Выключныя арганізатарскія здольнасці былі ў Грышы. Ваня толькі падыходзіў памалу за Эрпідам ды пасміхаўся, пагладжваў Жучка, каб супакоіць: сабака нюхам чуў звяроў і нервова павіскваў, вырываўся.
- Дарогу, таварышы! Дарогу! - мітусіўся Грыша. - І клетак не засланяйце, дайце Піпетцы добры агляд!
Эрпід спыніўся быў каля першай клеткі, але тут жа старанна выгаварыў:
- Ракурс не той... Нізка... Звера па прозвішчу пантэра я кепска бачу.
- Нізка?! - усклікнуў Грыша. - Гэта мы мігам... штосьці прыдумаем. Хлопцы, я пазаўчора тут недзе насілкі бачыў... Расшукаць!
Некалькі яго сяброў кінуліся ў розныя бакі вялікага пляца-чатырохкутніка, абстаўленага вагончыкамі-клеткамі. Заглядвалі ў кожны куток, у кожную шчыліну, пад кожны вагончык. Урэшце прагучаў радасны крык: «Ё-ё-ёсць!»
Знайшлі насілкі каля клеткі з надпісам: «Мішка-артыст». Насілкамі, мабыць, не так даўно карысталіся службоўцы, прыбіраючы ў мядзведзя, бо хлапчукі пачалі рваць траву, адціраць ёю дашчаны памост насілак.
Жучок усё рваўся з рук, і Ваня сказаў:
- Пачакайце! Дайце сабаку добра панюхаць, - і паднёс яго да насілак. - След! Нюхаць!.. Мішку-мядзведзя нюхаць! - І Жучок нюхаў, нервова тузаючыся з рук, дыбячы на загрыўку шэрсць.
- Піпетка, ал-ле - оп! - скамандаваў Грыша Эрпіду, нібы якому мопсу ў цырку.
Ваня не бачыў, як Эрпід уз'язджаў на насілкі, яго з Жучком адціснулі ўбок. Пачуў толькі Эрпідаву рэпліку:
- Я - Эрпід, Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння. Я не магу быць піпеткай.
- Ты не крыўдуй, лады? - чуўся голас Грышы. - У нас ва ўсіх мянушкі ёсць. Я - Рабы, Андрэй - Не дурэй, Сёмка - Цікі-Так, Жэнька - Чмых... І ніхто не крыўдуе! Весялей з мянушкамі!
Ваня ўбачыў, як чацвёра самых здаровых хлапчукоў паднялі насілкі на ўзровень сваіх плячэй і завохкалі ад цяжару. Насілкі схіснуліся, Эрпід зыбнуўся і ледзь не скуліўся пад ногі. Насілкі зноў апусцілі на дол.
- Па двое бярыцеся за кожную ручку! - распарадзіўся Рабы, але сам не ўзяўся і на гэты раз.
Насілкі паднялі ўжо не ўчатырох, а ўвасьмёх, прыладкавалі ручкі на плечы і гэтак панеслі ўздоўж рада клетак, спыняючыся каля кожнай. І каля кожнай клеткі Эрпід ветліва гаварыў: «Дзякуй шчыра... Валачыце, калі ласка, далей». І гэтая ветлівасць жалезнага чалавечка пацяшала ўсю світу: «Вой, пацеха!» Дзеці ажно падскоквалі ад захаплення, а хто-ніхто і ў ладкі пляскаў: «Ай ды Піпетка-Эрпідзёнак!» Нібы Эрпід дзякаваў асабіста кожнаму з іх і нібы гэта ім купілі такую незвычайную цацку.
Абышлі насільшчыкі ўсе чатыры бакі звярынца, вярнуліся зноў да выхаду. Патрымалі трошкі насілкі так, каб Эрпід сфатаграфаваў цётку-кантралёрку. Невядома, ці здымаў яе Эрпід, але кантралёрка цвіла, як вясёлка ў небе, і рабіла добры-добры і ветлівы твар. Пяць хлапчукоў прашмыгнулі ў гэты час паўз яе на тэрыторыю звярынца.
Урэшце насілкі з Эрпідам асцярожна апусцілі на зямлю.
Ваня прабраўся да Эрпіда:
- Ты не забыў пра аб'ект нумар два?
- Не забыў. Курс - норд-вест... Аб'ект памалу рухаецца. Зусім памалу і ў наш бок. Аб'ект падае аварыйныя сігналы.
- Тады - уперад! - скамандаваў Ваня.
- Да пабачэння! - раскланялася цётка-кантралёрка. - Прыходзьце яшчэ, будзем вам заўсёды рады. А ў якім кінатэатры будуць ваш журнал паказваць?
- Ва ўсіх! - адказаў за Ваню Грыша Рабы.
За Эрпідам і Ванем вываліў са звярынца натоўп дзяцей.
- Хлопчыкі, а вы ж куды? Зараз звяроў будуць карміць, гэта ж так цікава! - У голасе цёткі была незвычайная дабрыня. - Ах, вы не асістэнты? Тады назад не пушчу! - Уголасе яе адразу зазвінеў метал.
- Дзякуй за дапамогу, - паціснуў Ваня руку Грышу. - І ўсім дзякуй! Да пабачэння! За намі не ідзіце, а то сарвяце важнае заданне навуковага цэнтра.
- Я хачу з табою сябраваць, чуеш? Дзе ты жывеш? Дай свой адрас! - крыкнуў услед Грыша.
- Калі ласка: вобласць сталічная, Менская, вёска Клінцы, Івану Гардзею. Пішы!
- Дык ты не мінчанін?! - зрабіўся кіслы твар у Грышы.
І чаго было гэтак моршчыцца? Быццам геніяльныя вынаходнікі Эрпідаў могуць жыць толькі ў сталіцах!
14
Праўду казаў дзядзька Мікалай, што будзе дождж. Напрарочылі яго асколкі: вунь ужо і сонца схавалася, а край неба пачарнеў і разбух ад цяжкай вялізнай хмары. І на добрае, то трэба было б шукаць які прытулак, каб была страха над галавою. А Эрпід-адзін каціўся па дарожцы міма стадыёна проста да кола агляду, што ўзвышалася над краем лесапарку і ўсё яшчэ паволі кружылася. Жучок добра адпачыў у Вані на руках і цяпер смела гойсаў то ўправа, то ўлева ад дарожкі, рабіў уперадзе паўкруг і азіраўся, нібы чакаў ад Вані якога загаду. Сабака часта прынюхваўся да зямлі, задзіраў морду ўгору, лавіў носам вецер.
Читать дальше