Другі ксёндз, якога я застаў на плябаніі, гэта часовы госць плябана. Ён вельмі кваліфікавана яму дапамагае, бо тут заўсёды процьма той вельмі патрэбнай і заўсёды тэрміновай працы. Калі на добры лад, дык у такіх касцёлах, у такіх парафіях і павінна быць па два, як мінімум, святары. А яшчэ лепш, каб тут быў і кляштар – мужчынскі і жаночы. Хапіла б працы на цэлы кляштар! Але ж не забудзем, што мы жывём у СССР – у краіне, дзе створаны лепшыя ўмовы выхоўваць злачынцаў, чым духоўна ўзвышаных людзей. Тыя хлопцы-міністранты, тыя дзесяткі маладых мужчынаў, якія штодзень прымаюць святое прычасце, злачынцамі ніколі не стануць. А вось тыя, хто ідзе ідэальным савецкім шляхам праз станцыі “акцябраты” – “камсамол” – “партыя”, з мноствам усякіх рытуальных ідэйна-палітычных, у тым ліку і атэістычна-антырэлігійных сходаў, “зарніцаў”, лекцыяў, дакладаў, дыскатэк, клубаў, семінараў і т.п., якраз і рэкрутуюць са свайго асяроддзя злачынцаў усіх вядомых нам катэгорыяў і адценняў.
Атэізм жорстка абяздольвае сваіх паслядоўнікаў, выкараняючы ў іх веру ў звышнатуральную Сілу, у Бессмяротную Душу. Гэтым самым атэізм вызваляе сваіх выхаванцаў, а лепш скажам: ахвяраў, ад тармазоў сціпласці, прыстойнасці, дабрыні і іншых, што закладвае і сцеражэ ў чалавеку рэлігія. Рэлігійнага чалавека ад кепскага ўчынку спыніць усведамленне непазбежнасці Боскай кары. Бязбожнік жа – “сам сабе гаспадар і суддзя”, і калі “ніхто не бачыць і не ведае”, чаму ж не зрабіць сабе нешта “карыснае”, “прыемнае”? У рэлігійнага чалавека, такім чынам, высокія маральныя якасці складаюць яго глыбінную сутнасць, яго характар. Што ж датычыцца бязбожніка, дык тут яны выстаўляюцца толькі напаказ і не з’яўляюцца ўласцівасцю яго.
Я з вялікім разуменнем аднёсся да выразна адчувальнага на плябанні культу мучаніка польскага Ксянзда Ежы Папялушкі. Яго партрэт – вялікі альбо малы, з паштоўку – маецца ледзь не ў кожным пакоі. І ў закрыстыі – таксама, на самым відным месцы.
34-гадовы святар Ежы Папялушка быў зверскі замучаны афіцэрамі Службы Бяспекі ПНР. За тое, што ён самааддана і бясстрашна выконваў свае абавязкі.
Думаю, што цяпер лепшага і бліжэйшага прыкладу хрысціянскім святарам пакуль што і няма. І калі святар заўсёды перад сваімі вачамі бачыць вобраз свайго закатаванага равесніка і брата па сану, гэта непазбежна будзе адбівацца і на яго практычнай дзейнасці – дадаваць яму адвагі, настойлівасці.
Ксёндз Ежы Папялушка, сам бясстрашны, вучыў адвазе і мудрасці, стойкасці і разважлівасці. Вучыў, што страх вядзе да зняволення і страты сваёй індывідуальнасці. Толькі чалавек, які здольны перамагчы сваю боязь, становіцца сапраўднаю асобаю.
Ксёндз Ежы Папялушка здабыў сабе маральны аўтарытэт у часы, калі многія страцілі свой аўтарытэт. Ён стаў асабістым прыкладам нават тым, хто страціў веру. Сапраўды, калі такія людзі ёсць сярод нас, дык жыццё ўсё яшчэ вартае жыцця.
Так ацэньваў гэты вялікі жыццёвы прыклад адразу, як кажуць, па гарачых слядах. З таго слушнага часу прайшло тры гады і мы цяпер пераканаліся ў праўдзівасці гэтых ацэнак. Так яно ёсць, і так будзе. І сапраўды прарочымі былі словы Яна Паўла ІІ, які ў лістападзе 1984 году сказаў: “О, каб з гэтай смерці вырасла Дабро, так як з Крыжа – Уваскрасенне”.
Дзейнасць знаёмых маіх ксяндзоў, што свядома ўзялі сабе за ўзор свайго духоўнага брата Ежы Папялушку, яскрава сведчыць пра велічную плённасць такога пераймання.
2 кастрычніка 1987 году. Прыгадалася Варшаўскае паўстанне. Яно цягнулася з 1 жніўня да 2 кастрычніка 1944 г. Распачалося паводле загаду афіцэра Бор-Камароўскага. Атрадамі Варшаўскай акругі кіраваў палкоўнік А. Chruњciel (“Монтэр”). Толькі ~10% паўстанцаў АК мелі ўзбраенне і амуніцыю на 2-3 дні бою. У такіх вось умовах лілася польская кроў цэлых 63 дні! А насупраць гораду, пад Віслаю, стаялі ўзброеныя да зубоў сытыя савецкія арміі 1-га Беларускага Фронту і гэтак званага Народнага Войска Польскага. Гэта войскі маршала Савецкага Саюза “паляка” К. К. Ракасоўскага! Ні ён, ні яго бліжэйшыя сябры, тады яшчэ генерал-палкоўнікі, М. А. Булганін і М. С. Малінін не кінуліся на дапамогу героям Варшавы.
6 кастрычніка 1987 году. Ствараецца ў Мінску новы часопіс – орган ЦК ЛКСМБ і СП БССР. Значыць, для моладзі. Назву яму далі “Крыніца” – для беларускамоўнага выпуску і “Родник” – для рускага. Штомесячны. 7 аркушаў і столькі ж творчых супрацоўнікаў. Узначаліць яго дазволена Уладзіміру Някляеву.
Апрача галоўнага рэдактара, туды пасылаюць М. Кацюшэнку – былога рэдактара “Знамени юности”, Л. Екеля – цяперашняга рэдактара гэтай самай газеты. Здаецца – намеснікамі. Гэтыя бяруць з сабою яшчэ аднаго адтуль журналіста – Паўла Якубовіча. Не забудзем, што і сам Някляеў ледзь не адтуль паходзіць: ён у гэтай газеце лічыцца літаратурным кансультантам. Выходзіць, што гэтых людзей яму С. Паўлаў не навязаў, што гэта яго, Някляеўскія, людзі.
Читать дальше