...Сябры Стральцова рабілі ўсё, каб ён мог вярнуцца ў Менск.
Заканчвалася рэальна-прывіднае эпісталярнае суіснаванне. Як згадваў Стральцоў, „так хочацца пабачыць цябе — i... схавацца куды-небудзь. Не здзіўляйся. З радасці („той грустной радости”) ці са смутку, што ты так нядаўна належала мне па праву „затворничества” хіба, i што вось надышоў час развітвацца з пэўнымі прывілеямі — з прывіднымі прывілеямі, на жаль. Што ты на гэта скажаш? Ах, Піцербурх! Няўжо аднаму падавацца на вуліцу Бродскага i ў Рускі музей?”
„Прывілеі” нашы i сапраўды касаваліся. Але з нашым бюракратычным ладам Міхась Стральцоў затрымаўся ў Мазыры ажно да зімы — апошні яго ліст пазначаны: 2.XII.82 г. А пакуль быў яшчэ ліпень. I 1982-гі год лічыў месяцы па грэгарыянскім календары. I я атрымлівала лісты.
„Дзень добры, Ала!
Итак, свершилось, матушка! — атрымаў, нарэшце, ад цябе пісьмо. Пачаў чытаць, а там недаўменне, чаму не пішу. I тут я пачухаў патыліцу. Бо пішу i адказваю — у той жа дзень, як атрымліваю пісьмо, — i не таму, што я такі акуратненькі-дакладненькі, а таму, што не церпіцца з табой хоць так, ліставейна, паразмаўляць, выклікаць цябе на ўласныя вочы i як бы адчуць тваю прысутнасць ледзь не дых у дых. Во як — не смейся!
<... >
Як бы там ні было, я ўзрадаваўся твайму пісьму, бо пачаў думаць ужо немаведама што. А цяпер вось шкадую, што не чытаў „бергманска-антаніёніеўскае блюзнерства” i не ўведаю, што гэта такое. Я, калі не памыляюся, пісаў табе пра „Піцербурх”, што наконт гэтага думаеш, не вем. Хоць, кажу наперад, „сунічных палян” [маецца на ўвазе фільм ЬБергмана] там няма, ёсць марошка, — ці не яе прасіў, паміраючы, Пушкін?
Добрая душа, ты спяшаешся прарочыць мне блізкую дарогу. У лепшым выпадку гэта будзе — цьфу, цьфу, цьфу! — у верасні. I то — каб жа! <... >
Пісаць я нічога не пішу — з каранцінам скончылася мая пісаніна, як ты ведаеш хаця б па вершыках, даўно. Няма часу. Думаць няма калі. Рэцэнзіі на мне вісяць — яшчэ не зрабіў. Паспрабую мо хіба для „Ліма”. А мо ўсяму віною К. — адвярнуў ён мяне ад „творчасці”, дальбог. Бо мусіў яго збольшага, праз сілу, прачытаць. Такім дурным, неістотным паказалася ўсё гэта — наша пісаніна наогул.
Але вось ляжыць тут у мяне томік лермантаўскага „Героя...” — даўно ўжо не перачытваў яго — гады чатыры ці пяць. Баюся. Можа, тады перачытаю, калі сам што-небудзь пачну ў прозе рабіць. Цуд канструкцыі i жывапісных проста-такі „ракурсаў” i „рэфлексаў” пры стварэнні перспектывы, аб'ёмаў i планаў. I так лёгка самому Талстому руку падаў. Нехта там выводзіў некага з гогалеўскага „Шыняля”, а Толстой дык, дальбог, з лермантаўскага „Валерыка” скокнуў. Маштаб. Памятаеш ягоную „Спрэчку”? „У Казбека с Шат-горою был великий спор”. Проста-такі панарама з касмічнага карабля! I тут жа якая-небудзь „Молитва” (ix, здаецца, дзве), тая, дзе „с души как бремя скатится сомненье далеко: и верится, и плачется, и так легко, легко”. У гэтым жа радзе: „Ночевала тучка золотая...”, „Горные вершины...” — якое ўменне адрынуць ад бур i скрух душэўных, па-дзіцячы бязгрэшна паплакаць перад прыгажосцю Боскай i зямной. Вялікія „перапады”, амплітуды рухаў душэўных — ці не гэта адно выдае імгненную гатоўнасць душы „к соображению понятий”, душэўную рэактыўнасць, назаві гэта вышэйшай ступенню таленту, мацартыянствам, ці як? — усё роўна.
Што табе сказаць яшчэ, чаго не пішуць нашы лянотныя літаратуразнаўцы? Прачытай у Лермантава „Штосс” — пачатак нечага рамана, можа. Мне заўсёды здаецца, што так пачаць мог бы Дастаеўскі. Няхай ранні, часоў „Хозяйки”, „Голядкина” и т.п.
Не ведаю, навошта гэта пішу. Паводле выпадковых асацыяцый? Але ці выпадковыя яны — не асацыяцыі (нашы), а факты, што за імі? „Нет на земле ничтожного мгновенья” — у панараме духоўнага развіцця (i літаратурнага) заканамернасцей, безумоўна, шмат — i тут не трэба быць Сашам Яскевічам, каб зразумець гэта (ці, можа, убачыць). Гэтак жа я, напрыклад, бяруся даказаць, што такі „эпік”, як, напрыклад У., належыць да дрэнна зразуметай коласаўскай традыцыі, хоць сам ён чамусьці думае, што выйшаў з Чорнага i пераплюнуў Мележа, які таксама, дарэчы, памыляўся, ведучы сваю „радаслоўную” ад Чорнага (хочучы так — суб'ектыўна, бо Чорны некалі яго падтрымаў). Чорнаўскай традыцыі у нас, на жаль, не пашанцавала, як i купалаўскай, калі разумець традыцыі не ў ларчанка-навуменкаўскім сэнсе. У нас, можа, калі i быў хто, дык Купала i Чорны, Багдановіч i Гарэцкі. На жаль, не так i многа.
Пра сённяшніх не будзем казаць — рана. Але я думаю, што мы не дажывем да такой ганьбы, каб прызнаць у бліжэйшы час „класічнымі” зубрамі (?) з аднаго боку У., а з другога — Z. А мо да гэтага дойдзе? Не, трэба, каб нехта новы прыйшоў у літаратуру: каб яго блізкім прыходам пачало ўжо дыхаць наваколле — ці чуваць там нейкае „смущение” i „возмущение” ў прыродзе? Хоць ты паслінь палец вазьмі i вытні на вецер.
Читать дальше