То пойдзем у наша падарожжа.
У дарогу, сябры!
Ад палескiх iмхоў да асвейскiх крынiц
Насельніцтва Беларусі складае больш за 9 мільёнаў 300 тысяч чалавек. З іх беларусаў 7 мільёнаў 286 610 чалавек. У вайну, вы ведаеце, загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Часам едзеш лесам, і раптам — паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:
“ Тут пахаваны расстраляныя немцамі
12. IX.1943 г.
Кароль Алена Мікітаўна
1925 года нараджэння,
Павел 1920 г.,
Васіль 1898 г.,
Зофія 1892 г.,
Уладзімір 1922 г.,
Іван 1924 г.,
Мікола 1927 г.,
Марыя 1934 г.,
Вера 1939 г.,
бабуля 70 год,
Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г.
і Серафіма Іллінічна 1888 г.
і іншыя ”.
Гэта значыць, за сувязь з партызанамі ці проста так, з помсты, прыехалі немцы, ачапілі сяло, загналі мірных жыхароў у гумно і спалілі. Такім ці іншым чынам было ператворана ў попел 9200 вёсак. 706 з іх — разам з людзьмі. І 187 засталіся неадноўленыя. Акрамя таго, знішчана 209 гарадоў і пасёлкаў.
Але не трэба думаць — ды вы і самі чулі гэта з расказаў старэйшых, што забітыя гінулі пакорліва. Гэта не так. Хто мог змагацца — загінуў у баі: на фронце, у падполлі або ў партызанскіх атрадах. Беларусь нездарма называюць краінай класічнай партызанскай барацьбы. Партызанаў было тут 374 тысячы. Падпольшчыкаў каля 70 тысяч чалавек. Гэта толькі тыя, што змагаліся са зброяю ў руках, не лічачы сувязных. А калі ўжо казаць пра тых, хто спачуваў, збіраў звесткі, здабываў медыкаменты, ежу і іншае, калі гаварыць пра так званы “партызанскі рэзерв”, то ў лік партызан смела можна залічыць ледзь не ўвесь народ.
Наша Беларусь займае 207,6 тысячы квадратных кіламетраў, ці 0,9 % тэрыторыі СССР, але гэта больш чым Балгарыя, больш чым ЧССР, чым Венгрыя, чым Партугалія, Грэцыя, і больш чым Бельгія, Галандыя, Данія і Люксембург, разам узятыя. Працягласць нашай радзімы з поўначы на поўдзень 560 км і з усходу на захад 650 км. Мяжуе яна з Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвою і Польшчай і займае выгоднае геаграфічнае становішча на шляхах з Заходняй Еўропы на Усход і з Украіны ў Прыбалтыку. Гэтае выгоднае становішча, аднак, часта і падводзіла. Дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Беларусі.
…Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра.
Умоўна Беларусь дзеляць на пяць вялікіх раёнаў.
1) Азёрны край. Гэта самая поўнач рэспублікі.
2) Цэнтр. Ён прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.
3) Панямонне. Заходнія раёны па берагах Нёмана.
4) Усход. Аршанскае ўзвышша, Аршанска-Магілёўская раўніна, а таксама раўніны па рацэ Беразіне і каля Чачэрска.
5) Поўдзень, або Палессе.
Я — але гэта мая прыватная думка — выдзеліў бы за кошт усхода і ўсходняй часткі Палесся яшчэ шосты раён. Прыдняпроўе. Занадта ўжо ўплывае на эканоміку, пейзаж, побыт, нават псіхіку чалавека вялікая Рака.
У адпаведнасці з раёнамі розныя і пейзажы.
У іншых краінах ёсць горы ў зялёнай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры.
Вось АЗЁРНЫ КРАЙ. Марэнныя грады, шматкіламетровыя “агароджы” з валуноў на межах. І, паміж бясконцых градаў і ўзвышшаў, многія і многія сотні азёр. Паверхня самага вялікага з іх, Нарачы, 79,9 кв. км. Глыбіня самага глыбокага (гэта з вялікіх азёр), Струсты, 30 м. А сярод малых ёсць і такія, глыбіня якіх каля 50 м. Азёры гэтыя розныя. Вада Нарачы такая чыстая, што пры вялікай глыбіні можна ўбачыць усё, што ляжыць на дне. А вось вада змрачнаватага, ляснога і балотнага возера Палік (у Бярэзінскім запаведніку) нагадвае густа завараны чай.
Паміж азёраў частыя ўзгоркі, і на іх пілы лясоў, пераважна хвойных. А па схілах — палі. Малінавыя шары канюшыны, сінявокія льны, жыта, сям-там расквечанае валошкамі.
На ўзгорках вострыя шпілі гарадкоў з гарбатымі вуліцамі і вялізнымі купамі старых ліп. Адзін амерыканскі падарожнік, што аб’ехаў палову свету, пісаў на пачатку нашага стагоддзя, што пейзажаў, лепшых за пейзажы беларускія, ён не бачыў ва ўсёй Еўропе.
Часам з адной гары можна бачыць да дзесятка азёр. Асабліва гожыя яны ў летнія ночы, калі ў іх адбіваецца перакулены дагары нагамі спічасты лес і, здаецца, ночы зусім няма і слізгоча ў чыстых, як сляза, глыбінях доўгае, плямістае цельца стронгі. А стронга можа быць толькі ў ідэальна празрыстай, без кроплі каламуці, вадзе.
Читать дальше