Пра ўсе запаведнікі тут расказаць немагчыма, і таму я спынюся толькі на самым вядомым з іх, на Белавежскай пушчы.
* * *
Тысячу год назад большую частку цэнтральнай i ўсходняй Еўропы пакрываў дзiкi i цёмны першабытны лес. На многiя i многiя сотнi кiламетраў шумелi лясныя волаты, з цяжкасцю пракладалi свой шлях праз завалы карычнева-празрыстыя глухiя рэкi, звiнела камар'ё, паўсюль, як кавалкi мяса, чырванелi мухаморы i бранзавелi "слязнiцы", — вялiзныя, вышэй калена, баравiкi (на Беларусi iх называюць так таму, што на iх ад старасцi выступае сляза i капае на зямлю, яны "плачуць"). Цяпер такiя грыбы можна знайсцi толькi ў дужа глухiх мясцiнах, куды амаль не ходзяць людзi.
:Тысячу год мерна гучала сякера, вёскi ўгрызалiся ў лес, палi наступалi на пушчы, i на трупах павержаных i спаленых волатаў (такое поле называлася "лядо" або "ляда") хваляваўся ячмень.
Беларусь паступова бяднела звярамі. Зубр, які сустракаўся ў Палессі і на поўдні Прыдняпроўя яшчэ ў XVIII ст., быў выбіты і збярогся толькі ў Белавежы, быў знішчаны собаль, балотная рысь, або "лемпарт", чорны заяц, што сустракаўся ля Копыся яшчэ на пачатку XX ст., высакародны алень і многія іншыя. Знік у XVIII стагоддзі дзікі бык-тур (некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта ад яго пайшла парода ўкраінскай і палескай шэрай рабочай худобы).
Законы князёў, а пасля каралёў былі жорсткія. Нягледзячы на тое, што падарожнік барон Меерберг, які наведаў Беларусь у XVII ст., казаў, быццам мясцовыя лясы нават багацейшыя на звяроў, чым лясы поўначы і ўсходу Расіі, — дзічы, мабыць, паменшала. "Устава на валокі", прынятая 1657 годзе, казала, між іншым: "А ва ўсіх пушчах нашых і агульных, дзе раней сяляне нашы для нас баброў лавілі, там і цяпер … лавіць павінны. А калі б недзе, на рэках і азёрах нашых, бабры з'явіліся зноў, дык і там сяляне лавіць павінны; а за работу браць ім кожнага пятага бабра або падбрушша ад кожнага". Людзям забаранялася трымаць пры лясных лазнях жывёлу, зброю, сабак, сячы лес у тых мясцовасцях, дзе рабіліся аблавы, пад страхам пакарання смерцю не дазвалялася страляць аленяў і зуброў нават на ўласнай зямлі. Забаранялася касіць сена на месцах аблаў, а там, дзе дазвалялася, — забаранялася браць з сабою стрэльбы, сабак і рацішчы (рагаціны). Можна было біць драпежнікаў, а таксама птушак толькі на сваіх "валоках"… Але ў XVІІІ ст. усё пайшло дагары нагамі. Дзяржава, Рэч Паспалітая, саслабела, кароль не азначаў нічога, магнаты і шляхта грызліся. Дзе ўжо тут было сачыць за лесам, за правільным промыслам і падтрымкай звяроў.
…Так і здарылася, што ад першабытных лясоў, асабліва шырокалістоўных, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавамі балотамі і ціхімі бабровымі рэкамі засталіся тры-чатыры бастыёны.
Адзін з іх на поўначы Украіны і поўдні Беларусі. Палессе. Астатнія — на Беларусі. Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі. Налібокі. І самы стары і цікавы бастыён — Белавежа.
Цяпер той, хто хоча на свае вочы бачыць, які быў Шэрвудскі лес у часы Робін Гуда, Ардэнскі лес у часы рыцараў Круглага Стала і казачых волатаў, Тэўтабургскі лес у часы Армінія, не павінен шукаць такога ў сябе, у Англіі, Францыі, Германіі, а павінен ехаць сюды, у спрадвечны лясны аплот.
Некалькі стагоддзяў назад пушча цягнулася з захаду на ўсход на сто з лішнім кіламетраў, аж да самага Кобрына, а з поўначы на поўдзень — кіламетраў на сто трыццаць — сто пяцьдзесят. Цяпер адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі — 65 км, між заходняй і ўсходняй — да трыццаці. Даўжыня межаў 500 км, плошча — 79 171 га.
Здаўна ў веснюю повень, калi Брэсцкае i Прыпяцкае Палессе, старадаўняе "мора Герадота", ператваралася ў сапраўднае мора, у якiм па шыю стаялi лясы, — усё звяр'ё ратавалася на Мазырскай градзе i на Загароддзi, але пераважна на больш узвышанай, Прыбугскай раўнiне, на якой ляжала пушча. У сонечных грабавых i бярозавых лясах звiнелi птушкi, над рэкамi было аж цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельнiках блукалi мядзведзi, у спрадвечных дубровах пасвiлiся сотнi тысяч дзiкоў, аленяў, коз i зуброў. Тады пушчу насяляла дзiкае i ваяўнiчае балтскае племя ятвягаў. Першая вартавая вежа, узведзеная славянамi ў абарону ад iх, нязвыкла бялела ў нечапаным лесе ашкуранымi, свежаабчасанымi бярвеннямi. Ад гэтай белай вежы, мабыць, пушча i атрымала назву Белавежскай.
Пазней, у XIII ст., князь Уладзiмiр загадаў вопытнаму мужу, дойлiду Алексе, замкнуць ятвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы на ўзгорках ля ракi Лясная "стоўп каменны", вежу ў трыццаць метраў вышынi. Колеру тэракоты, са слядамi позняй пабелкi (нейкi невук пастараўся), яна i дагэтуль ганарлiва высiцца над маленькiм мястэчкам Камянец. Некаторыя няправiльна гавораць, што яна i ёсць Белая Вежа, хаця нiхто яе даўней так не называў, дый колер яе зусiм iншы.
Читать дальше