– Гэта ўжо бітлз? – перапытвае Вася.
Мама Дэйва працавала ў партовай канторы машыністакай і, рызыкуючы сваім жыцьцём і рэпутацыяй, час ад часу дапамагала паўстанцам выпраўляць іхныя кіравецкія і шлюбныя пасьведчаньні. Такім чынам, юны Дэйв падрастаў у атмасфэры нацыянальнай сьвядомасьці і нянавісьці да каралевы-мамы, прынца Чарльза і ўсіх яго малалетніх выблядкаў, ва ўсялякім разе так сьцьвярджае містэр Баскомб. Першым эмацыйным узрушэньнем для будучага артыста эстрады стаўся выпадак, калі падчас разгону традыцыйнай для ірляндзкіх сэпаратыстаў першамайскай дэманстрацыі праз каталіцкія раёны Ольстэру конныя брытанскія паліцэйскія згвалцілі Дэйвава тату... не, – раптам запінаецца вядучы, – ня тату. Маму. Так – Дэйваву маму. Перапрашаю, паважаныя радыёслухачы, – гэтую інфармацыю для нас пераклалі нашыя калегі зь лёнданскай рэдакцыі, таму магчымыя некаторыя стылістычныя недакладнасьці. Такім чынам, Дэйваву маму. Проста на вачах будучай зоркі шоў-бізнэсу. Гэта, бясспрэчна, стала не абы якім стымулам... то бок не абы якім узрушэньнем для маладога хлопца, які ня меў дагэтуль падобнага досьведу, і асновай для яго будучага першага дыску, які адразу стаў платынавым. Але пра гэтыя і іншыя прыемныя рэчы – пасьля невялічкай музычнай паўзы. (Вядучы робіць паўзу.) Музыка і словы сьцяпана галябарды. «Мая мама». Выконвае аўтар.
сьцяпан галябарда цяжка кранае сваімі валасатымі пальчыкамі клявіятуру, я скурай адчуваю гэтае ягонае варушэньне тоўстымі валасатымі , чырвонымі адросткамі, робіць пройгрыш на сваёй плястмасавай іёніцы і пачынае сьпяваць. «Я спытаў у ветра, каля брамы, – сьпявае ён, – ці ня бачыў ты, та-ра-рам, маёй мамы. Ты схадзі, штосьці там та-ра-ра-рам, за тую браму, там я бачыў, та-ра-ра-рам, тваю маму». «Тваю маму, тваю маму», – хмура ўступае хор.
– Гэта што – хор? – пытаюся я, павярнуўшыся.
– Хор, – няўпэўнена адказвае Вася.
– Да? А я думаў, што сьцяпан галябарда сам сьпявае.
– Гэта хор.
– Што хор?
– сьцяпан галябарда – гэта хор, – кажа Вася.
– Як гэта?
– Так. Вось паслухай.
«Тваю маму, тваю маму», – сумна падтаквае сьцяпан галябарда з касьмічных глыбіняў.
– Ты ведаеш, – кажу я, – калі гэта і хор, то нейкі нядобры хор. Нейкі злы хор. Чуеш, як яны пра маму?
«Тваю маму», яшчэ раз пагрозьліва адгукаецца сьцяпан галябарда.
– Мне здаецца, – кажа Вася, – яны нас падслухваюць.
– Ага, здаецца, яны насьцярожыліся, чуеш – змоўклі?
– Яны нас пасуць.
– Наўрад ці. Навошта гэта ім?
– Ня ведаю. Можа, яны зь міліцыі.
– Да, нейкія яны нядобрыя.
– Я кажу табе – больш упэўнена гаворыць Вася, – мянтура, сто пудоў мянтура. Чуеш – змоўклі, сукі.
– Пачакай, – кажу я, – не завадзіся. Якая ж гэта мянтура? Мянтура не сьпявае.
– Ага, не сьпявае. Сьпявае. Ты глядзеў калі-небудзь навіны?
– Што?
– Навіны.
– А. Не, не глядзеў.
– А я, – кажа Вася, – глядзеў. Там паказвалі мангольскіх міліцыянтаў. У іх быў дзень незалежнасьці, і яны сьпявалі.
– Што – усе?
– Ну, не, ня ўсе. Хор. Вось таксама як тут, – паказвае Вася на прыкольную радыёлу. – Стаялі, гады, і сьпявалі.
– Ну, і што?
– Ну, і тут тое самае. Гэта мянтура, павер мне.
– Ды ладна.
– Я табе кажу.
Хрррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррр
– Чуеш? – зашаптаў Вася. – Мусарня.
Я ўяўляю сабе як з таго боку радыёпрасторы, недзе ў Манголіі, стаіць хор міліцыянтаў на конях, сьціскаючы ў руках нагайкі, і трывожна ўслухваецца ў эфір, намагаючыся злавіць наш шэпт. Мяне аж прашыбае халодны пот, о-о-о, – думаю.
– Пачакай, – кажу, – але ж вядучы сказаў, што гэта сьцяпан галябарда.
– А ты ведаеш, – пытаецца Вася, – што гэта значыць?
– Што значыць?
– Ну, вось гэтая «галябарда» што значыць?
– Ну, і што?
– Гэта і значыць мянтура.
– Ды йдзі ты.
– Я табе кажу. Гэта мянтура. Гэта хор мангольскіх міліцыянтаў.
– сьцяпан галябарда – гэта хор мангольскіх міліцыянтаў?
– Так.
– сьцяпан галябарда?
– Сто пудоў.
– Ну, добра, – кажу я. – Я яшчэ магу пагадзіцца з тым, што іх там сапраўды шмат, нават з тым, што яны зь міліцыі.
– З мангольскай міліцыі, – удакладняе Вася.
– Добра – з мангольскай міліцыі. Але чаму яны называюцца сьцяпан галябарда?
– Дык гэта ж па-мангольскаму і значыць – «Хор мангольскіх міліцыянтаў»!
– сьцяпан галябарда – гэта «хор мангольскіх міліцыянтаў»?
– Так. Па-мангольскаму.
– Значыць сьцяпан галябарда – гэта множны лік?
– Так. Гэта множны лік, – упэўнена кажа Вася.
Читать дальше