Магія невядомага і непрадказальнага завалодала ім, прымусіўшы змоўкнуць яго ўласную. І стаў цяпер неўр адным з людскіх чараўнікоў, слабыя чары якога падтрымлівала толькі трапяткая сіла яго душы. З цяжкасцю даецца кожны крок, нібы там, на Калінавым мосце. Не можа людская магія пераадолець таго, чаго ёй пераадолець не наканавана. І з кожным крокам набліжаецца чалавек да Калінавага моста, па кроплі аддаючы сваю душу чарам. З кожным крокам бліжэй і бліжэй незваротнае, якое ніколі не зможа пераадолець смяротны. Не цёмны сіні дзень. Так пяшчотна раскрывае свае абдымкі шэрань, абяцаючы збавенне ад пакутаў і спакой. І, здаецца, праменіцца сіняе святло, у водблісках якога патанае зямля і неба. Сіняе, светлае, празрыстае. Крок, яшчэ крок. У абдымкі сіняга святла. Ціха пакалыхваецца Калінавы мост пад нагамі.
Невядомая сіла ўзрывае на мірыяды маленькіх іскрынак неўраву свядомасць. За спінаю з ’яўляюцца блішчастыя крылы, па якіх пазнаюццаўсе нашчадкі Сусветнага. Нечаканаўруках неўра з ’яўляецца зброя. З лязгатам сутыкаюцца мячы. Невядомая сіла прымушае неўра сустракаць гулкія Перуновы ўдары, ухіляцца і падаць, прапускаючы над галавою знішчальны блішчасты меч і ў сваю чаргу заносіць над богам зброю, імкнучыся прабіцца праз яго шчыльную абарону. Гэтая сіла прымусіла знікнуць усе думкі, акрамя адной: ёсць толькі змаганне, дзе слабы памрэ, а моцны — будзе жыць. Не думаць, змагацца. Не думаць, адкуль ён, смяротны, ведае, што зараз зробіць лепшы воін Сусвету. Не думаць, як ён, хто ніколі не ўмеў трымаць у руках зброю, змог прымусіць самога Грамаўніка сысці ў глухую абарону. Толькі змагацца. Ужо не кіруе ім невядомая сіла, а становіцца існасцю яго, раскрываючы ў гэтым змаганні сваё вялікае майстэрства валодання зброяй, якое ніколі не спасцігнуць неўру. Ухіліцца, паймаць Перуновы меч на свой, даць бессмяротнаму найглыбей праваліцца у свой удар, і, вокамгненна крутануўшы зброю, ударыць самому... Каб дасягнуць мэты.
— Я Свеціч з роду Свецічаў, я апошні чарадзей Вялікага Кола, я апошні неўр ахвяраванага табой народа. І мы не размінёмся на маім Калінавым мосце.
Доўга не азываўся паранены Грамаўнік, глядзеў на неўра, свайго пераможцу. Глядзі-глядзі, бессмяротны. Я сапраўды апошні з пакінутых багамі і табою, Пярун. Я паўстаў з небыцця. Што мне да вас, багоў. Не мне папракаць вас у жорсткасці, таму што папракаць — гэта значыць верыць. Апошні Свеціч, апошні чарадзей, апошні неўр, я ведаю пра вас усё і я не веру ў вас. Вашу боскасць, літасць, мудрасць. Іў жорсткасць. Вы толькі абыякавыя ў сваёй уладарнасці, вы толькіраўнадушныя ў сваёй барацьбе за лад і парадак. Мне сапраўды няма чаго губляць. Ія буду верным сабе. На гэтым баку моста ці на тым.
— Будзь ты пракляты, паганы цмок, — толькі і сказаў Грамаўнік, пакідаючы мост.
Невядомая сіла пераадольвае прастору сіняга дня. Лёгка і хораша ляцець у паветры. Вялікая магія нашчадка Сусветнага праганяе змрок. Зніклі невядомыя чары, і тады чарадзей убачыў таго, хто стварыў сіняе небыццё.
***
Чарадзей убачыў таго, хто стварыў сіняе небыццё. Але гэты не меў ні магутнасці Першага Неўра, ні мудрасці Сусветнага Змея, ні непрадказальнасці Дзіва. Ён быў мацнейшы за ўсіх. Таму што гэта быў ягоны брат, вучань яго настаўніка. Неўр.
— Адкуль ты тут, брат мой? — ціха прашаптаў неўр з роду Свецічаў.
Але маўчаў у адказ ягоны брат, толькі з жахам узіраўся ў Свецічаў твар, нібыта глядзеў і не пазнаваў, бачыў і не мог убачыць. Клікаў да сябе магію сіняга дня, робячы з яе моцныя абарончыя чары. Маўчаў і Свеціч, усё больш разумеючы пра таго, з кім звёў яго шлях. І ніяк не мог спасцігнуць: як гэта здарылася з такім, як ён, з чарадзеем, неўрам. Цяпер жа Свеціч мог толькі асуджальна глядзець на таго, хто страціў сваю волю і стаў адно цацкай у руках багоў. Яны падпарадкавалі яму вялікую магію, якою неўр не ўладарыў. Не мог уладарыць. Толькі выконваў волю бессмяротных: прыцягваць чарамі ўсіх тых, хто меў замнога дзёрзкасці і надзеі. На самога сябе і свае чары. А не на магутнасць багоў. Такі, утрапёны і смелы, рана ці позна прыходзіў сюды. І пераходзіў мяжу, як і ён, Свеціч. Таму што бачыў боль і пакуты, якія нельга было не ўбачыць, бо чары заўсёды бачаць сапраўднае. І, дапамагаючы, чарадзей хутка сам трапляў у палон чараў сіняга дня: боль, раздзелены з неўрам, якога трымала на мяжы жыцця і нежыцця магія бессмяротных, быў занадта вялікі для любога смяротнага і пасылаў таго за Калінавы мост, адкуль ужо не было вяртання.
Читать дальше