І тым не менш дагэтуль ужо на паперы змянілася тры склады рэдакцыі. Усе названыя застаюцца кожны раз. Мяняюцца тыя, хто павінен адказваць там за мастацкую літаратуру. Цяпер – гэта Анатоль Сідарэвіч, Адам Глобус (Уладзімір Адамчык) і Алесь Асташонак. Клопат апошняга – забяспечваць часопіс добрымі перакладнымі з іншых моваў творамі.
У адным з “саставаў” прапанаваўся Сяргей Дубавец (цяпер ён у ссылцы ў Гомелі). Аднак С. Паўлаў не дазволіў, пабаяўся яго дапусціць да часопісу.
Днямі наведаў С. Паўлава нехта Сыс – паказна-крыклівы беларррус. Адбылося нечаканае. Паўлаў пачаў спавядацца перад гэтым неўтаймаваным хлопцам, даводзіць, як ён шчыра любіць Беларусь і паважае беларусаў, скардзіцца, што яго не разумеюць – зламыснікі з беларусаў. У канцы споведзі ён пазваніў Някляеву і загадаў узяць Сыса ў часопіс. Някляеў, вядома, адказаў, што “усе дадзеныя яму штатныя адзінкі ўжо запоўнены”. У адказ пачуў уладнае: “Думай, ты ж кіраўнік!”.
Відаць, наспявае чарговая ператраска “кадраў” неіснуючага часопіса. Чым гэта скончыцца, невядома. Вядома толькі тое, што Сыс “раскалоўся”: сустрэўся з адным з тых, хто ведае аб падрыхтоўцы ў Маскву чарговага дакументу супраць С. Паўлава і супраць свайго характару нясмела вымавіў: “А можа не трэба скардзіцца цяпер на Паўлава, бачыце, які ён на самой справе?”...
9 кастрычніка 1987 году. На пасяджэнні секцыі мастацкага перакладу абмяркоўваліся вынікі Першага Міжнароднага семінару перакладчыкаў беларускай літаратуры. Ужо ў дзверы стукаецца ІІІ-е тысячагоддзе, а нашы “патроны” толькі збіліся на першы такі семінар. Дзякуй і за гэта. Ёсць такі настрой праводзіць іх заўсёды праз адзін год. Няхай сабе і так.
Але ж пажадана, каб гэтыя семінары сапраўды былі міжнароднымі. На гэты ж нават і мэту такую не ставілі. Разаслалі запрашэнні толькі ў еўрапейскія сацыялістычныя краіны.
Прысутнічалі літаратары з Балгарыі – 5 чалавек; Венгрыі – 2; ГДР – 2; Польшчы – 6; Чэхаславакіі – двое з Чэхіі і адзін са Славакіі; з Югаславіі – адзін чалавек. Усяго дзевятнаццаць перакладчыкаў. Сярод іх былі і зусім выпадковыя асобы, якія ні радочка беларускага не пераклалі і, мабыць, і не збіраюцца.
Вядома ж, што такіх сяброў беларускага слова, як прафесар Карлава універсітэту Вацлаў Жыдліцкі, цяжка больш назваць. Гэты дасканала ведае нашую пісьменнасць, заахвоціў ёю немалую групу таленавітых маладых літаратараў, стварыў такім чынам цэлую школу пераклыдчыкаў беларускай літаратуры. І перакладзена там нямала! Больш за трыццаць кніг пятнаццаці аўтараў.
А ўсяго за апошнія дзесяць гадоў у сацыялістычных краінах выдадзена больш за 160 кніг нашых пісьменнікаў. За гэты ж самы тэрмін беларускія выдавецтвы выпусцілі больш за 120 кніг аўтараў гэтых краінаў.
Семінар ўсё-такі рэгіянальны, таму і статыстыка гэтая адпавядае яму.
Мабыць, доўга яшчэ будзе фіксавацца галоўны недахоп у гэтай справе – пераклад імі кніг беларускіх аўтараў, як правіла, з рускіх выданняў, значыць, пераклад з перакладу.
Таксама і яны вельмі часта перакладаюцца на беларускую мову з дапамогай рускіх перакладаў. Апрача, канечне, літаратуры польскай, балгарскай, нямецкай, а ў апошнія гады і чэшскай, славацкай. Зусім не асвоілі мы, як след, літаратурныя кантыненты Венгрыі, Румыніі, многіх народаў Югаславіі, не кажучы ўжо аб усёй Азіі і Афрыцы. Вось тут-та “партыя і ўрад” і павінны былі б паставіць гэтую важную праблему на дзяржаўны ўзровень і рашаць яе, а не чакаць, што яна сама сабою вырашыцца. А што такое “чаканне” ёсць, сведчыць тое, што гэтыя органы штогод патрабуюць ад выдавецтваў і Саюзу пісьменнікаў “падрабязных” звестак, з якіх моваў перакладаецца ў БССР літаратура непасрэдна?
А трэба б не проста звесткі браць, а, вывучыўшы іх, зрабіць дзейныя высновы: наладзіць раз і назаўсёды вывучэнне беларусамі моваў, патрэбных для літаратурна-культурных сувязяў. І ў сваіх навучальных установах і пасылаць студэнтаў туды.
Патрабуе дзяржаўнага патранату і справа адваротная – арганізацыя вывучэння беларускай мовы ў іншых краінах. Пачаць з арганізацыі вывучэння яе іншаземцамі ў інстытутах і універсітэтах Беларусі.
Але ж нешта трэба рабіць! Само нічога не зробіцца. Актыў паліглотаў, што ўзнік пры створаных і рэарганізаваных мною пяць год таму назад альманахах “Далягляды” і “Братэрства” – гэта было наша роспачнае саматужніцтва, наш роспачны энтузіязм! Бясплатны! А сюды патрэбны немалыя казённыя асігнаванні, паколькі прыватныя асацыяцыі гэтага профілю ў СССР забаронены.
Читать дальше