Сам гаварун і іншых слухаў бы ўсе суткі.
Не дзіва! ўсё жыццё правёўшы ў вандраваннях -
На радах, на наездах ці на паляваннях,
Прывык, каб вечна штось яму гудзела ў вуху,
Калі і сам маўчаў ці біткаю на муху
Замерваўся, ці марыў, прычыніўшы вочы.
Удзень шукаў гаворкі, ноччу быў ахвочы
Малітвы слухаць да пазна, старыя казкі.
Таму вось у яго не мела люлька ласкі,
Як выдумка нямецкая, што чужаземчыць
Народ, бо перш маўчаць навучыць, потым немчыць.
Ён, гаварун стары, адпачываў пры мове,
Будзіўся ад маўчання на апошнім слове.
Так мельнік, задрамаўшы, ўміг на ногі стане,
Калі млын спыніцца і сціхне грукатанне.
Вось Падкамораму пан Войскі пакланіўся,
Рукой ад вуснаў знак Суддзі зрабіў, спыніўся:
Прасіў даць слова. Дык абодва пахілілі
Галовы ў знак, што думку выступіць хвалілі.
Тады сказаў:
"Прасіў бы вас я, кавалеры,
Па-старадаўняму праводзіць час вячэры
І моўчкі не жаваць. Няўжо мы тут святошы?
Бо за сталом маўчанне - звычай не харошы.
Маўчаць, скажу вам, бы ў ствале зарад іржавіць.
Таму век гаварлівасць продкаў буду славіць:
Яны сядалі, не каб з'есці і напіцца,
А каб і ўдосталь, ад душы нагаварыцца
І сэрцы аблягчыць. Былі ў іх абгаворы
І ловаў, і стральцоў. Бывала, што каторы
І крык там узнімаў, і ўсе гудзелі жвава,
І раз яшчэ перажывалася аблава.
Сягоння ясна ўсім, чаго з вас той-сёй хмурны:
Каптур манаскі, пэўне, ўнёс настрой хаўтурны!
За промахі вам брыдка? Дарма духам палі!
Я лепшых знаў стральцоў, што часам не траплялі.
Пацэліць, прамахнуць, паправіць кожны можа.
Я сам, хоць ад дзяцінства ўжо страляў прыгожа,
Было, што не трапляў так, як і сам Тулошчык,
Не кожны раз трапляў і пан Райтан, нябожчык.
Пра Рэйтана скажу пазней. А ў гэтай справе,
Што панічы не дастаялі на аблаве
І не змагаліся з мядзведзем грудзі ў грудзі,
Хоць мелі піку, мы ані хваліць не будзем,
Ні ганіць, бо ўцякаць з зараджанаю зброяй
Той будзе, хто ніяк не варт імя героя.
А выстраліць наслепа (бо бывае й гэта),
Калі звер не падпушчан, задалёка мэта,
Ёсць ганьбай. Але хто прыцэліцца без страху
І выстраліць, калі і дасць часамі маху,
Без сораму ўжо можа ўзад падацца,
Таксама можа пікаю абараняцца,
Але не з мусу, бо бяруць на паляванне
Для абароны піку, не для нападання.
Здаўна вядзецца так. Паслухайце вось рады:
У сэрцы не прымайце вашай райтарады
І ты, Тадэвуш, і вы, шаноўны Графе!
А як прыпомніце аб гэтьш трафе,
Не забывайце важнае перасцярогі:
Адзін другому не заходзьце больш дарогі
І не страляйце разам у адну звярыну".
Як толькі Войскі слова вьшавіў "звярыну",
Асэсар буркнуў спадцішка "дзяўчыну",
Другія "брава" ўскрыкнулі і цераз смехі
Перасцярогу сталі паўтараць Грачэхі:
Апошняе са слоў крычалі: той звярыну,
А іншы, смеючыся, паўтараў: дзяўчыну.
"Кабету",- буркнуў Рэент, і на заканчэнне:
"Какету",- сыкнуў злы Асэсар к Талімэне.
А Войскі не збіраўся дапякаць нікому,
Да шэптаў тайных справы не было старому.
Ён рады быў, што дамам повад даў для смеху,
Дык і стральцам хацеў знайсці што на пацеху,
І так казаў, віна сабе падліўшы ў чару:
"Я тут не бачу бернардынавага твару.
Хацелася б, каб ён выпадак чуў цікавы,
Падобны да здарэння з сённяшняй аблавы.
Такога, як ксёндз Робак, мастака страляння
Знаў Ключнік аднаго, як нам расказваў зрання,
А я другога ведаў. Ён сябе праславіў
І стрэлам двух паноў ад пэўнай смерці збавіў,
Калі ў лес Налібоцкі, шмат таму ўжо часу,
Тадэвуш Рэйтан прыязджаў і князь Дынасаў.
І зайздрасці к стральцу паны не праяўлялі,
А нават тосты за яго здароўе ўзнялі,
I падарункаў паназносілі без ліку
І дзіка скуру. Вось хачу аб гэтьм дзіку
І пра той стрэл вам зараз даць расказ асобны,
Бо той вьшадак і да нашага падобны,
А здарыўся стральцам найлешпьш нашых часаў
Паслу Райтану разам з князем фон Дынасаў".
А тут Суддзя сказаў, віна падліўшы ў чашы:
"П'ю Робака здароўе. Войскі, ў рукі вашы!
Калі наш дар ксяндза не вельмі мо ўзбагаціць,
Дык хай тады яму за порах хоць заплаціць -
Лічу, што тушы з сённяшняга палявання
Для манастырскай кухні на гады два стане,
А скуры не аддам. Гатоў на'т пасварыцца,
Калі не пажадае ксёндз са мной мірыцца,
А не, сплачу яе хоць нават сабалямі,
Бо скураю распараджацца мы павінны самі.
Калі пяршынства славы ў нас слуга ўзяў Божы
То скуру прысудзіць пан Падкаморы можа
Читать дальше