Званок у дзверы. Заходзіць нехта са знаёмых. Нешта доўга абмяркоўваюць у вітальні. Калі N. вяртаецца, я бачу: ён крыху засмучаны і гаворыць ужо не так ахвотна, але потым, на шчасце, зноў загараецца .
— Мы разам працавалі… клікаў да нас… Адмовіўся: гэта партыйная таямніца, і выдаваць яе нельга. Навошта падпускаць да яе чужых. (Паўза.) Я не быў сябрам Ахрамеева, але я ведаў яго шмат гадоў. Ніхто не пайшоў на крыж, каб уратаваць краіну. Толькі ён. А мы сталі клапаціцца пра персанальныя пенсіі і захаванне за намі дзяржаўных лецішчаў. Не магу змаўчаць…
Да Гарбачова нашых лідараў народ бачыў толькі на трыбуне маўзалея: андатравыя шапкі і каменныя твары. Анекдот: «Чаму зніклі андатравыя шапкі?» — «Таму што наменклатура размнажаецца хутчэй за андатру». (Смяецца.) Нідзе гэтулькі не распавядалі анекдотаў, як у Крамлі. Палітычных анекдотаў… антысавецкіх… (Паўза.) Перабудова… Дакладна не памятаю, але мне здаецца, што першы раз я пачуў гэта слова за мяжой ад замежных журналістаў. У нас часцей казалі: «паскарэнне» і «ленінскі шлях». А за мяжой пачаўся гарбачоўскі бум, увесь свет захварэў на «горбіманію». Там перабудовай называлі ўсё, што ў нас адбывалася. Усе перамены. Калі па вуліцы ехаў картэж з Гарбачовым, стаялі тысячы людзей уздоўж дарогі. Слёзы, усмешкі. Гэта ўсё я памятаю… Нас палюбілі! Знік страх перад КДБ, а галоўнае — абвясцілі канец ядзернаму шаленству… І за гэта свет быў нам удзячны. Цягам дзесяцігоддзяў атамнай вайны баяліся ўсе, нават дзеці. Прывыклі глядзець адзін на аднаго з акопа. Праз прыцэл… (Паўза.) У еўрапейскіх краінах сталі вучыць рускую мову… у рэстаранах падавалі рускія стравы: боршч, пельмені… (Паўза.) Я дзесяць гадоў адпрацаваў у ЗША і Канадзе. Вярнуўся дадому ў гарбачоўскі час… Убачыў шмат шчырых, сумленных людзей, якія прагнуць ва ўсім удзельнічаць. Я бачыў такіх людзей… калі паляцеў у космас Гагарын… Такія твары… У Гарбачова было шмат аднадумцаў, але менш за ўсё іх было сярод наменклатуры. Цэкоўскай… абкамаўскай… «Курортны сакратар» — гэта за тое, што ўзялі яго ў Маскву са Стаўрапаля, дзе любілі адпачываць генеральныя сакратары, члены Палітбюро. «Мінеральны сакратар» і «сокін сын» за антыалкагольную кампанію. Кампрамат назапашваўся: будучы ў Лондане, не наведаў магілу Маркса… Выпадак неверагодны! Вярнуўся з Канады, казаў усім, як там добра. І тое добра, і гэта… а ў нас… Зразумела, што ў нас… Хтосьці не вытрымаў: «Міхаіл Сяргеевіч, і ў нас так будзе гадоў праз сто». — «Ну, ты аптыміст». Дарэчы, тыкаў ён усім… (Паўза.) Прачытаў у аднаго «дэмакратычнага» публіцыста, што ваеннае пакаленне… гэта значыць — мы… заседзелася ва ўладзе. Перамаглі, адбудавалі краіну і трэба было сыходзіць, бо іншага разумення жыцця, акрамя як жыць па ваенных мерках, не мелі. Таму і сунемся ў хвасце… (Агрэсіўна.) «Чыкагскія хлопчыкі»… «рэфарматары ў ружовых штоніках»… Дзе вялікая краіна? Калі б гэта была вайна, мы б перамаглі. Калі б вайна… (Доўга супакойваецца.)
