— Ты — наіўны рамантык, Лазар. А на свет трэба глядзець цвярозымі вачамі, як гляджу я. Хочаш ведаць, чаму ты трапіў у няміласць? Але гэта толькі паміж намі. Наш мастацкі кіраўнік, на якога ты молішся, як на бога, выдыхся, як старая вадавозная кляча, ён не можа стварыць нават пасрэднага фільма, а таму баіцца нас, маладых: цябе, мяне, Сцёпку Грышына, Андрэя Янчука, Жэню Мануйліка — усіх, хто патэнцыяльна можа спіхнуць яго з крэсла мастацкага кіраўніка студыі. Ты зразумеў мяне? Ён хоча заставацца мэтрам, а таму рэжа нас, не дае ўзняцца над ягонай бяздарнасцю. Ён — мінулае, мы — будучае. Я не разумею, Лазар, чаму, напрыклад, ты не маеш права на мастацкае кіраўніцтва?
— Я хачу здымаць фільмы...
Лазар пачаў здагадвацца, што Кірыла думае не пра яго, а пра сябе. Кірыла як бы і не пачуў, што сказаў Лазар.
— Справа не ў тым, хто з нас, маладзейшых, стане мастацкім кіраўніком. Важна адрынуць з дарогі цяжар напрацаваных штампаў, на якія нас скіроўвае стары маразмацік.
— Усё, можа, і так, — сказаў пасля нядоўгай паўзы Лазар, — але я ніколі не паверу, што Антон Данілавіч мог пісаць ананімкі.
— Няважна, хто пісаў, важна, хто натхняў, — сказаў Кірыла, быццам чакаў такіх слоў ад Богшы, і тут ашаламіў таго навіной: — Мне загадана дазняць твой фільм. Таму я і прыйшоў да цябе. Я не даў згоды, накуль не пагавару з табой.
Лазара Богшу балюча кранула, што цяпер ужо ў яго няма ніякай надзеі.
— А што я? Табе нічога не гаварылі пра мяне?
Кірыла працягнуў руку цераз столік, паклаў на Богшава плячо.
— Калі ты верыш мне і лічыш сябрам, дык вось мая парада: з’ездзі на які год на тую студыю, дзе ты рабіў фільм пра Сільву Тарабееву.
— А Цюка?
— Яна будзе здымацца. Я паставіў такую ўмову, і яны згадзіліся. Як бачыш, справа не ў фармалізме, не ў актрысе. Ну, дык што, давай руку на дружбу?..
Лазар падаў руку.
***
Тэрміновая тэлеграма-маланка знайшла Лазара Богшу ў далёкім калгасе Вахшскай даліны, дзе ён здымаў фільм пра баваўнаводаў. Лазар тройчы прачытаў кapoценькі тэкст, і сэрца зайшлося ад болю. Здавалася, нехта кальнуў у яго вострым шылам, і яно затрапятала без аніякага рытму, як падстрэленая птушка крыламі.
Малады аператар, які здымаў высачэзныя сцірты сырой бавоўны, лежачы на спіне, мабыць, таксама пачуў бяду: усё яшчэ трымаючы навісу камеру, ён павярнуўся на бок, спытаў у Богшы дрыготкім голасам:
— Лазар Васільевіч, што здарылася?
Лазар Богша яшчэ раз перачытаў тэлеграму.
— У мяне загінула жонка, — сказаў ён драўляным чужым голасам.
Аператар ускочыў з сухой, выгаралай зямлі — такі ж карычнева-буры і сухі як зямля.
— Як загінула? Чаму загінула? — спытаў ён, пазіраючы на Богшу вялікімі, як слівы, вачамі. — У нас фільм не кончаны.
Ён сам зразумеў, што сказаў зусім не тое, што трэба было сказаць чалавеку, у якога загінула жонка, бо раптам пачаў знімаць з шыі камеру і ніяк не мог зняць.
— Рахім, ці ведаеш ты, калі ўвечары ляціць на Маскву апошні самалёт?
Рахім пахітаў галавой.
— Я паеду з табой, — сказаў ён. — Вай-вай, якое гора...
Ля іх цесным колам ужо стаялі калгаснікі, паціху перагаворваліся і чамусьці таксама ківалі галовамі, нібы ах калыхаў вецер. Да Лазара падышоў стары зморшчаны чалавек у паласатым халаце, з доўгай, клінам барадой, асцярожна крануўся Богшавай рукі.
— Будзь мужны ў горы, што насцігла цябе, — сказаў ён, з намаганнем вымаўляючы кожнае слова.
— Так, так, — механічна адказаў Богша.
Яму хацелася кудысьці бегчы, плакаць, выць, качацца па зямлі, грызці яе ў бяссільнай роспачы. Але ён нiкуды не бег, не мог плакаць, ён стаяў, як прыкаваны цяжкімі ланцугамі. Яго ўзялі пад рукі, павялі за сцірту, дзе стаяў "газік". 3 кабіны высунуўся шафёр, працягнуў рукі:
— Сядай, шэф, кожная хвіліна дарагая.
Лазар сеў, ухапіўся абедзвюма рукамі за металічную ручку і адразу адключыўся ад жывога свету. Усё, што было потым, не засталося ў памяці — выкрасленыя суткі з жыцця.
На кінастудыю ён прыехаў пасля абеду, і першы, каго ўбачыў, быў Кірыла Лыкавязаў. Той сядзеў у студыйным скверы на лаўцы, абхапіўшы галаву рукамі. Лазар пайшоў да яго па акуратна падстрыжаным і ўжо крыху пажоўклым газоне, ён адначасова бачыў газон і Кірылу, аж дзіўна было: у канцы газона — помнік журбе і гору. Помнік глядзеў на яго, Лазара Богшу, сінімі, амаль васільковымі вачамі.
— Што здарылася, Кірыла? — чамусьці шэптам спытаў Богша.
Кірыла раптам пахіліўся наперад, у яго падкасіліся ногі, але ён не ўпаў, а нейкім чынам апынуўся на каленях, папоўз да Богшы, уткнуўся галавой у Богшаў жывот.
Читать дальше