– Дык я ж апавядаў, і не раз, – адмахнуўся той. – Гэтая гісторыя даўно быллём парасла.
– Усё адно, цікава было б паслухаць зноў, – падтрымаў просьбу таварыша Саўка.
– Ну, так і быць, распавяду. Пайшлі мы тады на рачулку, што каля Дзям’янава лесу. Закінулі вуды, чакаем. А каб рыбачыць было весялей, прыхапілі з сабой бутэльку. Сядзім, адпачываем… Праўда, не бярэцца рыбка.
– Што, так нічога і не злавілі? – пацікавіўся Рыгор.
– Ты лепш слухай, не перабівай, – незадаволена буркнуў Адась. – На кручку – пуста, у бутэльцы – апошняя кропля. Тут Ігнат і прапанаваў: «А давай у лес сходзім. Карасёў не налавілі, дык хоць грыбоў назбіраем». І сапраўды: гадзіну пахадзілі – амаль па вядры белых. Ужо дадому зазбіраліся, ды па дарозе набрылі на паляну. Глядзім – нейкая талерка вялізная стаіць. НЛА, ні даць ні ўзяць! У нас душа ў пяткі, валасы дыбам…
– Ты нас на мякіне не ашукаеш, – недаверліва адазваўся Апанас.
– Калі не хочаш – не слухай, а іншым не перашкаджай. Дык вось, з яе выйшлі тры дзіўныя зялёныя чалавечкі і накіраваліся да нас. Давай да сябе ў госці клікаць. У гэты аб’ект, значыць.
– Што, так па-нашаму і запрасілі? – не паверыў Патап.
– Цяжка растлумачыць, на якой мове, – адказаў Адась. – Быццам і не на нашай, а ўсё зразумела. Так шчыра прасілі, што мы не ўтрывалі, пайшлі.
– І як там? – пацікавіўся Саўка.
– Прыгожа ўсё. Як у старшыні ў кабінеце. Частаваць нас пачалі, стравы ўсе – заморскія. Ніколі ў жыцці такіх не бачыў.
– Дык адкуль яны прыляцелі? – перабіў апавядальніка Рыгор. – З Месяца ці з Марса?
– А я, думаеш, ведаю? – абурыўся Адась. – Калі было цікавіцца. Не думалі мы пра гэта.
– Можа, і гарэлка ў іх была свая? – запытаўся Апанас.
– Але, нейкую вадкасць дасталі. Таксама зялёную. Пілі мы яе, пілі, а яна ўсё не заканчвалася…
– Вось бы так і самагонка ніколі не пераводзілася, – выдыхнуў Саўка.
– Колькі мы там прабылі – не ведаем, – працягваў апавядальнік. – Скончылася тым, што яны прапанавалі: «А паляцелі з намі! Што вам тут рабіць?» Мы, вядома, спужаліся. Думаем, хопіць гасцяваць. Нам ісці, маўляў, патрэбна. Жонкі, дзеці чакаюць.
– А яны? – акругліў вочы Саўка.
– Што яны? І слухаць не хочуць. Кажуць, будзем там у іх важнымі персонамі. Ну, як аграном наш, не менш. Розных зямлян бачылі, але такіх, як мы, – упершыню.
– Ага, выдумляй, – усміхнуўся Рыгор. – І чым жа вы ім гэтак спадабаліся?
– Мы і самі не паверылі. Кажам, пайшлі з намі ў вёску, там такіх шмат. А яны: «Не. Нам патрэбны вы. Рэдкія экзэмпляры!» Маўляў, адказныя вельмі. Цэлы дзень на паплавок глядзелі, з месца не сыходзілі. Мы не разгубіліся: «А куды ж пойдзеш? Дома – агарод, дровы, а тут – прырода, раздолле…»
– А яны? – Саўку, відаць, вельмі захапіла гісторыя Адася.
– Не вераць нам. Прасілі іх, прасілі – ніяк. Думалі, давядзецца ляцець. Але тут заўважылі невялікі выхад ды як далі драпака! Адкуль толькі хапіла духу? Выбеглі з лесу – і ўсё. Як адрэзала. Што далей было, не памятаем.
– Як гэта? – здзівіўся Патап.
– А так. Апрытомнелі толькі наступнай раніцай каля рачулкі. Туды жонкі нашы прыйшлі, разбудзілі.
– Ха-ха-ха, – засмяўся Рыгор. – Дык гэта вам усё прыснілася!
– Хіба дваім магло прысніцца? – не пагадзіўся Адась.
– Вось я гэты аповед слухаю не першы раз, а цікава, – зазначыў Саўка.
– Слухай, Адась, а чаму вы з Ігнатам усё ж пабаяліся ляцець з прышэльцамі?
– Што б я там рабіў? Ды без Марыліных дранікаў з салам і яешняй.
Адась усміхнуўся і паглядзеў на неба. На ім з’явіліся зоркі і месяц.
– А так, канечне, хадзілі б зараз з Ігнатам вунь там і назіралі за вамі звысоку. Але на Зямлі весялей.
– Вось заўтра ў Ігната запытаем, як было на самай справе, – пажартаваў Саўка.
– Калі ласка, – пагадзіўся Адась.
І так сябрам захацелася даведацца, ці існуюць зялёныя чалавечкі, што назаўтра яны ўсёй кампаніяй адправіліся на рыбалку. Ці сустрэлі іншапланецян – невядома. Вядома толькі, што добра бавілі час, бо наступнай раніцай на беразе іх пабудзілі жонкі…
Сiдарава каза, цi Як усё было на самай справе
Мяне завуць Сідар. Вы, напэўна, лічыце, што я жорсткі і сварлівы чалавек? Канечне ж, адлупцаваў казу. Але яна сама вінаватая ў гэтым, бо парушыла нашу дамову. А пачалося ўсё так…
Аднойчы жонка кажа мне:
– Давай, купі казу. Казінае малако надта карыснае, імунітэт умацоўвае.
Я з жонкаю спрачацца не прывык. Таму назаўтра пайшоў на кірмаш і купіў казу.
Завёў яе на луг, прывязаў да дрэва. Праз гадзіну прыходжу – няма казы. Прыгледзеўся, а яна ў суседскім агародзе буракі прарэджвае ды на маладую капусту налягае. Выгнаў адтуль, зноў да дрэва прывязаў і дадому падыбаў.
Читать дальше