Дазволена ўсё, што не забаронена “законам” – вось які прынцып павінен быць у нас у адносінах да правоў чалавека. Суды. Прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Пракуратура. Міліцыя. Следчы апарат не будзе падпарадкоўвацца мясцоваму начальству МУС. Адвакатура – самакіруемая структура.
Юрыдычны ўсенавуч пачынаць са школы. Прафсаюзы. “Колькі праўды – столькі і веры”, сказана пад воплескі пра адносіны з моладдзю.
“Жаночае пытанне”. Няма іх адпаведнага прадстаўніцтва ў кіруючых органах.
Бурны рост грамадскіх арганізацый. У цэлым гэта заслугоўвае падтрымкі. Але ёсць тут і такія, што не кіруюцца мэтамі сацыялізму.
Партыя. Нават строга яе ўнутраныя праблемы сталі прадметам ўсенароднага клопату.
Чаму КПСС не змагла супрацьстаяць і культу, і застою? А таму, што сама была дэфармаваная. Але ж без КПСС задач перабудовы не вырашаюць.
Прынцып дэмакратычнага цэнтралізму быў падменены бюракратычным цэнтралізмам. Непамерна вырасла роля апарату Партыі на ўсіх узроўнях. Грамадска-палітычная атэстацыя членаў Партыі. Прыём у Партыю. Пазбавіцца ад розных разнарадак.
Выбарныя органы Партыі. Пярвічныя партарганізацыі павіны мець права выказвацца наконт кандыдатур у вышэйшыя органы Партыі.
Размежаванне функцый Партыі і дзяржавы.
Не выдаваць партдакументаў з прамымі дырэктывамі савецкім і гаспадарчым органам.
Райкамы. Гаркамы.
Часова вызвалілася і крэсла Я. Лігачова. Побач аказаліся два яны вольныя, і я заўважыў, што пад М. Гарбачовым крэсла сантыметраў на 10 вышэйшае ад усіх астатніх за гэтым сталом!
Цікава. Але ж і нармальна. Можна б было прадугледзець і больш прыкметную розніцу. Гэта ўсё-такі Гар-ба-чоў!!! Ён выпраўляе і ленінскія памылкі, хай, на жаль, пад лозунгам “вяртання да ленінскіх нормаў”. А трэба было б і на ленінскую “практыку”паглядзець без ружовых акуляраў. Ці боязна! Магчыма. Інакш Лігачовы абвінавацілі б і прыбралі б.
Пра сродкі масавай інфармацыі. Не навешваць ярлыкоў. Не распраўляцца з тым, хто пакрытыкаваў некага ў друку.
Пасля 17-ай гадзіны сустрэліся ў мяне з Зянонам Пазняком. Я яго некалькі ўжо дзён шукаю і ён мяне – таксама. Патрэбна стварыць грамадскую камісію па расследаванні сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
26 чэрвеня 1988 года. На кнізе Ул. Караткевіча “Старыя беларускія хронікі”: «Эдзіку Дубянецкаму – дарагому пляменніку і гісторыку-неафіту з нагоды ўвядзення ў гэты сан і з празрыстым намёкам, што ў наш бурлівы, ачышчальны час, які дыскрэдытаваў тваіх папярэднікаў, народ, пазбаўлены аўтэнтычных крыніц, вывучае гісторыю толькі з дапамогай вось такіх твораў. Не абыходзь і ты іх і, вядома, старайся хутчэй стаць сапраўдным слугою Музы Кліо –
М. Дубянецкі,
ініцыятар выдання гэтай Кнігі
Мінск, 26 чэрвеня 1988 г.»
10 ліпеня 1988 года. Галя дала пачытаць мне дзесяць сваіх твораў. Першыя экземпляры іх паклала ў белую прыстойную папку. Мабыць, рыхтуе зборнік, і гэта ўжо канчатковая яе рэдакцыя. Ніякіх паправак няма – чыставік. “Настальгія” – 16 радкоў, “Галінка” – 20, “Палёт” – 22, “З прадоння” – 9, “Яснасць” – 24, “Памылка Стваральніка” – 22, “Прамень” – 30, “Чытаю Шлях” – 12, “Снежная Мроя” – 22, “Светлае” – 32. Усяго – 229.
Сярод іх ёсць і добра знаёмыя мне. Але ж ёсць і новыя. Такіх болей.
Пачынаючы з колішняе “Даратэі”, паэтычны герой ці гераіня маладой аўтаркі ўсё імкнуцца ў далёкія галактыкі. Вось і верш “Настальгія” з гэтага “цыклу”, дзе
Нас грымота й вятры ўзнялі б
Да нябёсных сваіх сяліб,
Дзе Тытанаў багі да глыб
Вяжуць…
У вершы “Памылка Стваральніка”, праўда, гэты матыў, можа, нават раней, чым у “Даратэі” загучаў. Здаецца, некалі ён называўся “Гліна”.
Створанаму з гліны чалавеку Бог
…З дрыготка-жывога чагосьці
Напаследак прыладзіў крылы.
І грэшная гліна надумала скарыстаць свой бязважкі дадатак, але “гліна – глінаю – плясь – у гліну!”
І валочыцца недарэчы
За плячыма дарунак боскі…
Дарэчы, і Розум, што “таксама з гліны”, раіць чалавеку “астудзіць парыў нецвярозы”.
Адчуваецца, з якім болем Аўтар раіць чалавеку, што зрабіць з тым дарункам і як жыць далей:
Мо, адрэж ты яго, чалавеча,
Ды спакойна, урэшце, поўзай.
У вершы “З прадоння” таксама адчуваецца імкненне ўгару, кліч “Уладара Гары”.
Аднойчы, праўда, пашчасціла Галінай паэтычнай гераіні, гэтаму “уціснутаму ў цеснае цела пругкаму шматку бязмежжа”:
Хмары, што снег мой ад неба
Хавалі ў сівой абалонцы,
Аднойчы апалі снегам…
Читать дальше