Зніклі старажытныя плямёны, зніклі готы і дзесяткі іншых, у чаргаванні прыліву і адліву адплывалі і зноў наплывалі, змешваючыся, яцвягі і славяне, а парэпаныя дубовыя ідалы капішча, мяняючыся з новымі гаспадарамі, усё глядзелі і глядзелі на гэтыя змены, на дымы вогнішчаў, на пыл над дарогамі сляпымі і страшнымі дубовымі вачыма.
У XIII стагоддзі Іллініч узвёў на гэтым месцы першы драўляны храм. А ў 158З — 1585 гадах на яго месцы з'явілася дбаннем Мікалая Радзівіла Сіроткі і рукамі геніяльных дойлідаў і муляраў тое дзіва, што бачым мы зараз, што яшчэ здалёк убачыў я, ідучы да яго канюшыннікамі.
Час быў неспакойны, круляванне Баторыя. Толькі што скончылася Лівонская вайна і рыхтавалася новая. Хто ведае, што несла пераменлівае ваеннае шчасце? I таму храм зрабілі крэпасцю з магутнымі мурамі, цяжкімі круглымі вежамі, трывалымі скляпеннямі і пагрознымі вузкімі байніцамі.
У чалавека, які фундаваў яго, былі разнастайныя густы. Нясвіжскаму касцёлу, таксама збудаванаму ім, не трэба было быць крэпасцю, побач стаяў магутны замак. I таму ў Нясвіжы пышнасць і адкрытасць ранняга барока, а тут, у Чарнаўчыцах, псеўдаготыка з рысамі рэнесансу. Але і ў тым, і ў іншым паўсюль сімвалы эўхарыстыі. Вінаград — гостыя, вінаград — гостыя. Хлеб і цяжкія гроны з узорнымі лісцямі. I матыў тайнай вячэры і шматлікія арлы.
Дужа цікавае, я б нават сказаў, унікальнае скляпенчатае, пасечанае вяззю скульптурных візарункаў перакрыццё касцёла. Гэта досыць рэдкі на Беларусі рэнесанс. I калі, скажам, палякі могуць ганарыцца ў гэтым сэнсе такімі цудоўнымі рэчамі, як Зыгмунтаўская капліца на Вавелі, замак у Баранаве, двор у Пабяніцах, ратуша ў Хелмне і яшчэ многа-многа чым, то нам тым больш трэба берагчы тое нямногае, што збудавана ў гэтым стылі ў нас. Прычым гэта адраджэнне, успоенае мясцовымі манерамі будаваць, мясцовымі традыцыямі і густамі, мясцовым пачуццём гармоніі.
З першага позірку ўнутранае абсталяванне касцёла здзіўляе аскетычнай беднасцю. Каб не шыкоўнасць і пышнае багацце скляпенняў з іхнімі складанымі візарункамі і золатам разетак, яно здавалася б нават проста ўбогім. Што тут ёсць? Акрамя новых упрыгожанняў, каштоўнасць якіх больш чым няпэўная, ёсць тут дзве перанесеныя знадворку цікавыя і старыя скульптуры. Святы Марцін, які раздзірае плашч, каб аддаць палову жабраку, і яшчэ фігура нейкага францысканца. Гэта зроблена на добрым старым узроўні.
Ды ёсць яшчэ абраз Яна Непамуцкага, таго самага, што не адкрыў каралю таямніцы споведзі каралевы, грахоў яе, і за гэта быў зрынуты з моста. Гэта рэч сапраўды майстэрская.
Побач з Янам два цікава і досыць манерна выпісаныя анёлы, адзін з якіх цягне ахапачак лілей, а другі вянчае галаву пакутніка. Наводдаль стылізаваны мост.
Вось, бадай што, і ўсё. Чаму? Чаму храм, фундаваны фантастычна багатым чалавекам, храм, які на працягу трохсот год асыпалі золатам, падзякамі, у якім працавалі найлепшыя майстры, такі бедны?
Пачатак гэтаму трэба шукаць у 1867 годзе. Бессаромная і бязлітасная мураўёўская помста абурылася не толькі на людзей, але і на помнік іхняй культуры. Палітыка паслядоўнага вынарадавання, самадзяржаўя, праваслаўя і "народнасці" проста не магла абмінуць душы, мовы, пачуцця гожага і думкі чалавечай.
У школах загадам папячыцеля Карнілава цяпер ледзь вучылі чытаць. Касцёл Чарнаўчыцкі быў забраны пад царкву. Статуі і абразы шаснаццатага стагоддзя, зіхатлівы сонечны рэнееанс з яго водбліскам Італіі, рэнесанс, на якім ляжалі апошнія водбліскі адраджэння і гуманізму, выносілі на цвінтар і секлі, шчапалі сякерамі і кідалі ў агонь. Два дні секлі сякерамі. Два дні цягнуўся над Чарнаўчыцамі тлусты дым, два дні пухірылася, бурліла, ускіпала чорным празрыста-ясная фарба на прыўкрасных абліччах. Два дні палілі старыя кнігі.
Другую смяротную небяспеку прынесла вайна і пажар пры ўваходзе немцаў. Праз тыдзень пасля таго, як былі занятыя Чарнаўчыцы.
Нехта з беларусаў — дагэтуль невядома хто — стрэліў жаканам у нямецкага гаўптмана і параніў яго ў руку. Нехта сказаў ці, можа, гэта самім немцам здалося, што стралялі з байніцы касцёла. Вечарам таго дня салдаты аблілі муры і падлогу бензінам і падпалілі яго.
Вечар і ўсю ноч будынак зырка палаў, і полымя гэтае рвалася ў ноч. Толькі раніцай камендант даў жыхарам дазвол гасіць шэдэўр, які гінуў на вачах. На шчасце, храмы-крэпасці моцная рэч і іх не так проста знішчыць. Але і дагэтуль, як помнік варварству новага сярэдневякоўя, падпіраюць хоры абгарэлыя, закураныя калоны.
Читать дальше