Гарбачоўскія гады… Свабода і купоны. Талоны… купоны… На ўсё: ад хлеба да круп і шкарпэтак. Стаялі ў чарзе па пяць-шэсць гадзін… Але стаіш з кнігай, якую раней ты не магла купіць, і ведаеш, што ўвечары пакажуць фільм, які раней быў забаронены, дзесяць гадоў праляжаў на паліцы. Кайф! Ці ўвесь дзень у цябе ў галаве, што а 22:00 праграма «Взгляд»… Яе вядучыя Аляксандр Любімаў і Уладзіслаў Лісцьеў сталі народнымі героямі. Мы даведваліся праўду… што быў не толькі Гагарын, але і Берыя… На самой справе мне, дурніцы, хапіла б свабоды слова, таму што я, як хутка высветлілася, была савецкай дзяўчынкай, усё савецкае мы ўвабралі глыбей, як тое нам здавалася. Мне толькі б далі пачытаць Даўлатава і Віктара Някрасава, далі б Галіча паслухаць. І мне гэтага б хапіла. Я і не марыла паехаць у Парыж, прайсціся па Манмартры… ці ўбачыць «Святое сямейства» Гаўдзі… Толькі дайце нам пачытаць і пагаварыць. Пачытаць! Захварэла наша Волечка, ёй было ўсяго чатыры месяцы, а ў яе цяжкая бранхіяльная абструкцыя. Я вар’яцела ад страху. Забралі мяне з ёй у бальніцу, але яе нельга было ні на хвіліну пакласці, толькі стаячком, у мяне на руках, яна аціхала. Стаячком так. Хаджу і хаджу з ёй па калідорах. Калі яна на паўгадзіны засне, як вы думаеце, чым я займалася? Я… не выспаная, змучаная… Чым? У мяне заўсёды быў пад пахай «Архіпелаг ГУЛАГ» — я яго тут жа адгортвала. На адной руцэ памірае дзіця, а ў другой — Салжаніцын. Кнігі замянялі нам жыццё. Гэта быў наш свет.
Потым нешта адбылося… Мы селі на зямлю. Адчуванне шчасця і эйфарыі раптам знікла. Цалкам. Я зразумела, што гэты новы свет не мой, не для мяне. Яму патрэбныя нейкія іншыя людзі. Слабых бі ботамі па вачах! Наверх паднялі ніз… увогуле, яшчэ адна рэвалюцыя… Але мэты ў гэтай рэвалюцыі зямныя: кожнаму па катэджы і машыне. Ці не драбнавата для чалавека? Вуліцы запоўнілі нейкія «качк і » ў трэніках. Ваўкі! Затапталі ўсіх. Мая мама працавала майстрам на швейнай фабрыцы. Хутка… вельмі хутка закрылі фабрыку… мама сядзела дома і шыла майткі. Усе яе сяброўкі таксама шылі майткі, у якую кватэру ні зойдзеш. А жылі мы ў доме, які пабудавала фабрыка для сваіх работнікаў, вось усе і шылі майткі і станікі. Купальнікі. У масавым парадку на ўсіх старых рэчах — на сваіх… прасілі знаёмых — адразалі цэтлікі, этыкеткі, пажадана імпартныя, і прышывалі да гэтых купальнікаў. Потым жанчыны збіраліся групамі і ехалі з мяшкамі па Расіі, гэта называлася «трусовка». Я ў гэты час ужо вучылася ў аспірантуры. (Весела.) Памятаю… камедыя… ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ў кабінеце дэкана стаялі бочкі з салёнымі агуркамі і памідорамі, з грыбамі і капустай. Саленні прадавалі, і гэтымі грашыма плацілі выкладчыкам зарплату. А то раптам — увесь факультэт завалены апельсінамі. Ці ляжаць пакункі мужчынскіх кашуль… Вялікая руская інтэлігенцыя выжывала як магла. Узгадалі старыя рэцэпты… тое, што елі ў вайну… У далёкіх кутках паркаў… на чыгуначных адхонах саджалі бульбу… Есці тыднямі адну бульбу — голад гэта ці не голад? А адну квашаную капусту? Мяне да канца жыцця ад яе адвярнула. Навучыліся рабіць чыпсы з бульбяных лушпаек, перадавалі адзін аднаму гэты цудоўны рэцэпт: кінуць лупіны ў гатаваны алей і паболей солі. Малака не было, але прадавалася марозіва, манную кашу варылі на марозіве. Ела б я гэта цяпер?
Першым памерла наша сяброўства… Ва ўсіх з’явіліся нейкія справы — трэба было грошы зарабляць. Раней здавалася, што нам гэтыя грошы… яны ніякай улады над намі не маюць… А тут усе ацанілі хараство зялёных паперак, гэта не савецкія рублі, не «рэзаная папера». Кніжныя дзяўчынкі і хлопчыкі… пакаёвыя расліны… Мы аказаліся не прыстасаваныя да новага жыцця, якога чакалі. Нечага іншага мы чакалі, не гэтага. Прачыталі вагон рамантычных кніг, а жыццё пагнала штурхялямі і па карку ў іншы бок. Замест Высоцкага — Кіркораў. Папса! І гэтым усё сказана… Нядаўна сабраліся ў мяне на кухні, што ўжо рэдка бывае, і спрачаліся: спяваў бы Высоцкі для Абрамовіча? Меркаванні падзяліліся. Болей было тых, хто ўпэўнены: вядома, спяваў бы. Іншае пытанне — за колькі?
Ігар? Ён застаўся ў маёй памяці падобным да Маякоўскага. Прыгожым і самотным. (Маўчыць.) Я вам што-небудзь патлумачыла? Ці атрымалася ў мяне?..
«…і кірмаш стаў нашым універсітэтам»
Шмат гадоў прайшло… У мяне дагэтуль пытанне: чаму? Чаму ён так вырашыў? Мы сябравалі, але ён усё вырашыў сам… адзін… Ну што вы скажаце чалавеку на даху? Ну што? У юнацтве я сам думаў пра самагубства, а чаму — незразумела. Люблю маму, тату… брата… усё дома добра… А кудысьці нясе. Недзе там… там нешта ёсць… Што? Нешта… яно вось там… Там цэлы свет, больш яркі, больш значны за той, у якім ты жывеш, там нешта больш важнае адбываецца. І там ты можаш дакрануцца да нейкай таямніцы, іншым шляхам спасцігнуць яе нельга, рацыянальна ты да яго не падключышся. Вось хочацца… дай паспрабую… Устаць на карніз… скочыць з балкона… Але ты не збіраешся паміраць, а ты хочаш падняцца ўверх, ты хочаш паляцець, табе здаецца, што ты ўзляціш. Дзейнічаеш як у сне… непрытомны… Калі прыходзіш да розуму, памятаеш нейкае святло, нейкі гук… і пачуццё, што ў тым стане табе было добра… табе было нашмат лепей, як тут…
Читать дальше