…небяспечна было кранаць гэтую канструкцыю. Сталінскую… савецкую… называйце, як заўгодна… Нашая дзяржава заўсёды існавала ў мабілізацыйным рэжыме. З першых дзён. На мірнае жыццё яна не разлічаная. Зноў жа… Думаеце, мы не маглі наштампаваць модных жаночых боцікаў і прыгожых станікаў? Пластмасавых «відзікаў». Лёгка. Але ў нас мэта была іншая… А народ? (Паўза.) Народ простых рэчаў чакае. Вялікай колькасці пернікаў. І — цара! Гарбачоў не захацеў быць царом. Адмовіўся. А ўзяць Ельцына… Калі ён адчуў у 93-м годзе, што прэзідэнцкае крэсла пад ім захісталася, ён не разгубіўся і даў каманду страляць па Парламенце. Камуністы ў 91-м пабаяліся страляць… Гарбачоў аддаў уладу без крыві… А Ельцын страляў з танкаў. Зладзіў бойню. Вось так… І яго падтрымалі. Краіна ў нас царская па менталітэце, падсвядома. Па генах. Усім цар патрэбны. Івана (у Еўропе яго назвалі «жахлівым»), які заліў рускія гарады крывёю і прайграў Лівонскую вайну, успамінаюць з жахам і захапленнем. Як і Пятра Першага, і Сталіна. А Аляксандра Другога Вызваліцеля… цара, які падараваў Расіі свабоду… забілі… Гэта ў чэхаў можа быць Вацлаў Гавел, а нам патрэбны не Сахараў, а цар. Цар-бацюшка! Генеральны сакратар ці прэзідэнт — у нас усё роўна гэта цар. (Доўгая паўза.)
Паказвае мне свой нататнік з цытатамі з твораў марксісцкіх класікаў. Запісваю сабе адну ленінскую цытату: «Я згодны жыць у свіным хляве — толькі была б у ім савецкая ўлада». Прызнаюся, што і я Леніна не чытала .
…ну, а гэта іншы… другі бок… Для разрадкі… У нас размова, як кажуць, у вузкім коле, за столікам. У Крамлі быў свой кухар. Усе члены Палітбюро замаўлялі ў яго селядцы, сала, чорную ікру, а Гарбачоў усё больш націскаў на кашы. Салацікі. Чорную ікру прасіў яму не даваць: «Ікра пад гарэлачку добра ідзе, а я не п’ю». Дыеты ў іх з Раісай Максімаўнай, разгрузачныя дні. Ні на каго з ранейшых генсекаў ён не быў падобны. Зусім не па-савецку, шчыра кахаў сваю жонку. Гулялі яны, трымаючыся за рукі. А Ельцын, да прыкладу, з раніцы просіць чарку і агурочак. Вось гэта — па-руску. (Паўза.) Крэмль — тэрарыум. Я распавяду… Толькі друкуйце без майго прозвішча… ананімна дайце інфармацыю… Я на пенсіі ўжо… Ельцын набраў сваю каманду, «гарбачоўцаў» вымелі, так ці інакш усіх прыбралі. Таму і сяджу з вамі, што пенсіянер, а так бы маўчаў, як партызан. Дыктафона не баюся, але ён мне перашкаджае. Звычка, ведаеце. Нас прасвечвалі, як на рэнтгене… (Паўза.) Здавалася б, дробязь, але гэта характарызуе чалавека… Ахрамееў пераехаў у Крэмль і адразу ж адмовіўся ад павышанага ў некалькі разоў акладу. Папрасіў пакінуць яму той, які ў яго быў: «Мне дастаткова». Хто з нас Дон-Кіхот? І хто, скажыце, лічыць Дон-Кіхота нармальным? Калі была апублікавана пастанова ЦК КПСС і ўрада (пачалася барацьба з прывілеямі) пра абавязковую здачу замежных падарункаў, даражэйшых за 500 рублёў, на карысць дзяржавы, ён быў першым і адным з нямногіх, хто гэтую пастанову выканаў. Крамлёўскія норавы… Служыць, прагінацца, ведаць, на каго данесці, а каму своечасова падгігікнуць. З кім павітацца, а каму злёгку кіўнуць галавой. Усё наперад пралічваць… Дзе вам далі кабінет? Побач з прэзідэнтам — на адным паверсе? Калі не — вы не чалавек… Так… дробная казурка… Якія ў вас стаяць тэлефоны? «Круцёлка» ёсць? А тэлефон з надпісам «прэзідэнт» для прамой сувязі з «самім»? Ці даюць вам машыну з гаража асобага прызначэння… …чытаю «Маё жыццё» Троцкага. Там добра адлюстраваная кухня рэвалюцыі… Усе цяпер заселі за Бухарына. Яго лозунг: «узбагачайцеся, назапашвайце» — прыйшоўся да месца. У саменькі раз.
«Бухарчык» (як ахрысціў яго Сталін) прапаноўваў «урастаць у сацыялізм», Сталіна называў Чынгісханам. Але таксама постаць неадназначная… Гатовы быў, як усе, кідаць людзей у печку сусветнай рэвалюцыі без разбору. Выхоўваць расстрэламі. Гэта не Сталін першы прыдумаў… Усе яны вайсковыя людзі — пасля рэвалюцыі, пасля грамадзянскай вайны. Пасля крыві… (Паўза.) У Леніна ёсць заўвага, што рэвалюцыі прыходзяць тады, калі яны самі гэтага хочуць, а не калі нехта хоча. Так… вось… так… Перабудова… галоснасць… Усё мы выпусцілі з рук… Чаму? У вышэйшых эшалонах улады было нямала разумных людзей. Чыталі Бжэзінскага… Але ўяўленне было такое: падрамантуем, падмажам і далей паедзем. Не ведалі, да якой ступені нашым людзям абрыдла ўсё савецкае. Самі мала верылі ў «светлую будучыню», але верылі, што народ верыць… (Паўза.) Не… Ахрамеева не забілі… Адкінем канспіралагічныя тэорыі… Самагубства — гэта быў ягоны апошні аргумент. Сыходзячы, ён усё ж сказаў пра галоўнае: ляцім у бездань. Была вялізная краіна, гэтая краіна выйграла страшную вайну — і вось яна падае. Кітай не паваліўся. І Паўночная Карэя, дзе людзі мруць ад голаду. І маленькая сацыялістычная Куба стаіць, а мы знікаем. Нас узялі не танкамі і ракетамі, а знішчылі тое, чым мы заўсёды былі моцныя. Наш дух. Згніла сістэма, згніла партыя. І можа быць, менавіта таму… гэта таксама адна з прычын яго сыходу… …нарадзіўся ён у глухой мардоўскай вёсцы, рана застаўся без бацькоў. Пайшоў на вайну курсантам ваенна-марскога вучылішча. Добраахвотнікам. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі — поўнае нервовае знясіленне, важыў трыццаць восем кілаграмаў . (Паўза.) Перамагла змучаная, хворая армія. Знясіленая, прастуджаная. З радыкулітамі, артрытамі… язвай страўніка… Я такую яе памятаю… Мы з ім з аднаго пакалення — людзі вайны. (Паўза.) Ад курсанта ён падняўся да самых вяршыняў ваеннай піраміды. Савецкая ўлада дала яму ўсё: вышэйшае воінскае званне Маршала, Зорку Героя, Ленінскую прэмію… Не спадчынніку трона, а хлопчыку з простай сялянскай сям’і. З глухой ускраіны. І тысячам такіх, як ён, дала яна шанец. Бедным… маленькім людзям… І ён любіў савецкую ўладу.
Читать дальше