Плывуць, а неба палымнее ад пажараў,
Дрыжыць зямля ад перуноў і ад цяжараў.
Вайна! вайна! Літва кутка таго не мела,
Дзе б гул яе не трапіў. Там, дзе зелянела
Густэча пушчаў, дзе мужык амаль ніколі
Граніц лясоў не парушаў, не быў на полі;
Не знаў другіх, апроч віхуры, ў небе зыкаў,
А на зямлі, апроч звярыны рыкаў,
Гасцей не бачыў, акрамя ваўкоў і дзікаў,
Заўважыў полымя на небе, дым кудлаты.
У пушчы грукат - там ядро з якойсь гарматы,
Зблудзіўшы, ў лес апала. І зубр барадаты,
Стрывожаны сукоў і пнёў трашчаннем жудкім,
Сарваўся з моху, ўздыбіў грыву рухам хуткім
І на пярэднія прыўзняўся мігам ногі,
Ўстрасае барадой ад дзіву і трывогі
І пазірае ў лом на бляскі папялішча.
А там граната круціцца, гудзе і свішча,
І з гукам рвецца, як пярун. І зубр баіцца
Ў жыцці мо першы раз і ў глуш бяжыць забіцца.
"Дзе бітва? у якім баку?"- хлапцы пытаюць
І зброю рвуць, жанчыны рукі узнімаюць.
Усе у перамогу вераць, са слязамі
Крычаць: "З Напалеонам Бог, а Напалеон з намі!"
О ты, вясна! так памятная ў нашым краю,
Вядомая вясна вайны! Вясна ўраджаю!
Якой жа ты была чароўнай і кіпучай,
Травою, збожжам, кветкамі, людзьмі бліскучай,
Багатаю здарэннямі, надзеяў поўнай!
Цябе я помню марай соннаю цудоўнай!
Народжаны ў няволі, скуты з год дзіцячых,
Адну вясну ў жыцці я гэтакую бачыў.
Двор Сапліцаў быў каля самае дарогі,
Якой вялі свае палкі да перамогі
Князь Юзаф і Вестфаліі кароль Геронім.
Занята ўжо Літва ад Гродна аж па Слонім,
І вось кароль даў войску тры дні адпачынку.
Ды польскія салдаты нават на хвілінку
Спыніцца не хацелі, ўголас наракалі,
Што з войскам царскім іх схапіцца не пускалі
Непадалёк раскінуў князь свой штаб асноўны,
А ў Сапліцове войска з сорак тысяч поўных,
I са штабамі сталі генерал Дамброўскі,
Князевіч, Малахоўскі, Гедрайць і Грабоўскі.
Было не рана, як прыйшлі, дык дзе папала,
У замку, у двары, кватэрай войска стала.
Расстаўлены ўжо варты, выданы загады,
Дык кожны, маршам стомлены, прылегчы рады
Ўначы заціхла ў замку, на двары, на полі,
І толькі цені патрулёў снуюць паволі.
Часамі ўзблісне вогнішча там-сям у змроку
І пільнай варты поклічы чуваць здалёку.
Спаў гаспадар і камандзіры, і салдаты.
І толькі Войскі сном салодкім не абняты,
Бо Войскі думае бяседу заўтра справіць,
Якой жадае дом Сапліцы ўвек праславіць,
Бяседу, вартую гасцей даўно чаканых
І сэрцу мілых, так здалёку пазбіраных,
Якая вінна і сямейным святам стацца,
Бо заўтра аж тры пары будуць заручацца.
А генерал Дамброўскі праявіў жаданне
Абед мець польскі.
Хоць і час ужо не ранні,
Ды з Войскім жвава аж пяць кухараў кухмарыць
З двароў суседніх. Вось у кухні гаспадарыць
Сягоння ён, і ён адказны за ўсе стравы,
На ім каўпак, фартух. Стары рухавы
Трымае бітку, каб гнаць бруд ёй усялякі,
Які так хціва налятае на прысмакі,
Другой рукою акуляры ускладае
I, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.
Завецца кніга тая "Кухар дасканалы",
А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялы
Сталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з Тэнчына
Па ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,
Што гэта нават папу Урбана здзівіла.
Пасля па ёй таксама ў князя Радзівіла
Прымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.
Там гэтакі быў баль, якога слава
Ў Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.
Што вычытае Войскі, па яго указцы
У момант кухары умелыя рыхтуюць.
Кіпіць работа, пяцьдзесят нажоў шаткуюць.
А кухцікі уюцца, нібы чэрці ў пекле:
Той дровы носіць, той гаршкі, там штосьці секлі,
Лілі ў катлы і на патэльні; дым клубіцца,
Бо нехта з мехам-паддувалам мітусіцца.
А Войскі, каб у печы полымя не згасла,
Сказаў узліць на дровы топленага масла
(Дазволен гэткі збытак у багатым дому).
Пільнуюць кухцікі агню, забыўшы стому,
Другія на ражнах пякуць кускі дзічыны-
Казляціны, аленіны або ласіны.
Там птушкі скубленай уецца пух лятучы,
Ляжаць курэй, гусей, глушцоў, цяцерак кучы.
Курэй было не многа, бо ад той выправы,
Якую ў час наезду Сак зрабіў крывавы
На птушнікі, з былога Зосі валадарства
Не засталося птушкі нават на лякарства,
І не паспела птаства вырасціць нанова
Багатае курмі калісьці Сапліцова.
І так вялікі мяса маецца дастатак,
Сабранага ў двары і звезенага з ятак,
І з лесу, і з суседства, і адкуль трапляла.
Сказаў бы, малака ад птушак не хапала.
Читать дальше