Адразу папярэджу, што ў «Тутэйшых» быў шараговым сябрам, у ніякія кіраўнічыя ворганы не ўваходзіў, і таму ня ведаю «вышэйшых сакрэтаў». Прынамсі, доўгі час я лічыў, што «Тутэйшыя» паўсталі выключна з ініцыятывы Бяляцкага й Сыса, сяброў па гомельскім «унівэры». Але пазьней, у сярэдзіне 90-х, Генадзь Сагановіч паведаміў мне, што Б. і С. былі ўсяго толькі выканаўцамі, а ідэя стварэньня суполкі належыла іншаму чалавеку, які насамрэч кіраваў ёю. Гэтае прызнаньне падобнае да праўды, я асабіста веру ў тое. Аднак дакладна сьцьвярджаць ня маю права, бо, паўтаруся, ня быў далучаным да таямніцы.
І яшчэ адна заўвага. Я асабіста лічу, што «Тутэйшыя» існавалі датуль, пакуль у дзейнасьці літсуполкі прысутнічала рызыка, таямнічасьць і кансьпірацыя. Калі аб'яднаньне «Тутэйшыя» вырашыла легалізавацца й ператварылася ў Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР, суполка сканала.
Каб патрапіць у «Тутэйшыя», патрэбна была рэкамэндацыя. Мне такую рэкамэндацыю даў Анатоль Сыс. З Анатолем я пазнаёміўся ў ліпені 1986 году ў рэдакцыі часопіса «Маладосьць», куды пэрыядычна заходзіў па навіны да Яўгеніі Янішчыц. Да маіх першых вершаваных спробаў вядомая паэтка паставілася прыхільна й, пасьля азнаямленьня з рукапісам, сказала: «Будем ставіць». Аднак папрасіла прынесьці яшчэ адну нізку вершаў, каб выбраць лепшае. Прыхільнасьць вядомае паэткі не азначала, што ставіць будуць заўтра, ці ў гэтым месяцы, ці ў гэтым годзе. Упершыню Янішчыц адабрала мае вершы для друку ў верасьні 1985 году. А мой дэбют у «Маладосьці» адбыўся ажно ў чэрвені 1987-га. Я чуў з аповедаў дасьведчаных людзей, што чакаць даводзіцца доўга. Але каб столькі!.. Час чаканьня цягнуўся марудна й пакутліва, а вершы ў часопісе ўсё не зьяўляліся. Некалькі разоў я заходзіў да Янішчыц, каб пацікавіцца: калі ўжо, нарэшце? Яна прыязна пасьміхалася й запэўнівала, што ўсё нармальна, але трэба пачакаць яшчэ, маўляў, чарга. У адзін з такіх візытаў я й пазнаёміўся з Сысам. Летам 86-га легендарнаму паэту «новай хвалі» мяне прадставіў Віктар Шніп, якога я ведаў па літаб'яднаньні «Крыніцы», што пад апекай Раісы Баравіковай працавала пры газэце «Чырвоная зьмена». Дарэчы, на «Крыніцах», яшчэ напачатку 85-га, я пазнаёміўся і з Адамам Глёбусам, і з Славамірам Адамовічам, і зь Людкай Сільновай. Культавае Глёбусаўскае апавяданьне «Слон» я ўпершыню пачуў у аўтарскім чытаньні ў рэдакцыйным пакоі «ЧЗ», і друкавалася яно ўпершыню ў гэтай камсамольскай газэце. Больш нідзе б не надрукавалі. Баравікова любіла Валодзю Адамчыка. Але я ня памятаю, каб у «Чырвоную зьмену» заходзіў Сыс. Першая мая размова з Анатолем доўжылася больш двух гадзінаў. Ён апавядаў пра «Талаку», з паэтаў вызначаў Галубовіча й Бембеля (апошняга лічыў сваім настаўнікам). Вельмі раўніва ставіўся да Глёбуса. Нядаўні выпускнік «філфаку» гомельскага «ўнівэру» на той час меў усяго некалькі публікацыяў у цэнтральным друку, аднак быў прыкметна сьпешчаны славай і ўвагай. Сыса ўжо ў той час я ўспрымаў, бадай, як жывую легенду, як прыжыцьцёвага клясыка.
Першы зборнік Анатоля Сыса «Агмень» выйдзе ў 1988 годзе ў толькі што створанай сэрыі «Бібліятэка часопіса «Маладосьць». (Зьяўленьне гэтай кніжнай сэрыі пасьля будзе падавацца галоўным дасягненьнем «Тутэйшых».) Зборнік меў парадкавы нумар 3. Мой зборнік «Вяртаньне», які выйшаў неўзабаве за Сысаўскім, меў нумар 5. (Я назваў свой першы зборнік «Немаўля», аднак рэдактар кнігі Леанід Дайнека сказаў, што назва няўдалая, таму ён пераназваў зборнік на «Вяртаньне». Пачуўшы пра гэта, я ня стаў асабліва пярэчыць. Мне, па шчырасьці, да апошняй хвіліны ня верылася, што выданьне маёй кнігі ўвогуле магчыма). Чаму гэта ўзгадваю? Я па сёньняшні дзень не магу даць веры, што ўвайшоў у літаратуру разам з Анатолем Сысам, прынамсі, нашыя першыя кнігі выйшлі ў адзін год. Мне ўсё яшчэ здаецца, што Анатоль, як мінімум, з пакаленьня Галубовіча, або Шніпа. Бо ў нейкім сэнсе ён быў для мяне настаўнікам.
Аб новай літаратурнай суполцы, якую зьбіраецца ствараць літмоладзь, я пачуў ад Сыса. Адразу пасьля нашай першай сустрэчы ён пачаў апекавацца мной. Увесь час прасіў прыносіць новыя вершы. Я прыходзіў да яго ў інтэрнат (ён тады працаваў на тэлевізіі й меў ад працы пакойчык). Сыс тэатральна чытаў мае вучнёўскія спробы-вэрсіфікацыі і гэтак жа тэатральна іх пляжыў, не пакідаючы нават кволай надзеі. Але, напрыканцы свайго разбору прасіў прыносіць вершы яшчэ. Ня ведаю, ці піў ён тады, як п'е зараз. На колькі памятаю, у тыя гады я ніводнага разу ня ўдзельнічаў з Сысам у справе спажываньня алькаголю. Прычым, сустракаўся зь ім амаль штотыдня, бачыў Толіка й на падпітку, але ў большасьці выпадкаў Сыс мне трапляўся цьвярозы. Сёлета Леанід Галубовіч напісаў артыкул пра Сыса для «Нашай Свабоды» (25.07.2000), у газэце зьмешчаны фотаздымак, на якім Сыс і я. Падпісана, што зьнята ў 1990 годзе. На самой справе гэта здымак 1986 году, яшчэ «перадтутэйшаўскага» часу.
Читать дальше