Але справа яшчэ не была скончаная. Прыцягнутыя шумам падзення цела, сутаварышы маёй ахвяры, судзячы па хуткіх кроках, спяшаліся да пакою. Я вырашыў паўтарыць той самы ход, толькі ўжо карыстаючыся зброяй. Выцягнуўшы з похваў на пасе пераможанага кнехта меч, я зноўузяўся за вольны канец шнура ды стаіўся па-за заслонаю.
Жаўнеры дзейнічалі цяперака ўжо больш разважліва: прыхінуўшы алебарды да дзвярэй, яны агалілі свае кароткія мячы i асцярожна прайшлі ў дзверы пакою; далей, аднак, адзін застаўся пры ўваходзе, пільнуючы найменшага руху навокал, другі ж скіраваўся да ніцага цела. Мяне такі расклад цалкам задавальняў. Не паспеў жаўнер схіліцца над мерцвяком, як я зноў патузаў за шнур — і абодва прыхадні зірнулі на шпалеру. У той жа момант, прыадхінуўшы заслону, я маланкавым ударам увагнаў вастрыё мяча ў шыю кнехта, што знаходзіўся пры дзвярах. Другі яшчэ так і стаяў нахіліўшыся ды з разяўленым ротам, калі я скочыў да яго, узнёсшы над галавой меч. Доўга супрацьстаяць мне ён не здолеў. Праз якую хвіліну я ўжо надзяваў ягоную вопратку — ён найболей быў падобны да мяне целаскладам, — а таксама падбіраў сабе зброю ды кальчугу.
VII
Цяпер ужо можна было сустракацца і з рыцарамі. Ідучы ў кнехтаўскім рыштунку, нават не выпадала асабліва хавацца. Я прайшоў да тупіку і прысеў на парожак найбліжэйшага да лёху пакою — лепш, каб у целаахоўнікаў, калі яны выйдуць з патаемнага ходу, не было надта шмат часу на думанне пра тое, што самотны жаўнер робіць у нежылой анфіладзе.
Неўзабаве далёкае водгулле цяжкіх крокаў за сцяною падказала мне, што рыцары вяртаюцца. Я падняўся і, сціснуўшы алебарду, выпрастаўся пры ўваходзе ў пакой, нібы быў на варце. Праход ізноў расчыніўся, выпускаючы ў калідор пасланцоў: спярша паказаўся адзін, з паходняй; за ім другі — ён нёс меч, загорнуты ў залататканую камку. Па тым, як яны на хвілю замарудзілі, убачыўшы мяне, я зразумеў, што мой выгляд усё ж іх насцярожыў, — выгадаваныя вайной, яны заўсёды адчувалі небяспеку. Уставіўшы паходню на ейнае месца ў насценным гняздзе, яны пакрочылі ўздоўж па калідоры. Першы рыцар ішоў наперадзе, крыху захінаючы ад маіх вачэй другога, і трымаў руку на дзяржальне свайго мяча. Я ж стаяў, як i належыць прыдзвернай варце, — гледзячы проста перад сабой, крыху расставіўшы ногі, з адведзенай убок галябардай у правай руцэ ды закладзенай за спіну левай. Мая пастава i нерухомасць, здаецца, усё ж пераканалі ахоўнікаў, што недарэчна чакаць з боку звычайнага вартавога кнехта нейкае небяспекі, i яны расслабіліся. Бакавым зрокам я бачыў, што першы рыцар урэшце прыбраў руку з дзяржальна мяча, затрымаўся на месцы і азірнуўся на напарніка. Дастойнаму вою не надта выпадае атакаваць, калі супар не глядзіць у ягоны бок, але гэтым разам я не мог дапусціць, каб яны зраўняліся — тады б мае шанцы на перамогу значна панізіліся б, або увогуле не сышлі на нішто, — а разам са мной паразу пацярпеў бы i мой край, мой народ... Таму я ўдарыў. Крутануўшыся на левай назе, я зрабіў крок правай у бок ворагаў, і, перахопліваючы алебарду абедзвюма рукамі, скіраваў ейны канчар проста ў твар першаму рыцару, цэлячы пад прыўзнятую прылбіцу шалома. Выпрацаваныя рэфлексы змусілі яго імгненна азірнуцца на мяне і захінуцца закутай у браню рукой. Аднак, я ўсё-такі быў больш хуткі: канчар увайшоў у лоб, ломячы косці чэрапа, і твар адразу заліўся крывёю. Удар быў дастаткова моцны i трапны, каб сумнявацца, што ён адразу забіў супара насмерць, i я рынуў на другога. Той, аднак, ужо апынуўся па-за дасягальнасцю маёй алебарды. Пакуль я пераадолеў тыя колькі крокаў, што нас раздзялялі, ён ужо адклаў убок Маладзіковы Прамень і чакаў, выцягнуўшы з навязі цяжкую двухлёзавую сякеру. Сякера — страшэнная зброя, калі ў руках дастаткова сілы i спрыту; я сам часта яе ўжываю, бо яна прабівае кожны даспех. Кальчуга кнехта, што была на мне, для сякеры, бы пергамент, — тая праб'е яе, i нават не запаволіць свой лёт. У мяне цяпер была пэўная перавага — даўжынёй у дрэўка алебарды. Зрэшты, нядоўга: рыцар напраўду быў спрактыкаваным ваяром, i праз хвілю я, адкінуўшы перасечаны тронак, ужо агаляў свой меч. Кароткі меч — не зброя супраць сякеры, ды яшчэ калі тая — у руках закутага ў латы рыцара. Цяпер наступаў ужо мой супар, а я толькі і ведаў, што ўварочвацца ад ягоных замахаў. Мяне ратавала адно вузкасць калідора, замінаючы майму супару добра размахнуцца, але пакрысе, крок за крокам, я мусіў адступаць-цопацца назад — убок галоўнай залі. Неўзабаве ляск сякеры па сценах будзе пачуты за тымі, пакуль яшчэ далёкімі, дзвярыма, i мяне аточыць чорны натоўп, праз які я дакладна ўжо не праб'юся. Не! Я не магу гэтага дапусціць!
Читать дальше