А пазней Пятро Іванавіч наведаўся ў вёску, адкуль прыехала ў горад тая бульба. Ён быў адтуль родам. За вячэрай у сваякоў расказаў, як апраставалосіўся з бульбай на гэты раз, маўляў, даверыў зяцю з дачкой, а яны далі маху.
Выказваў Пятро Іванавіч сваю крыўду якраз таму чалавеку, які і сказаў тады: "Гарадскія з'ядуць!"
17.
Так ужо атрымалася, што мы, землякі, часцей за ўсё сустракаемся толькі на Радаўніцу. Збіраемся на клады з усіх куткоў: і далёкіх, і блізкіх. Абдымаемся, а калі даўно не бачыліся, моцна ціскаем адно аднаго.
Іван Гапееў жыве ў Санкт-Пецярбургу, падпалкоўнік у адстаўцы, мой аднакласнік. Памянулі сваіх бацькоў, а потым разгаварыліся. Пра жыццё-быццё. І распавёў мне зямляк пра пельмені.
Вучыўся ён тады ў Пензе ў вайсковым вучылішчы, і першы раз на зімовыя канікулы ехаў, вядома ж, праз Маскву. Пакуль чакаў на Беларускім вакзале цягнік, прагаладаўся. А тут падвярнулася жанчына, якая прадавала пельмені. Што за яны? У нас, у вёсцы, тады і сапраўды пра пельмені ніхто і поведам не ведаў, гэта каб у Сібіры жыў ці хоць на Урале, то іншая справа. Іван і спакусіўся — набыў ажно два кулькі.
Цягнік крануўся, і пасажыры, натомленыя Масквой, заняліся звычайнай у такіх выпадках справай: выкладвалі на столікі ежу, ставілі бутэлькі з газіроўкай альбо заказаныя ў правадніцы шклянкі з гарбатай і перакусвалі. Тое ж самае зрабіў Іван. Разарваў кулёк з пельменямі, а далей усё было як было: нехта з суседзяў па купэ здзіўлена глядзеў на курсанта, а той не мог зразумець, як іх, гэтыя пельмені, есці. Адчуў сябе, вядома ж, ніякавата, моўчкі аднёс потым пельмені ў скрынку для смецця і выкінуў.
Ды не галадаў, не: людзі накармілі. І як жа было яго не накарміць, маладога, прыгожага ды яшчэ з пагонамі на плячах! Ну, а пельмені, прызнаўся мой аднакласнік, сталі потым яго любімай стравай.
18.
Учора мой сусед паехаў на мяжу Гомельскай вобласці з Магілёўскай. У яго свой легкавік, клопат такі — сеў за руль і пакаціў.
А чаму ён паехаў туды — раскажу.
Сусед пабраўся шлюбам з дзяўчынай з-пад Магілёва, якая трапіла ў Гомель пасля медвучылішча. Дома ў яе засталіся адны бацькі. Непрыкметна падкралася глыбокая старасць, два гады назад маці памерла, а бацька застаўся адзін. Няпроста чалавеку ягонага ўзросту аднаму ў вёсцы, таму ўгаварылі дзеда на зіму пераехаць да дачкі ў Гомель, а на лета будуць яго адвозіць у вёску, без якой старому няма як жыць: сумуе — і ўсё тут. Зяць каля яго і так, і сяк, ледзь не скача, а ён усё роўна заладзіў адно і тое ж: адвязіце мяне назад! Тады і знайшлі гэты кампраміс: зімаваць стары будзе ў горадзе, а на лета яго даставяць у вёску, няхай па траўцы патупае, ну, а наглядаць за ім будзе тая дачка, што жыве ў Магілёве. Блізка ж. Падзялілі, адным словам, дзеда пароўну. Каб не было крыўдна.
У магілёўскага зяця таксама ёсць легкавік. Кожны раз на мяжы яны і перадаюць цесця адзін аднаму.
19.
Прачытаў у газеце "Літаратура і мастацтва" нататку Ігара Пракаповіча пра паэта і журналіста з Пастаў Алеся Касценя, якога я добра ведаў і асабіста, і як аўтара кнігі вершаў "Зруб", і як аўтара цудоўных артыкулаў "Простыя рэчы" ў газеце "Звязда".
Дзякуй, Ігар, што ўспомніў Алеся.
А мне прыгадаліся Паставы таго года, калі там праводзіўся Дзень пісьменства, у якім давялося прымаць удзел. Нам уручылі раённую газету. Святочны, вядома ж, нумар. Вершы паэтаў Пастаўшчыны. Цёплыя радкі пра некаторых. Газета падкрэслівала: яны, гэтыя паэты, наша краса, наш гонар...
Пра Алеся Касценя ні слова. І ніводнага ягонага радка.
Гэта ўразіла і запомнілася...
20.
У яго цяпер свая сям'я, у яе — свая. Гадоў колькі назад яны былі мужам і жонкай усяго пяць хвілін. Пяць сапраўдных хвілін. Так-так, не здзіўляйцеся. Толькі распісаліся ў Доме шлюбаў, роспіс падмацавала і бутэлька з шампанскім, якая стрэліла коркам угору, і... канфуз атрымаўся. Ужо на прыступках малады муж наступіў на фату маладой жонкі, і тая, нядоўга думаючы, адвесіла яму аплявуху. Прысутныя зніякавелі. А муж развярнуўся і пайшоў прэч, пакінуўшы ўсіх перад ганкам Дома шлюбаў. "Каця, вярні яго!", "Папрасі прабачэння!". Каця так і засталася стаяць нерухома... Маці жаніха кінулася ўслед, схапіла таго за рукаў, пачала папракаць, маўляў, людзі ж сабраліся на вяселле, чакаюць у рэстаране. Што ж ты робіш, блазнюк?! Жаніх так і не вярнуўся да нявесты, ці, дакладней сказаць, малады муж да маладой жонкі.
Вяселле не адбылося. Людзі, праўда, пасядзелі ў рэстаране, выпілі, закусілі. Але тое вяселле нагадвала хаўтуры.
Читать дальше