І атулілі сонца, —
чытаем мы ў вершы “Яснасць”.
І вось сэрца шалёна ірванулася яму насустрач. О, як хораша тут, як свабодна. Але ж чамусьці “плача, шкадуе сэрца колішняга палону”. Яно ўбачыла зусім нечаканае:
Свет мой пустэльна-шырокі,
Свет мой сляпуча-голы…
Аднойчы расталі аблокі,
Дзе сноўдалі цені анёлаў.
Сапраўды, горкае расчараванне спасцігла гераіню тады, калі яна, здавалася б, дасягнула сваёй мары.
Некалі на нашым вакне стаяў у вазоне, рос і цвіў ад сакавіка да канца года (1987) ружовы гваздзік. Недзе глыбокай восенню ён быў увесь усеяны пышнымі кветкамі. Асабліва незвычайны выгляд меў гэты небудзённы цуд на фоне вялікага цёмнага вакна – калі глядзіш на яго з асветленага пакоя. Так і здавалася, што гэты “вечны” гваздзік цягнецца “у ноч – у бязмежжа – у зоры – у людзі…”. Туды, дзе “Купалінцы бронзавай – вечнай гарэзе-падлетку – упляліся жывыя ў вянок галубы”. Гэта таксама (верш “Светлае”) той самы цыкл!
Два творы навеяныя паэзіяй Алеся Разанава. Адзін з іх – “Чытаю Шлях” – несумненна маецца на ўвазе зборнік паэта “Шлях-360”.
Другі верш з “Разанаўскага цыклу” называецца характэрным для Аўтаркі словам “Палёт”. У ім кожная з пяці строф канчаецца назваю аднаго з пяці зборнікаў паэта-куміра Алеся Разанава: “Шлях”, “Каардынаты”, “Назаўжды”, “Адраджэнне”. Назва апошняга, пятага, зборніка “Вастрыё стралы” крыху зашыфравана. Варта прывесці ўсю гэтую страфу:
Як бор смалой, табой струменю,
Вар’яцтва і святло маё.
Ляціць – пагібель ці збавенне –
Стралы
насустрач
Вастрыё.
Сёмым творам у гэтым “чырвонцы” стаіць верш “Прамень”. Думаю, я не надта памылюся, мысленна паставіўшы да яго прысвячэнне “А. Р.”, ці “Алесю Разанаву”. У апошняй страфе нават такое імя адчайна выкрыквае Галіна паэтычная гераіня. Ці не да яго гэта звяртаецца яна з пытаннямі:
Хто ты? Зорка?.. Маланка?.. Бог?..
Што прыйшоў – апаліў – і змог?
Што ліянай душа абвіла
Бы стваліну, струмень святла?..
Вяртаючы папку паэтцы, я пачуў ад яе пытанне, ці ўсё зразумеў я там у яе. Адказваю смела: Усё! Нават паклаў там табе “расшыфровачку”. Я сапраўды зрабіў нешта накшталт гэтага.
18 ліпеня 1988 года. Скончыў працу над апратэставаннем штрафаў, накладзеных на Сяргея Вітушку і Віктара Івашкевіча за мітынг у Курапатах. Атрымалася цэлых пяць старонак машынапісу. Аднак не спадзяюся, што пракурор горада заявіць пратэст супраць гарвыканкама і двух райвыканкамаў.
Не давяраючы пошце, я панёс сам дакумент у пракуратуру, тым больш што яна побач з маёй хатай, на Інтэрнацыянальнай, 24. Звярнуў увагу, што да гэтай установы прыбудавалі яшчэ шматпавярховы чырвоны гмах з вялізным гербам СССР (!) на фасадзе. Падняўшы над сабой парасон, паглядзеў, ці ёсць гэтая “цацка” на асноўным будынку. Ёсць. І таксама СССР, толькі разоў у чатыры меншая, чым на прыбудове.
У вестыбюлі сядзіць прынцыповая жанчына з павязкаю, а не міліцыянер у форме. Яна, дазнаўшыся, па якой я справе завітаў, накіравала мяне ў кабінет нумар 10. Гэта аказалася прыёмная. Адсюль паслалі мяне ў 8-ы кабінет – у канцылярыю. Адгэтуль накіраваліся ў 13 пакой. Тут таксама было цікава. Чатыры сталы. Тры пракуроры. Перад адным сядзіць эмацыянальная кліентка. Другі, маладзейшы за астатніх, беспаспяхова круціць тэлефон. Трэці – вольны. Ён мяне “прыняў”.
Я падаў яму свой дакумент і праз паўхвіліны ўбачыў, што ён не ўмее чытаць! Цуд, дый толькі! Пракурор не умее чытаць!.. Скажы дзе-небудзь па-за Беларуссю пра такое – не павераць. А ў нас – гэта норма! Ён на першыя ж словы грыфа глядзеў так доўга і так трагічна, што мне аж няёмка было асіставаць яму. Чытаў і злева направа, і справа налева. Углядаўся то ў адно слова, то ў другое, а то паволі, няўмела слізгаў вачыма то па нейкім радку, то па цэлым абзацы, і ўжо не гарызантальна, а вертыкальна – зверху ўніз, альбо наадварот, знізу ўверх.
Мне падумалася, што каб перад ім быў не такі салідны з выгляду дакумент, дык ён, мабыць, і не мучыўся б, а зрабіў нешта іншае. А яму ж хацелася, відаць, разабрацца і пагутарыць са мной “прадметна”. Некалькі слоў ён зразумеў і хацеў з іх дапамогаю дайсці да сэнсу. Пачаў мяне пытаць, быццам бы ўдакладняць “прачытанае”. Я сказаў, што там гэта добра апісана. Тады ён здаўся:
– Гэта ж па-беларуску?
– Па-беларуску, – кажу я.
– А я слабавата чытаю па-беларуску, – сказаў ён, значна перацэньваючы свой дар паліглоцтва. Ён жа зусім не ўмее чытаць на гэтай мове.
– А гэта наша рабочая мова, – адказваю яму.
Читать дальше