"Калі б я зазняў такі эпізод у кіно — следчы п’е чай з чалавекам, які з’явіўся да яго з прызнаннем, — уся рэдактура разам з мастацкім саветам сказала б, што такое ў жыцці не бывае, і запатрабавала б выразаць эпізод з фільма. А ў жыцці і не такое бывае, чаго не пакажаш ні ў якім кіно", — падумаў Богша.
— Дык на чым мы спыніліся? — раптам перапыніў ягоныя думкі следчы. — Ага, на вашым заступніцтве... Што я вам скажу, шаноўны Лазар Васільевіч. Безумоўна, гэта высакародна. Другі на вашым месцы пісаў бы ва ўсе канцы, патрабаваў бы самай суровай кары. А вы — не. Вы просіце літасці і нават прызнаецеся ў сваёй віне. Высакародна!
Сказаўшы гэта, следчы памаўчаў як бы абдумваючы наступную думку, ён адпіў глыток чаю.
— Прызнайцеся, Лазар Васільевіч, што вы так і думалі, калі ішлі да мяне: я раблю высакародна. Угадаў? Тут і ўгадваць не было чаго. Ёсць людзі, якія не ўмеюць дараваць нават самай нікчэмнай дробязі. Усё жыццё не даруюць. Хоць і прыкідваюцца добранькімі, як цяпер кажуць, гуманнымі. А самі помсцяць праз усё жыццё, робяць зло тым, хто некалі не так глянуў на іх, не так сказаў ім і, ужо не дай бог, нешта зрабіў ім. Можа, і не падумаўшы зрабіў — усё адно. I што дзіўна, такія людзі з выгляду дужа памяркоўныя, пры народзе гатовы крычаць, каб памілавалі самага злога злачынцу, затое, калі іх чуе толькі адзін чалавек, да ўсяго абцяжараны неабходнасцю трымаць службовую тайну, яны гатовы і самага невінаватага ўтапіць у лыжцы вады. Вы, Лазар Васільевіч, не такі. Вы пастаянныя ў сваім імкненні дараваць. У вас яно арганічнае, а не штучнае. Таму вы і прыйшлі да мяне. Не пярэчце, Лазар Васільевіч, я ведаю, што вы скажаце. Я не маю пры гэтым на ўвазе класавы антаганізм. Я кажу пра нашыя звычайныя жыцейскія адносіны. У тым і справа, здавалася б, нам няма чаго трымаць адзін на аднаго злосць, а тым больш крыўду. А трымаем жа, дарагі Лазар Васільевіч. Навошта? Цяпер пойдзем далей. Як, напрыклад, разважалі вы: засудзяць Лыкавязава, дык на ваша сумленне ляжа нібы двайны цяжар. I за тое, што вы сябе вінаватым у смерці жонкі адчуваеце і што Лыкавязава нейкім чынам падвялі, напісаўшы рызыкоўны эпізод. Але я ўхваляю вашы парыванні. Даруйце, што так нязграбна выказваюся. Мы прывыклі гаварыць мовай далёка не літаратурнай.
— Няпраўда, — запратэставаў Богша. — 3 чаго вы ўзялі? Я так не думаў. Хоць, можа, і так, але інакш... Вы маеце дзіўную здольнасць ставіць усё з ног на галаву.
— Даруйце, што вас пакрыўдзіў, — сказаў следчы. — Я чаму так падумаў, бо дасканала, як мне здаецца, вывучыў усю справу. Я, Лазар Васільевіч, не які-небудзь аматар у следчай рабоце і тым больш не бяздушны чалавек, які дбае толькі пра тое, каб хутчэй спіхнуць справу ў суд. Я, Лазар Васільевіч, люблю сваю работу і заўсёды хачу дакапацца да самага мацерыка. На маім месцы іншы і не стаў бы лішне капацца ў такой справе, як гэта. Тут з самага пачатку ўсё зразумела было. Вось вы нядаўна сказалі, што няма саставу злачынства. Ды вам самы апошні студэнт першага курса юрфака скажа, што ёсць. Самі памяркуйце. Пачынаюцца здымкі эпізоду павышанай небяспечнасці. Служба тэхнікі бяспекі папярэджвае дырэктара карціны і рэжысёра, што жыццё актрысы падвяргаецца небяспецы, і забараняе здымаць эпізод, так як ён задуманы. Дырэктар карціны таксама згодны. Ён угаворвае рэжысёра зрабіць змены ў сцэнарыі. Вы ж самі разумееце, што мантажом можна дасягнуць любога эфекту. Што ж адказвае Лыкавязаў? Будзем здымаць так, як задумана. Чаму? Пра гэта я скажу пазней. Тады дырэктар просіць рэжысёра адкласці здымкі назаўтра, каб прыгнаць пажарную машыну і такім чынам падстрахаваць актрысу ў часе здымак. Што ж робіць Лыкавязаў? Ён пачынае здымкі, так і не дачакаўшыся пажарнай машыны. Усё зразумела, спадзяюся?
— Я не ведаў такія падрабязнасці, — сказаў Богша. — I ўсё ж я магу зразумець Кірылу Лыкавязава. Здымкі праводзяцца, калі кароткі дзень, а заўтра, магчыма, не будзе сонца, пойдзе дождж. А чакаць няма калі, бо ўсе тэрміны выйшлі, план студыі зрываецца. Тут задумаешся і пойдзеш на самую небяспечную рызыку.
— Дапусцім, што так. Тады чаму Лыкавязаў не хацеў здымаць эпізод па-іншаму, як прапаноўваў Кладачка? Скажу. Яго мучыла адно неадчэпнае жаданне — дазняць карціну так, як знялі б яе вы.
— Зусім верагодна, што так яно і было, — сказаў Богша.
Следчы крыху здзіўлена паглядзеў на яго.
— Паверце, Лазар Васільевіч, — апраўдваючыся, сказаў ён, — я зусім не збіраўся даказваць вам віну Лыкавязава. Так ужо выйшла. Загаварыліся, заспрачаліся, ну, я да слова і сказаў, каб вы сябе лішне не мучылі.
Читать дальше