Галоўным было — рэцэнзія на Сотнікава, і пры звычайнай нездаволенасці я ўсё ж лічу справу зробленай (падтрымаў і Вярцінскі). Пісаў ноччу, губляў і таптаў думку ў нявывераных словах.
Выдавецтва падпісала дагавор на Куляшова (клапацілася Клара Міхайлаўна Смірнова, і я папрасіў перадаць ёй, што заўсёды помню дабро).
Цяжкая каўзаніна па чужых рэцэнзіях — колькі ўжо наварочана за гэтыя тры гады...
Дні позняй восені — з туманамі, што ўзыходзілі ўверх, адкрываючы сонца, з духам яснасці і бадзёрага святла, з водбліскамі шчасця на прыгожых дзявочых тварах. Пара спакою для пенсійнай старасці і бесклапотнай волі для юнацтва. Але гэта заходзіла ў мяне мала — не пускалі стомленасць, клопаты, непатрэбныя гаворкі.
Я быў благі і гідкі, калі разлічваў на нейкія гадзіны ўцехі, а цяпер зноў — няпэўна і няўпэўнена — вяртаюся да трывалай стойкасці і паслядоўнага аскетызму..
Кожны чалавек заслугоўвае найвялікшай увагі, дабраты да яго і шчырасці. Але ж нават лепшым і адораным амаль што не перападае сціплага самага разумения. Вось нават Жэня Янішчыц — мела столькі пахвал за вершы, а хто зразумеў і хоць крыху акрыліў яе душу (акрыляла ея сама і памылялася шмат, знойдзенае —з ёй, але колькі — і якіх —страт!).
10.10.
Сёння ў газетах: А. Салжаніцын — лаўрэат Нобелеўскай прэміі.
Пасля цёмных халадоў, стылай і змрочнай пагоды зніклі аблокі, расхінуліся туманы — прыйшлі дяпло і сонца, раскрыліся вышыня і бязмежная далячынь.
Заняты рэцэнзіяй на «Сотнікава», я вымушаны аддзяліць сябе ад гэтага ўсеагульнага шчасця, ад жыццёвай паўнаты і свабод'ы, але і мне так патрэбен быў гэты дотык — хай толькі беглы — да сіняга неба, да спакойнай ціхай жоўці, да рассеянай надакучанасці гэтага кастрычніцкага цяпла і святла. Як да надзеі, да магчымасці жыць інакш і інакшым...
Учарашняя лёгкасць у філармоніі, дзе чытала засл. арт. рэсп. Давыдава Берггольц, Ахматаву і Цвятаеву. Ад гэтага была тады вечарам вастрыня і прасторнасць думкі, хуткая дакладнасць розных меркаванняў пра паэзію і паэтаў, і я, нязгорблены і годны, багацеў душою.
16.10.
У Саюзе было абмеркаванне творчасці маладых крытыкаў Андраюка, Бечыка і Жураўлёва. Цяжкі груз пахвал. Побач — Толя Кудравец. Рады за сябе і за хлопцаў. Хаця пра ўсіх нас — з відочнымі перабольшаннямі.
Два літоўцы — бацька і сын — захапілі наш самалёт АН-2, забілі сцюардэсу Надзю Курчанка (20 гадоў!), паранілі некалькі чалавек і прымусілі экіпаж пасадзіць самалёт у турэцкім горадзе Трабзоне. Суд першай інстанцыі адмовіў пракурору даць ордэр на арышт гэтых самых Бразінскісаў...
...Днямі — дзіўны стары ў рэдакцыі. Кій з жалязякай. Прасветленая яснасць твару. Старое зімняе нехлямяжнае паліто. Пачынае гаварыць, і знікае ўражанне юродзівасці. Самавук — прапаведнік, багамолец, філосаф са сваімі ўяўленнямі пра старасць, небыццё, праўладу, ісціну і праўду.
Еўтушэнка піша:
Голос мой в залах гремел, как набат.
Площади тряс его мощный раскат,
А дотянуться до этой избушки и
пробудить ее — он слабоват.
Моцна сказаная праўда, але ў нечым праў і Перэдрэяў: аўтар пастаянна помніць, «кто он». А ў мяне яшчэ пытанне: «в залах» — набат?» На сябе пародыя.
25.Х.
...пакуль што толькі ліст Анастасіі Раманаўне Адзінец (пра помнік Паўлу Максімавічу Дубовіку), што сціплы, просты і надзвычай удалы — асабліва кніжка і беларускі надпіс; як гэта добра зроблена — ад беларускіх літар ішло святло нейкай роднасці і добрай прастаты, і гэта так стасуецца да духоўнага аблічча П. М., да яго культуры, што не адрывалася ад роднай мовы і народа).
30.X.
Цяжкі і нечаканы быў гэты тыдзень. Тэлеграма вечарам ад Мардуевай: Вера Фамінішна ў бальніцы. I адразу стала жыць і цяжка і безвыходна. Паехала мама ў сераду, а я меўся ў панядзелак.
В.Ф., паралізаваная, слухала маму і давала знакі поціскам рукі. Адпусціла маму і тут жа неўзабаве памерла.
Чацвер — чорны, замглёны нейкай агіднай халепай, гнілым надрывістым ветрам, быццам усё стала няісным, што варта жыцця і радасці.
Першыя пахавальныя клопаты — вянок і гарэлка. За імі — клубілася і адкладалася ў душы сапраўднае гора, што і не валіць з ног, але застаецца назаўсёды як горкая віна і шкадаванне. Ішлі, ішлі, і здавалася, што музыка хістала чараты на сажалцы і гусціла пахмурнасць.
Іван Апанасавіч Будай, дырэктар школы, прыняў удзел, сказаў добрыя і дакладныя, нягучныя словы, сказала мама і я.
Самае страшнае — думаць, як жыла і чым маркоцілася яна ў апошнія дні гэтай сваёй адзінотнасці.
Читать дальше