Зноў на ўсход. І зноў узгоркі і азёры. Мачтавыя бары на схілах. Аж медныя. І — нібы рубеж, які перавалілі, — замест шпіляў, аж празрыстыя, белыя, нібы са святла пабудаваныя, старажытныя званіцы Полацка.
…ЦЭНТР — таксама разнастайны. Поўнач — гэта грады і ўзгоркі, укрытыя сям-там лесам. Сярод іх ёсць і “горы”, асобныя вяршыні, якія не дужа рэзка вылучаюцца ў рэльефе. Гэта гара Лысая, гара Маяк і іншыя. Але тут жа, у нізіне па Бярозе-рацэ, быццам зусім іншая зямля. На многія і многія дзесяткі кіламетраў старажытныя чорныя лясы, глеба нібы сочыцца вадой. Рэчкі, азёрцы, межытокі. А над імі дзіч ялін, хвояў, бяроз, дубоў, чаромх і ўсяго такога. Лішайнік бародамі звісае з дрэў, чырванеюць на беражках тарфяных вымачын мухаморы, і ў гэтым змроку, валюхаючы, праходзіць гаспадар гэтых мясцін — мядзведзь.
Калі ехаць на поўдзень — грады паступова паніжаюцца і пачынаецца Слуцкая раўніна: бязмежны разліў палёў, што калыхаюцца пшаніцай і жытам, маленькія пятачкі лесу, вялізныя, як дубы, дзічкі на месцы былых межаў, крыжы ветракоў. Гэта — беларуская жытніца. Так бы мовіць, беларуская Украіна.
…Адразу ясна, што ПАНЯМОННЕ атрымала сваю назву ад галоўнай сваёй ракі, у басейне якой яно і ляжыць. Нёмана. Таго, які, як кажа беларуская прыказка, “пачынаецца з арэхавай шкарлупінкі”. Гэта дужа ціхая, дужа ласкавая зямля. Мяккія сытыя ўзгоркі, купы магутных дубоў і ліп на іхніх верхавінах, прыгожыя вёскі, бясконцая, глухая Налібоцкая пушча. Дубы і па берагах. Многа. Вялізныя, як зялёныя хмары, часта шматвяковыя.
І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай — прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).
…УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўніны. На водападзелах тарфяныя і мохавыя балоты. Дурманіць там галаву багун, а журавіны ўвосень збіраюць саўкамі. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусі сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкія, прапахлыя жывіцай. Грыбоў — хоць касой касі. На поўдні ўсё часцей і часцей трапляюцца дубровы з іхнім шырокалістоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасці, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, самы стары батанічны сад рэспублікі.
І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.
…ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх “выспы”, гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.
Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.
Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.
А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх танцуюць, падскакваючы ў паветра, жураўлі.
На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот — шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.
Читать дальше