчатымі рукамі-крыламі — і паляцеў. Трохі няўклюдна соўваючыся ў паветры, я зрабіў колькі спробных колаў над глыжаком, што яшчэ нядаўна хаваў мяне, і пакіраваў у бок замка.
V
Мае спадзяванні спраўдзіліся, і ніякіх перашкодаў (калі не лічыць майго няўмелага лётання ды яшчэ ветру, што ўвесь час зносіў мяне ўбок), я не напаткаў. Адно толькі перад самымі мурамі мяне паспрабавала заатакаваць чародка кажаноў, што зляцела з вежы; аднак мне ўдалося нырцануць у чорную шчыліну найбліжэйшае бойніцы, і я ад іх адарваўся.
Пераходы ў замку былі цёмнымі, пакручастымі і бязлюднымі. Я досыць доўга лётаў па іх, блукаючы сярод галерэй са шматлікімі адгалінаваннямі, сходамі ды бакавымі пакоямі, аж пакуль не трапіў у шырокі, асветлены паходнямі калідор, дзе, як і паўсюль, нікога не было. Калідор заканчваўся шчыльна зачыненымі двухстворкавымі дзвярыма, з-за якіх быў чуцён шматгалосы гоман. Я асцярожна зляцеў з-пад скляпення наверх створкі і прыпаў вокам да шчыліны над дзвярыма.
Калі мае вочы пасля цьмяна-міргатлівага святла паходняў звыкліся з зыркім ззяннем лампад і жырандоляў за дзвярыма, я ўбачыў велізарную, напоўненую людзьмі залю. Большасць з прысутных былі ў чорных даспехах і з мячом пры пасе, хоць, разам з тым, у дарагіх раскошных плашчах ды без шаломаў. Я падумаў, што, мусіць, аднак, нешта рыхтуецца, бо ніхто ж не прыходзіць на свецкія ўрачыстасці ў „жалеззі". Былі, аднак, там і дамы ў шытых золатам ды срэбрам сукнях, нярэдка таксама чорных; былі яшчэ пару асобаў у пурпуровых мантыях, якіх я вызначыў для сябе як Гатардавых чараўнікоў.
Людзі праходжваліся па зале, збіраліся ў купкі, гучна размаўлялі і смяяліся. Гэтая грамада, бадай, не надта б рознілася ад кожнае іншай, сабранай у звычайным замку, каб не такое панаванне цемнаколерных шатаў ды каб не жорсткія выразы твараў і хіжыя позіркі вачэй. Здавалася, што нейкія чарнапёрыя драпежныя птушкі кружляюць навокала ў пошуках здабычы.
Проста насупраць маёй хованкі знаходзіўся парадны ўваход; важкія залочаныя дзверы былі разнасцежаныя; за імі віднеліся мармуровыя сходы, па якіх таксама спускаліся або ўзыходзілі рыцары і дамы. Пры дзвярах ад боку сходаў стаялі алебарднікі ў панцырах і маршалак з вітым жазлом ды ў срэбнага шытва ліберыі. У іншых канцах залы было бачна яшчэ колькі зачыненых дзвярэй, якія, мусіць, падобна да тых, за каторымі стаіўся я, вялі ў бочныя галерэі. Я разглядаў іх і намагаўся адгадаць, куды далей мне трэба скіравацца. Бо ў такім аграмадным замку меч можна шукаць не адну ноч — і ўсё роўна не знайсці.
Раптоўна гоман і смех сцішыліся. Я зірнуў на парадныя дзверы і зразумеў прычыну: аточаны дужымі ахоўнікамі, на парозе з'явіўся высокі хударлявы мужчына ў чорным аксамітным строі. Ягоная пастава выдавала чалавека ўладарнага; вочы глядзелі жорстка і пранізліва, а вусны змяіліся ў пагардліва-пыхлівай усмешцы. Маршалак ударыў у падлогу жазлом і абвясціў прыход гаспадара замка Чорнага Князя Гатарда. Прысутныя схіліліся ў паклоне.
Князь прайшоў да свайго пасаду, які, на шчасце для мяне, месціўся на процілеглым ад уваходу канцы залы — то бок, непадалёк ад маіх дзвярэй. На шчасце — бо, напружыўшы слых, я мог пачуць, пра што казалі пры пасадзе, а Гатард якраз падклікаў да сябе пахілага сівога чараўніка, што выглядаў найстарэйшым з усіх прысутных.
— Дык што, Даронце, ці не час пачынаць?
— О, не, вяльможны князю! Утаймуй сваю нецярплівасць, — спакойна адказаў маг, — яшчэ зарана. I ці падвоіў ты, як я прасіў, варту? Бо маю сёння нядобрыя прадчуванні. Дый мае кажаны нешта занепакоеныя — ці не прабраўся ў замак чужынец, пра якога папярэджвалі вешчыя руны?
— Але гэта немагчыма! — рэзка запярэчыў Гатард. — У мой замак хіба толькі казюрка зможа прапаўзці незаўважанай!
— ІІІто ж, ён мог перавярнуцца і казюркай, — разважліва адзначыў вяшчун.
— Тады знайдзі яго! Ты ж — маг, дык мусіш ведаць усё! — ледзь не закрычаў на яго князь.
— Не, — пахітаў галавою стары. — Я не бачу яго. Мажліва, ён карыстаецца нейкім моцным чараваннем або абярэгам, які хавае яго ад майго таемнага пагляду. Лепей пашлі кнехтаў агледзець замак — ці не заўважаць яны нечага незвычайнага.
Читать дальше