Ледзь не ў тую ж хвіліну пакой напоўніўся шумам і святлом паходняў, што прасочвалася нават праз шыты золатам ядваб заслоны. Суворы голас прамовіў:
— Прашу дараваць мне, высакародная князёўна, за гвалтоўнае ўварванне, але нам пачулася, што вы крычалі. Мы шукаем чужынца, што пры дапамозе нейкага кудзебства пранік у замак. Ці не ён гэтак Вас напужаў?
Я быў гатовы ўжо выскачыць са свае хованкі і заатакаваць сваіх пераследнікаў, як раптам, мне на подзіў, далікатны дзявочы галасок запярэчыў:
— Не, ваявода, ты памыліўся — мне проста прысніўся ваш князь, а гэта найжахлівейшы з усіх кашмараў! Вось я i закрычала. А цяпер ідзіце — я хачу спаць.
— Але ж вораг мог прабегчы паўз Ваш ложак, І, быць можа, таму Вам прыснілася нешта страшнае. Можа, Вы ў сне адчулі, што Вам пагражае небяспека...
Я асцярожна прыадхіліў вастрыём мяча заслону на ўзроўні вачэй, а сам адхінуўся назад, схаваўшыся глыбей у цень, — каб бачыць, што адбываецца, без небяспекі быць заўважаным самому. Пакой цяпер быў заліты святлом шматлікіх паходняў. Ваявода, што стаяў пасярэдзіне, звяртаўся да вельмі прыгляднай, захутанай у ядвабную палярынку дзяўчыны, якая, відаць, толькі паднялася з ложку, што стаяў пад чырвоным у залатыя зоры балдахінам на высокіх вітых слупах. Яна нібы свяцілася нейкай дзіўнай мяккай прыгажосцю, і я падумаў, што, праўда, дзяўчына вартая звацца князёўнай. Пры дзвярах і ў пакоі за спінай ваяводы стаялі кнехты ды рыцары, агаліўшы мячы. Апошнія ўжо былі ўбраныя па-баявому — са шчытамі ды ў шаломах, хоць і з прыўзнятымі — дзеля палягчэння дыхання пры бегу — прылбіцамі. На хіжыхтварах адбівалася зацятасць выжлаў, што ідуць па следзе
— Ты мне не верыш? — з выклікам запытала князёўна ваяводу. — Дык глядзі ж, дзе ён?! — і дзяўчына адсунула бялізну з ложку, паказваючы, што пад ім нікога няма. — А, можа, тут?! — яна, пад жаночы віскат з-за сцяны, разнасцежыла дзверы непадалёк ад ложку. — Тут спяць навязаныя мне тваім князем фрэйліны — спытай у іх! Раптам гэта яны яго схавалі?! Я паўтараю: ідзіце прэч! Бо іначай я заўтра распавяду пра гэткія паводзіны вашаму валадару, і, мяркую, ён вельмі раз'ятрыцца, пачуўшы, што прычынай маёй адмовы будуць нягжэчныя паводзіны ягоных слугаў.
Ваявода выглядаў вельмі незадаволеным, але, відаць па ўсім, мусіў падпарадкавацца. Хмура гледзячы, ён махнуў рукой воям, і тыя павыходзілі з пакою. Ваявода ж, прычыняючы за сабою ўваходныя дзверы, сказаў з ледзь заўважнай пагрозай у голасе:
— Няхай князёўна сабе спіць спакойна — я пакіну варту пры дзвярах апартаментаў Вашае Светласці.
Рэзкія каманды, што пачуліся з вітальні, пацвердзілі, што ён не кідае слоў на вецер. Князёўна падышла да ўваходных дзвярэй і замкнула іх на засаўку; потым тое ж зрабіла з дзвярыма ў пакой фрэйлін — і без сіл павалілася на ложак. Яна хвілю ляжала пераводзячы дых, а я, тым часам, стаяў за шторай, разважаючы, ці то дзяўчына сказала ваяводу праўду і насамрэч проста палічыла, што сасніла жудасць; ці то яна свядома ратавала мяне — хоць было зусім неспадзяваным знайсці сабе саюзніка ў такім змяіным кубле, як Гадор. Аднак, усе мае сумневы адразу зніклі, калі князёўна зноў паднялася, запаліла лампадку і, павярнуўшыся тварам у мой бок, прыцішана загаварыла:
— Гэй, шаноўны чужаніца! Хто б вы ні былі, выходзьце — яны ўжо не вернуцца! ... Прынамсі, пакуль.Яна стаяла пасярод пакою каля мініятурнага залочанага століка. Валасы мяккімі хвалямі ападалі на ейныя пакрытыя белай палярынкай плечы, а кволы агеньчык начное лампадкі асвятляў вабную, гнуткую постаць таямнічым мігатлівым святлом. Я не аматар розных там рамантычных сантымэнтаў, але выгляд дзяўчыны абудзіў ува мне шчырае захапленне. Ды я адразу схамянуўся і, апусціўшыся на адно калена, падзякаваў незнаёмцы.
Яна назнарок манерна прысела ў рэвэрансе (мусіць, кпіла з маіх не дужа зграбных у жалезе рухаў), але тут жа сама не вытрымала i засмяялася. Калі б на гаёвых дрэўцах замест сапраўднага лісця расло срэбнае, яно пад лёгкім павевам ветру шалёстала б гэтаксама звонка..
— Не турбуйся пра падзяку, вой! Я заўсёды радая дапамагчы непрыяцелю Гатарда, і паколькі ты ўцякаў ад княскіх рыцараў, я проста павінна была цябе схаваць.
— Так... —
— ЦІ азначае тое, што князёўна тут — паланянка? — Апошняе было відавочна ўжо хаця б таму, што яе пасялілі ў гэтай частцы замка, а не наверсе — але я хацеў упэўніцца. крыху памарудзіўшы, адказала дзяўчына; яна відавочна не была схільная абмяркоўваць гэтае пытанне.
Читать дальше