З таго дня не п’е. Ні кроплі.
28.
Марфу Мікалаеўну я ведаю даўно. Жыве яна з мужам, Васілём Трафімавічам, сынам, нявесткай і ўнукамі. Не ў Беларусі жыве цётка Марфа – у далёкай ад нас Удмурціі, пад Іжэўскам. Я нярэдка бываю там ў жончыных сваякоў і абавязкова заходжу да Глездзянёвых – такое прозвішча ў гэтай дружнай сям’і. Гасцінныя яны людзі. Мёд на стол, чырвонабокія яблыкі, ягады са свайго агародчыка і абавязкова круглы бохан хлеба. З печы. І колькі я не бываў у іх, ніколі не бачыў, каб падавалі хлеб да стала з крамы, а крама насупраць, вокны ў вокны, і хлеб прывозяць рэгулярна. А вось Марфа Мікалаеўна аддае перавагу свайму.
Аднаго разу да Марфы Мікалаеўны, пахвалітлася яна мне, завітаў кіраўнік раёна.
– Ехаў побач і чую духмяны пах хлеба. Сама, значыць, Марфа Мікалаеўна, выпякаеш? Малайчына. А мне дзяцінства ўспомнілася. Мама… А мы, малеча, каля печы таўчэмся, чакаем, калі дастане яна боханы. Смачны быў хлеб. Сонцам на стале ляжаў. Дзякуй вам…
У нас, у Беларусі, я ніводнага разу не сустрэў такую вось Марфу Мікалаеўну. Усё спадзяюся. А раптам?..
29.
У Петрыкавае, у гарадскім скверы, стаіць помнік славутаму земляку, легендарнаму партызану Васілю Ісакавічу Талашу. На гэты раз па дарозе да помніка прыгадалася, як Талаш ці тое жартам, ці тое сур’ёзна гаварыў, што гэта не Якуб Колас праславіў яго, зрабіўшы героем хрэстаматыйнай аповесці «Дрыгва», а ён праславіў пісьменніка... маўляў, каб не напісаў Колас пра мяне, то яго б ніхто і не ведаў. Але такое выказванне, пагадзіцеся, падкрэслівае мудрасць старога, дасціпнасць, чым ён, па сведчанні сучаснікаў, і вылучаўся. Помнік, зроблены Заірам Азгурам, падабаецца людзям. Быццам і сёння аглядае мудры селянін-паляшук родныя абшары – лясы, луг, роўнядзь Прыпяці... і задаволена жмурыць вочы: усё добра на маёй радзіме, усё выдатна, браткі-паляшукі! Толькі вось нейкі блазнюк – і дацягнуўся ж! – уставіў дзеду у рот акурак... Няўдалы жарт. Не курыў дзед. Таму і пражыў, мабыць, 102 гады. Таму і блукаў ён па лясных сцежках так доўга...
30.
Раней які транспарт быў у лясгасе? У дырэктара і тое матацыкл. У Мазыры параілі мне наведаць Мялешкавіцкае лясніцтва. Узначальваў яго Рэм Данілавіч Талкачоў. Чуў, чуў пра яго… Меўся ў Рэма Данілавіча аўтамабіль-легкавік «Газ-67». Рэдкасць па тым часе неверагодная. Калі неяк пад’ехалі кіраўнікі лясгаса, то Талкачоў якраз і корпаўся ў легкавіку – нешта не ладзілася. Зрабілі яму заўвагу, маўляў, займаешся ты, Данілавіч, не тым, чым трэба. А ляснічы нічога не адказаў, толькі выцер рукі, паглядзеў на леснікоў, што стаялі побач з рыдлёўкамі, загадаў тым залазіць у легкавік. Так-сяк тыя ўціснуліся. «Паехалі!» Доўга яны ехалі ці не, але ў лесе матор заглох, Талкачоў першы вылез з кабіны, паглядзеў на леснікоў, якія таксама выбраліся, загадаў: «Капайце!» Тыя і выбухалі яму. А потым Рэм Данілавіч упёрся плячом у свой транспартны сродак, леснікам нічога не заставалася, як дапамагчы яму. Калі легкавік закапалі, Талкачоў зноў выцер рукі, паглядзеў на дырэктара лясгаса, усміхнуўся:
– Цяпер буду займацца толькі карыснай справай. А пра тое, што тут закапаны мой тарантас, прашу, таварышы леснікі, нікому ні слова. Развязаў нарэшце рукі. Хоць і шкада – машына добрая была. Капрызная, праўда, як баба…
31.
У бальнічнай палаце было шэсць ложкаў, і ўсе занятыя. Хворыя тут падоўгу не затрымліваюцца: зрабілі аперацыю на воку – паставілі штучную лінзу, ці, як мы кажам, – хрусталік, і калі ўсё добра, праз два-тры дні выпісваюць. Канвеер. Паставіць лінзу – справа не танная, калі імпартную ўзяць, то дзесьці блізка да мільёна. З усімі інструментамі і працай медыкаў. Вядома, не кожнаму па кішэні такая аперацыя, трэба ашчаджаць, бо хворыя на вочы, як правіла, пенсіянеры, людзі сталага веку.
Суседзі па палаце пра гэтага чалавека мала што ведалі. Дзед і дзед. Ціхі, маўклівы. Калі мужчыны байкі баяць, пра сябе расказваюць, ён застаецца ў баку. Ніяк не рэагуе. Корпаецца ў сваёй тумбачцы, перабірае нешта там, зрэдку выходзіць у калідор. Толькі адзін раз, калі вясковец, выпрацаваны стары, паскардзіўся, што дарагавата ўсё ж гэтая працэдуцра для пенсіянера, ён, не хаваючы іроніі, заўважыў:
– А як вы хацелі? Бясплатна? Не той час.
Вясковец нічога не адказаў: мабыць, і сапраўды так.
Некалі гэты маўклівы дзед быў вялікім начальнікам абласнога масштабу. І калі большасць хворых адкладвалі, не сакрэт, з пенсіі патроху на хрусталік, то ён – а пенсія ў яго, відаць, значна большая – звярнуўся на ранейшае месца за дапамогай.
Читать дальше