А наш маладзёжны канал працягвае сваю работу і калі вам ёсьць што сказаць, можаце зрабіць гэта па тэлефоне хррр хр хр.
– Запісваю, – раптам кажа Вася, – стоп: запісваю.
Ён сапраўды дастае з кішэні джынсаў пакусаную шарыкавую асадку і піша ў сябе на левай далоні нумар. Навошта табе гэта? кажу, перастань, тут тэлефону, мабыць, няма, як няма? гаворыць Вася, устае і няцьвёрда рушыць у бок спальні, трымаючы перад сабой выцягнутую левую далонь с запісаным на ёй нумарам. Дзьверы ў спальню зачыненыя, але Вася пачынае стукаць, што табе? нарэшце адгукаецца адтуль наш сябра, здаецца, мы іх там ад чагосьці адрываем, мужык, дай тэлефон, крычыць Вася, наш сябар змаўкае, пэўна думае, ці да яго гэта зьвяртаюцца, Вася працягвае стукаць, ну, мужык, крычыць ён, хопіць ужо трахацца, дай тэлефон, а мы і не трахаемся, хутка адказвае наш сябар, дзьверы неадкладна адчыняюць, у іх прасоўваецца голая валасатая рука (вось яно, думаю я, сьцяпан галябарда з намі), што трымае тэлефон, Вася на ўсялякі выпадак прасоўвае ў дзьверы сваю левую руку з нумарам, каб там і ня сумняваліся, што яму патрэбны тэлефон, хутка забірае апарат, за якім цягнецца доўгі-доўгі шнур, дзьверы адразу ж зачыняюцца і Вася ідзе назад, зараз, – кажа, – я гэтаму чортаваму вядучаму патэлефаную, навошта? пытаю, зараз-зараз, пабачыш, Вася ставіць апарат па падлогу, і, спраўджваючы лічбы на левай руцэ, правай пачынае накручваць дыск, прыціскаючы слухаўку вухам і гаворачы, зараз-зараз, я гэтаму підару
гэта былі апошнія навіны, ласкава перакладзеныя і перададзеныя нам нашай лёнданскай рэдакцыяй. А я прапаную вам, паважаныя радыёслухачы, зрабіць яшчэ адну музычную паўзу, ага, – раптам кажа вядучы, – у нас, здаецца, тэлефонны званок, паслухаем хто гэта
усё скажу, алё, – гаворыць Вася, – алё.
ня сьпіць гэтай позьняй парой. Гаварыце...
я гэтаму підару зараз усё скажу, зараз-зараз
гаварыце-гаварыце, вы ў эфіры
там нехта ёсьць, – Вася разгублена працягвае мне слухаўку
ну, яшчэ б, – кажу
а хто гэта? – спалохана пытаецца Вася
підар, – кажу я, – якому ты ўсё хацеў сказаць. Так што давай.
– Я слухаю вас, – трохі нэрвова гаворыць вядучы, ён заўважна стаміўся ад такой работы, ну, але, мае даседзець, дзявацца няма куды.
– Алё, – кажа Вася на ўсялякі выпадак.
– Вы ў эфіры, – кажа вядучы.
– Што? – не разуме Вася.
– Гаварыце-гаварыце.
– Што яму сказаць? –пытаецца ў мяне Вася шэптам.
– Ня ведаю, – шапчу ў адказ. – Пра музыку што-небудзь запытай.
– Пра музыку?
– Пра «Дэпэш Мод». Ведаеш што-небудзь пра «Дэпэш Мод»?
– Ня ведаю.
– Ну, тады што-небудзь пра музыку ўвогуле. Пацягні час, каб ён не зарыентаваўся. Гэта галоўнае.
– Добра, – напружана кажа Вася і прыкладвае слухаўку да вуха. – Добры вечар.
– Як вас завуць? – цярпліва пытаецца вядучы.
– А навошта вы пытаеце?
– Ну, я ўсіх пытаю, калі хто дазвоніцца – як вас завуць.
– Праўда ўсіх? – удакладняе Вася.
– Усіх-усіх, – заспакойвае яго вядучы. – То як вас завуць?
– Ну, – пачынае гандлявацца Вася, – мяне завуць... А вас як завуць?
– Мяне?
– Так, вас.
– Ну, мяне, – какетнічае вядучы. – А, ладна, Бог зь ім. Што вы наагул хацелі?
– Ад каго?– зноў не разумее Вася.
– Ну, ад мяне.
– Што? – шэпча мне Вася.
– А я ведаю? – адказваю. – пагавары зь ім пра музыку. Галоўнае – пацягнуць час, разумееш?
– Разумею, – кажа Вася. – На, сам пацягні.
Ён тыцкае мне ў морду слухаўку, я ўдыхаю паветра і адчуваю як моцна слухаўка пахне кетчупам, так, нібы яе нехта доўга пхаў у вядзерца са спэцыямі, кетчуп проста сьцякае па ёй, мяне адразу ж пачынае выварочваць.
– Слухай, – кажу я Васю, – ты тут патрымайся, я пайду адалью. Галоўнае – сачы за мовай, не кажы лішняга! Ты зразумеў? – сачы за мовай! Не кажы лішняга! Сачы за мовай! – крычу я ўжо з сарціру.
– Алё, – нагадвае пра сябе вядучы. – Вы там яшчэ жывыя?
– Сачы за мовай, – хмура кажа яму Вася.
– Прабачце?
– І не кажы лішняга! – дадае Вася.
– То пра што вы хацелі пагаварыць?
– Ну, ня ведаю, – кажа Вася, – пра музыку.
– Пра музыку?
– Так. Пра «Дэпэш Мод».
– Цудоўна.
– Так? – зь недаверам перапытвае Вася.
– Цудоўна, – запэўнівае яго вядучы. – Вам спадабалася нашая праграма?
– Не, – гаворыць Вася.
– Чаму? – пытаецца вядучы.
– Мне, – спрабуе патлумачыць Вася, – не спадабалася пра шоў-бізнэс.
– Так-так, – гаворыць вядучы.
– Вы разумееце, – Вася доўга падбірае словы, цягнучы час, – я ня тое, што не люблю шоў-бізнэс, хоць, мабыць, усё-ткі не люблю.
Читать дальше