Неўр ведаў, што ён рабіў. Але ведаў таксама, што ніколі і нікому не раскажа пра гэта. І асабліва свайму настаўніку. Неўр дакрануўся да чалавека-цмока, прыўзняўшы яго галаву. Позіркі сустрэліся. Неўраў, спачувальны і засцярожаны, і цмокаў, пакутлівы, мудры і крыхураўнадушны. Быўупэўнены, што нічога не зможа зрабіць смяротны. І не спадзяваўся. Памыляешся, нашчадак Сусветнага. Табе не спазнаць людской утрапёнасці і веры.
— Будзь маім Абярэгам, Першы ўладар неба, — адно ціха прамовіў неўр.
Вусны таго, да каго ён звяртаўся, кранула ўдзячная, такая знаёмая ўсмешка.
СПАДЧЫНА НЕЎРА
Такая знаёмая ўсмешка святла клікала на дапамогу. Чарадзейным, бачным толькі для магічнага зроку, святлом было заліта ўсё навокал. І хоць не здаваліся яшчэ светла-іскрыстыя чары, але неўр ведаў, што час святла няўмольна мінаўся. Неўр ішоў далей, у нязведаны шлях, з сумам пакінуўшы Каліну. Барвянае ў сваёй іскрыстай, неўтаймаванай чырвані, паціху заходзіла над зямлёй сонца. Ягоныя нябачныя промні развітальна краналіся ўсяго, што жыло на гэтай зямлі. Краналіся і цёмных ялін, што засталіся дзесьці далёка-далёка, у пачатку неўравага шляху. Шляху чараў, які пакуль што хаваўся ў смузе нязведанага. Гэта казала неўру пра тое, што ўсё наступнае пакуль залежыць толькі ад яго.
Промні сонца падалі на парослую густой травой сцежку пад нагамі неўра, што хавала ў сабе нязгасныя сляды людскіх чараў. І рабіліся гэтыя сляды пад жыццядайным святлом то засохлымі калючымі, жорсткімі купінамі травы, то ярка-зялёнай, трапяткой і ласкавай рунню, што не ведала пра змярканне і таму радасна і аддана вітала сонца. Бачыў неўр, як цягнуліся маладыя парасткі да аслаблага сонца, чакаючы ад яго ўсходу, дапамогі і жыцця. І, бадай, толькі ён адзін ведаў, што гэтыя добрыя ўчынкі людскіх чарадзеяў ніколі не змогуць атрымаць свайго законнага працягу. Таму што час святла мінаўся. А жорсткай траве было ўжо ўсё роўна, яна не ведала далейшага жыцця і не спадзявалася на літасць.
Гарачыя, ласкавыя промні святла зніклі ў асмужанай шэрані, што раптоўна паўстала перад неўрам, зацінаючы яму шлях. Там, падказвалі выкліканыя чары, было шэрае аднастайнае неба, якое злівалася з яшчэ больш аднастайна-шэрай халоднай зямлёю. Там лятуць шолахі ветру, кратаючы адно толькі парослыя абапал шляху, высахлыя галінкі быльнягу. Там калышацца ў сумётах чорная лістота, што не мае памяці. Там толькі шэрань... Там толькі пустэча... Там толькі адзінота...
Неўравы чары пранікалі ўсё далей і далей. Пакуль нарэшце не напаткалі ціхую іскрынку святла, што лучылася мудрасцю і спакоем. І не мог сказаць чарадзей, каго адшукала пасланая далёка наперад магія. Хто мог валодаць такімі чарамі, вытрымкай і мэтай, што змог жыць у гэтым шэрым свеце. Але тая істота чакала... Чакала таго, хто здолее здзейсніць чарадзейства, якое б пераўзышло шэрань створанага невядомымі чарамі свету. Чакала таго, у каго хопіць мужнасці і веры перайсці страшную мяжу. Неўр амаль не вагаўся. Ён паклікаў магію, якую даўно не бачыў гэты свет, і імкліва пайшоў наперад.
Ён перайшоў мяжу і трапіў у сіні дзень, пра які не папярэджвалі чары. Да непазнавальнасці змяніўся вакольны свет. У густым паўзмроку патанала тое ж неба, цьмянай і шэрай зрабілася тая ж зямля. Нібы ўяўныя згусткі змроку плылі навокал, усё атуляючы сабою, нагадвалі чарадзею такое знаёмае небыццё. І ўсё ж гэта не магло быць небыццём, таму што была магія сіняга дня рукатворнай. Той, хто стварыў гэта, быў магутным, як Першы Неўр, мудрым, як Сусветны Змей, непрадказальным, як Дзіў. Ён змог задзейнічаць людскія чары, падначаліць сабе духаў усіх чатырох стыхій і ператварыць сілу небыцця. Хто ж ты такі, што стварыў сіні дзень?
— Але я не вяртаўся адтуль. Падыдзі да мяне, я хачу бачыць таго, хто спазнаў небыццё, — ціха, але настойліва прашалясцеў голас. І яму немагчыма было пярэчыць.
Са здзіўленнем убачыў неўр, што кожны крок у гэтай прасторы становіцца чарамі, якія пераносяць яго далёка наперад. Тут, дзе ўжо не было дня, але не настала яшчэ і ноч, на хісткай і небяспечнай мяжы, мусіў ён крочыць па пройдзеных людскімі чарадзеямі магічных шляхах. З кожным крокам змянялася прастора, і пазнаваў неўр людскія страты і радасці, перажываў іх, як свае. Цуд усёй смяротнай і бессмяротнай магіі, сіні дзень. Ён клікаў надзеяй нераскрытых таямніц, песняй вартых скарбаў, якія былі зусім побач. У адным адчайна-рашучым кроку. Нібы ўвачавідкі назіраў чарадзей набліжэнне зорнага сонца ўсёй Неўрыды... Свет стане лепшым. Цяпер абавязкова стане. І навошта было звацца моцным неўрыдскім чарадзеем, які мог ствараць чары спадчыннай, крэўнай памяці? Не, не трэба... Тыя, хто прайшоў тут раней, не дайшлі якіх паўкроку. Але яны пакінулі ў спадчыну мэту, да якой вялі сляды іхніх чараў. Яны клічуць здоўжыць шлях пошуку, трывожныя і вечныя сляды.
Читать дальше