Два вераб'і ў змаганні, два самцы старыя.
Адзін, відаць, малодшы з цёмна-шэрай шыяй,
Другі быў з чорнай. Б'юцца, разгарнуўшы крыллі,
Качаюцца, ажно зарыліся ўжо ў пыле.
Глядзім, аж слугі між сабою зашапталі
І чорнага Гарэшкам так, у жарт назвалі,
А шэрага Сапліцам, і як ён быў гарою,
Крычаць: "Гарэшка- трус! Сапліцы ў нас - героі!"
Як ападаў, крычалі: "Панаддай, Сапліца,
Бо сорам шляхціцу прад багачом скарыцца!"
Смяёмся і чакаем, хто каго з іх зможа.
Аж раптам Зося к рыцарам, што так варожа
Таўкліся, падбягае, ручкай іх прыкрыла,
А тыя біліся ўсё, аж фурчэлі крылы -
Такая злосць была у гэткім дробным ліху.
Тут бабы і давай шаптаць з сабой паціху,
Што суджана, відаць, каб праз дзяўчыну гэту
Змірыліся дзве знатныя сям'і павету.
I, бачу, спраўдзіліся бабскія варожкі,
Хоць пра Тадэвуша не думалі ні трошкі
Тады, а больш пра Графа".
Ключнік жа на гэта:
"Дзівосна як на свеце ў тайны ўсё адзета!
Скажу і я вашэці штось. Мо менш цудоўна
Было, чым з птушкамі, ды дзіўна невымоўна.
Ты знаеш, што Сапліцаў я без дай прычыны
Гатоў быў нішчыць, а да гэтага хлапчыны
Я адчуваў бязмерную любоў заўсёды.
Калі ён біўся з кім яшчэ ў малыя годы,
Заўсёды верх браў. Я яго, пад замка мурам
Сустрэўшы, падстракаў да розных авантураў.
Ці амялы з дубоў нарваць, ці з хвоі свежых
Набраць вароніх яек, ён без адгаворкі
Рабіў. Відаць, што пад шчаслівай светам зоркі
Прыйшоў на свет, я думаў, шкода, што Сапліца
Хто ж знаў, што суджана яму так ажаніцца,
Стаць мужам панны Зофіі, маім быць панам!"
Тут змоўклі, справам дзівяцца неспадзяваным,
І толькі зрэдку чуюцца ўсё тыя ж фразы:
"Так, так, мой пан Гервазы", "Гэтак, пан Пратазы".
Над прызбай той у кухні вокны ўсе раскрыты,
З іх пара, быццам дым, узносіцца ў блакіты,
А з тых дымоў, як беленькая галубіца,
Мільгнула светлая кухмайстара шляфмыца,
І Войскі праз акно па-над старых галовы
Нагнуўся тварам, моўчкі слухаў іх размовы.
Урэшце ім падаў дзве філіжанкі, сподак
З бісквітамі і мовіў: "Хоць мядок салодак,
Ды закусіце і гісторыі цікавай
Паслухайце, што ледзь не сталася крывавай,
Калі ў Налібацкіх лясах за даўніх часаў
Падвёў пан Рэйтан штуку князю фон Дынасаў.
Ледзь ён жыццём не заплаціў за гэту звадку.
Я іх змірыў, а як - пачну казаць спарадку".
Ды повесць Войскага тут кухары спынілі,
Пытаючы, ці так сервіз распалажылі.
Пайшоў пан Войскі, а старыя зноў ля мёду
Глядзелі моўчкі, задуменна ў бок гароду,
Дзе стройны той улан стаяў з прыгожай дзевай
Улан руку яе узяў рукою левай
(Бо правая рука была забінтавана)
І словы гэткія казаў усхвалявана:
"Зафія, трэ', каб ты нічога не ўкрывала
I, перш чым пабяромся, шчыра адказала.
Нічога, што калісьці ты была гатова
Даць слова мне. Я не прыняў у той час слова,
Не мог застацца я пры вымушаным слове.
Тады я вельмі мала жыў у Сапліцове,
І ў той час я не смеў чакаць таго ні мала,
Каб ты мяне вось так адразу пакахала:
Не фанфарон я, а хацеў заслугай, Зося,
Любоў тваю здабыць, хоць бы й чакаць прыйшлося.
Цяпер жа ты ізноў мне слова паўтарыла:
За што мяне ты гэткай ласкай надарыла?
А мо выходзіш за мяне ты не з кахання,
А толькі з дзядзькі слоў ці з цёткі намаўляння.
Але жаніцьба, Зося, справа немалая,
Парайся з сэрцам, хоць мо хто і намаўляе.
Пагроз не слухай дзядзькі, не зважай на цёцю.
Калі ж не па сваёй выходзіш мо ахвоце,
Тады заручыны на іншы час адложым,
Няма куда спяшацца, пачакаць мы можам,
Тым больш, што атрымаў я ўчора назначэнне
Ў інструктары, тут буду весці абвучэнне
Салдат, пакуль мае не выгаяцца раны.
Дык як, каханая?"
І Зося твар румяны
К яму ўзняла і стала гаварыць нясмела:
"Не помню, як яно тады ўсё стацца мела,
Ды ўсе казалі мне, што замуж трэба
За вас, а я заўсёды згодна з воляй неба
I са старэйшых воляй". Апусціўшы вочы,
Прамовіла: "Калі вы, помніце, той ночы,
Як ксёндз памёр у буру, двор наш пакідалі,
Заўважыла, што вы нас моцна шкадавалі,
Аж слёзы мелі у вачах. Скажу вам смела,
Што тыя слёзы помніла я й пэўнасць мела,
Што любіце мяне, і мне душа балела,
А ў час малітвы вы ў маім стаялі зроку
З бліскучымі вялікімі слязамі ў воку.
Пасля мяне Падкамарына ў Вільню брала
На зіму, але я там вельмі сумавала
Па Сапліцове і па тым сваім пакоі,
Дзе ў нас спатканне дзіўнае было такое
І дзе мы развіталіся. Вось так памалу
Читать дальше