Што толькі не вешаюць цяпер на Ельцына! Вось толькі маўчаць, што ён пазбавіў і пазбаўляе незаслужаных прывілеяў маскоўскую партыйна-савецкую вярхушку. Маўчаць таму, што гэта і з’явілася прычынаю навальніцы.
Хто на чарзе цяпер у Лігачова?
Нарэшце надрукавалі ў “ЛіМе” мой матэрыял пра Яна Чыквіна. Два месяцы трымалі! А надрукавалі як? Прыкладна палову, калі не больш, выкінулі, набралі найдрабнейшым шрыфтам.
У гэтай самай рубрыцы – “Нашы госці” – на паласе сапраўды красуецца другі матэрыял, пра госця з Афганістана, перакладчыка рускай літаратуры М. А. Данешвара. Матэрыялы аднатыпныя. Аднак перавага аддадзена не беларускаму творцы, што жыве за мяжою Беларусі, а таму, хто ў Афганістане прапагандуе літаратуру свайго акупанта. Палітыканы няшчасныя! Добра, што хоць надрукавалі Чыквінскія вершы, хоць і слепа, і цяжка знайсці іх, і цяжка чытаць…
У панядзелак трэба даслаць пару экземпляраў гэтай газеты ў Беласток!
Некалькі гадзінаў працавалі з выдатнай мастакоўскай тройцаю. Бясстрашныя, апантаныя хлопцы!
19 лістапада 1987 году. Сёння заказной бандэроллю паслаў Яну Чыквіну “ЛіМ” з маёй нататкаю пра яго і з чатырма ягонымі вершамі. Цікава, ці атрымае?
Можа, створыцца новая канфліктная сітуацыя, як з В. Жукроўскім? Дарэчы, сёння, будучы там на галоўпошце, я аформіў “Міжнародны росшук” майго заказнога ліста, што 9 кастрычніка г.г. пасылаў яму.
Гэта мне пакуль што каштавала ўжо 60 капеек паштовымі маркамі! Пачакаем, што будзе далей.
Дарэчы, за бандэроль Яну заплаціў 1 р. 70 к. Во, колькі каштуе перасылка ў Польшчу 10-капейкавай газеты! Праўда, паслаў я яму паўтары газеты: адну цэлую і знешніх “разваротаў” два – стар. 1 – 16 і, адпаведна, 2 – 15. Значыць, на 15 капеек, а заплаціў аж 170 капеек! А Толя Сідарэвіч казаў, што навёў быццам бы ў іх там парадак, прымусіў іх знайсці “закон”, згодна з якім перасылка перыёдыкі каштуе значна танней. Званіў да Толі, каб высветліць сітуацыю, але нешта не адказвае.
…Цэлы месяц мой пісьмовы стол нагадвае алтарык у гонар ксяндза Ежы Папялушкі. 19 кастрычніка было тры гады як яго замучылі польскія кадэбісты. Для мяне гэты вобраз глыбока сімвалічны, улічваючы “тоўстае”, ці масіўнае, камуністычнае асяроддзе. Ён сімвалізуе па-першае, пастаянную гатоўнасць ахвяраваць сабою ў зацятай няспыннай барацьбе з антычалавечнасцю, па-другое, гэты вобраз не дае забываць, што вакол нас тыя, што таксама адрозніваюцца не меншым пастаянствам у барацьбе з намі, чым мы з імі.
Гэты алтар вянчае падабізна распяцця – выява помніка на магіле мучаніка. Пад гэтым крыжам – ягоная магіла. Над ёю – схілены Ян Павел ІІ. Здымак зроблены ў час Яго візіту ў Польшчу. І найбольш віднае месца на стале займае прыгожы партрэт святара. Усе выявы ў прыгожых дэкаратыўных рамках. На гэтым стале стаялі ў мяне ў свой час партрэты нябожчыкаў Міхася Стральцова, Улафа Пальмэ, Уладзіміра Караткевіча, Джона Кенэдзі, Яна ХХІІІ. Усе яны недзе і цяпер захоўваюцца ў бібліятэцы. Захоўваюцца з тымі ж жалобнымі стужкамі. І толькі гэты раз я не афармляў жалобай. Бо падзеі, звязаныя з Ежы Папялушкам уяўлялі і то толькі спачатку жалобу толькі для ягонай сям’і. А ў адносінах да ўсіх – гэта трыумф чалавека над сіламі зла.
26 лістапада 1987 году. Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У Оршы ўжо маем вуліцу Яго імя. На гэтай вуліцы Ён і жыў пасля вайны. Яна ідзе паміж Дняпром і галоўнай вуліцай гораду (Ленінскай, вядома). Аднак хацелі “падставіць” нейкую маленькую вулічку з “мілагучнай” назваю Лагерная! Пасыпаліся ў гарвыканкам пратэсты. Дамагліся перайменавання вуліцы Касманаўтаў!
На ўрачыстасць ездзілі Наталля Сямёнаўна, Ул. Дамашэвіч, В. Ждановіч, М.Купава, Я. Янушкевіч (чаму з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў нікога не было?). Рускамоўную шыльду пра гэту падзею прымацавалі да канторы піўзаводу, што пачынае вуліцу. Заказалі і “імянныя” шыльды на дамы, на дзвюх мовах. З адной, аршанскай, моваю, нельга ж аніяк абысціся! А раптам тыя, хто ведае толькі літары “Короткевич”, не прачытаюць “Караткевіч”?
27 лістапада 1987 году. На сёння я быў запісаны на чарговы “сеанс” зубапратэзавання. Аднак учора папярэдзілі, каб не ішоў: яны не гатовы прыняць. Добра, што хоць папярэдзілі! Такое, на жаль, не так часта ў нас бывае.
Затое непрадбачаны быў выклік у выдавецтва – на справаздачна-выбарны сход. А кантралёраў найшло колькі! Сам Дзялец з Валынскім! З райкаму! З гаркаму! З Цэка!
За парадкам там сачыў, як звычайна, Пятро Шаўцоў. Ён і выказваўся супраць запрашэння на сход беспартыйных і выступіў з патрабаваннем, каб яны пакінулі сход пасля абмеркавання галоўнага пытання: на перавыбарах, маўляў, няма чаго ім рабіць. А “перавыбіралі”, дарэчы, мяне: я і не ведаў, што лічуся там членам бюро. Некалі выбралі, а пасля памяняўся парадак перавыбараў, так я і “застаўся” там. Папрасілі, каб я напісаў адпаведную заяву. Напісаў, задаволілі “просьбу”. Вылучылі і выбралі дырэктара выдавецтва. А яго папярэднік – Анатоль Бутэвіч – прадырэктарстваваў свой тэрмін, так у бюро і не трапіў. Месца было “заблакіравана” мною!
Читать дальше