…Але чым далей, тым больш Гарбачоў нагадваў прапаведніка, а не Генеральнага сакратара. Стаў тэлезоркай. Хутка ўсім надакучыла слухаць яго казанні: «назад да Леніна»… «скачок у развіты сацыялізм»… Узнікае пытанне: а што тады ў нас пабудавана — «недаразвіты сацыялізм»? Што ў нас… (Паўза.) Я памятаю, што за мяжой мы бачылі іншага Гарбачова, там ён мала нагадваў таго Гарбачова, якога ведалі дома. Там ён адчуваў сябе вольным. Удала жартаваў, выразна фармуляваў свае думкі. А дома інтрыгаваў, лавіраваў. І таму здаваўся слабым. Балбатуном. Але слабым ён не быў. І баязліўцам таксама.
Усё гэта — няпраўда. Халодны і спрактыкаваны палітык. Чаму два Гарбачовы? Калі б ён быў дома адкрытым, як «там», яго б «старыя» імгненна раскусілі і з’елі. Ёсць яшчэ адна прычына… Ён… я так думаю… даўно перастаў быць камуністам… ужо не верыў у камунізм… Таемна або падсвядома ён быў сацыял-дэмакратам. Асабліва не афішавалася, але ўсе ведалі, што ў маладосці ён вучыўся ў Маскоўскім універсітэце (МДУ) разам з лідарам Пражскай вясны Аляксандрам Дубчакам і яго паплечнікам Здэнекам Млынаржам. Яны сябравалі. Млынарж напісаў у сваіх успамінах, што, калі ім прачыталі на закрытым партсходзе ва ўніверсітэце даклад Хрушчова на дваццатым з’ездзе, яны перажылі такое ўзрушэнне, што ўсю ноч блукалі па Маскве. А раніцай на Ленінскіх гарах, як калісьці Герцэн і Агароў, пакляліся ўсё жыццё змагацца са сталінізмам. (Паўза.) Уся перабудова адтуль… З хрушчоўскай адлігі… …Мы ўжо пачыналі гэтую тэму… Ад Сталіна і да Брэжнева на чале краіны стаялі кіраўнікі, якія ваявалі. Перажылі час тэрору. Іх псіхалогія склалася ва ўмовах гвалту. Пастаяннага страху. Не маглі яны забыцца і на сорак першы год… Ганебнае адступленне Чырвонай арміі да Масквы. Як у бой салдат выпраўлялі са словамі: зброю здабудзеце ў баі. Людзей не лічылі, а патроны лічылі. Нармальна… Лагічна, што людзі з такой памяццю верылі ў тое, што для перамогі над ворагам трэба кляпаць танкі і самалёты. Чым больш, тым лепш. Узбраення ў свеце назапасілася столькі, што СССР і Амерыка маглі забіць адно аднаго тысячу разоў. А зброю працягвалі кляпаць. І вось прыйшло новае пакаленне… Уся гарбачоўская каманда — гэта дзеці ваеннага часу… У іх свядомасці адбілася радасць свету… маршал Жукаў, які прымае парад Перамогі на белым скакуне… Ужо іншае пакаленне… і іншы свет… Першыя не давяралі Захаду, бачылі ў ім ворага, а другія хацелі жыць, як на Захадзе. Вядома, «старых» Гарбачоў напужаў… Пужалі ягоныя размовы пра «будаўніцтва бяз’ядзернага свету» — бывай, пасляваенная дактрына «раўнавагі страху», пра тое, што «ў ядзернай вайне не можа быць пераможцаў», — значыць, згортваем «абаронку», скарачаем армію. Першакласныя ваенныя заводы стануць каструлі выпускаць і сокавыціскалкі… Так ці што? Быў момант, калі вышэйшы генералітэт знаходзіўся амаль у стане вайны супраць палітычнага кіраўніцтва. Супраць Генеральнага сакратара. Яму не маглі дараваць страту Усходняга блока, нашых уцёкаў з Еўропы. Асабліва з ГДР. Нават канцлер Коль быў здзіўлены марнатраўствам Гарбачова: нам прапаноўвалі велізарныя грошы за сыход з Еўропы, ён адмовіўся. Здзіўляла ягоная наіўнасць. Руская прастата. Так хацелася яму, каб яго любілі… каб французскія хіпі насілі майкі з ягоным партрэтам… Інтарэсы краіны здаваліся бяздарна і ганебна. Армію выводзілі ў лес, у рускае поле. Афіцэры і салдаты жылі ў палатках. У зямлянках. Перабудова… як вайна… гэта не было падобным да адраджэння…
Читать дальше