Так увесь дзень і праседзелі каля тэлевізараў і тэлефонаў. Трывожна: чыя там, наверсе, возьме? Чакалі. Я вам шчыра скажу, чакалі. Усё гэта трохі нагадвала падзенне Хрушчова. Мемуараў ужо начыталіся… Размовы, зразумела, пра адно… Якая свабода? Свабода нашаму чалавеку — як малпе акуляры. Ніхто не ведае, што з ёй рабіць. Усе кіёскі гэтыя, рыначкі… ну не ляжыць да іх душа. Я ўспомніла, як пару дзён таму сустрэла свайго былога кіроўцу. Такая гісторыя… Да нас у райкам хлопец трапіў адразу пасля войска. Па нейкім вялікім блаце. Быў цалкам задаволены. Але пачаліся перамены, дазволілі кааператывы, і ён ад нас пайшоў. Заняўся бізнесам. Я з цяжкасцю яго пазнала: стрыжаны нагала, скураная куртка, спартыўны касцюм. Гэта ў іх, як я зразумела, уніформа такая. Пахваліўся, што за адзін дзень зарабляе больш, чым першы сакратар райкама партыі за месяц. Бізнес бяспройгрышны — джынсы. Арандавалі з адным сябрам звычайную пральню і там робяць «варонкі». Тэхналогія простая (галота на выдумкі хітрая): звычайныя, банальныя джынсы кідаюць у раствор адбельвальніка або хлоркі, дадаюць туды бітай цэглы. Пару гадзін «вараць» — на штанах палосы, разводы, малюнкі… Абстракцыянізм! Прасушваюць і прыляпляюць лэйбл «Мантана». У мяне адразу з’явілася думка: калі нічога не зменіцца, яны, гэтыя прадаўцы джынсаў, будуць неўзабаве намі камандаваць. Нэпманы! І накормяць усіх, і апрануць, як гэта ні смешна. У падвалах заводы пабудуюць… Так яно і выйшла. Вось! Цяпер гэты хлопец — мільянер або мільярдэр (для мяне мільён і мільярд аднолькава шалёная сума), дэпутат Дзярждумы. Адзін дом на Канарах… другі — у Лондане… Пры цары ў Лондане жылі Герцэн і Агароў, цяпер яны… нашыя «новыя рускія»… Джынсавыя, мэблевыя, шакаладныя каралі. Нафтавыя.
А дзявятай вечара «першы» яшчэ раз сабраў усіх у сябе. Дакладваў старшыня раённага КДБ. Распавёў пра настроі сярод людзей. Паводле яго, народ падтрымліваў ГКЧП. Не абураўся. Гарбачоў усім надакучыў… Талоны на ўсё, акрамя солі… гарэлкі няма… Хлопцы з КДБ пабегалі па горадзе і запісалі размовы. Сваркі ў чэргах: «Пераварот! Што будзе з краінай?» — «А што ў цябе перавярнулася? Ложак на месцы стаіць. Гарэлка — тая самая». — «Вось і скончылася свабода». — «Ага! Свабода па ліквідацыі каўбасы». — «Камусьці захацелася жуйкі. «Мальбара» паліць». — «Даўно пара! Краіна на мяжы краху!» — «Іудушка Гарбачоў! Хацеў прадаць Радзіму за даляры». — «Крывішчы будзе…» — «А без крыві ў нас нельга…» — «Каб выратаваць краіну… партыю… патрэбныя джынсы. Прыгожая жаночая бялізна і каўбаса, а не танкі». — «Добрага жыцця захацелі? Хрэн вам! Забудзьце!» ( Маўчыць .)
Словам, народ чакаў… як і мы… У партбібліятэцы дэтэктываў да канца дня ўжо не было, усе разабралі. ( Смяецца .) Леніна б нам усім чытаць, а не дэтэктывы. Леніна і Маркса. Нашых апосталаў.
Запомніла прэс-канферэнцыю ГКЧП… У Янаева дрыжалі рукі. Стаяў і апраўдваўся: «Гарбачоў заслугоўвае ўсялякае павагі… ён — мой сябар…» Вочы бегаюць… спалоханыя вочы… У мяне ёкнула сэрца. Не тыя гэта людзі, якія б маглі… якіх чакалі… пігмеі… звычайныя партапаратчыкі… Ратаваць краіну! Ратаваць камунізм! Няма каму ратаваць… На экране: маскоўскія вуліцы — мора людзей. Мора! На цягніках, прыгарадных электрычках народ ірвануў у Маскву. Ельцын на танку. Раздае ўлёткі… «Ельцына! Ельцына!» — скандуе натоўп. Трыумф! ( Нервова торгае край абруса .) Абрус вось… кітайскі… Увесь свет запоўнены кітайскімі таварамі. Кітай — краіна, дзе ГКЧП перамог… А дзе мы? Краіна трэцяга свету. Дзе тыя, хто крычаў: «Ельцын! Ельцын!»? Яны думалі, што будуць жыць, як у Амерыцы і Германіі, а жывуць — як у Калумбіі. Мы прайгралі… прайгралі краіну… А нас, камуністаў, у той час налічвалася пятнаццаць мільёнаў! Партыя магла… ёй здрадзілі… На пятнаццаць мільёнаў не знайшлося ніводнага лідара. Ніводнага! А на тым баку лідар быў. Быў — Ельцын! Бяздарна ўсё прайгралі! Палова краіны чакала, што мы пераможам. Адной краіны ўжо не было. Ужо было — дзве.
Тыя, хто называў сябе камуністамі, раптам сталі прызнавацца, што яны ненавідзелі камунізм з дзяцінства. Здавалі свае партбілеты… Адны прыносілі і пакідалі партбілеты моўчкі, іншыя ляскалі дзвярыма. Падкідалі ноччу да будынка райкама… Як злодзеі. Развітайцеся з камунізмам сумленна. Не — употай. Раніцай дворнікі хадзілі і збіралі па двары — партбілеты, камсамольскія пасведчанні — і прыносілі нам. Прыносілі ў пакетах, у вялікіх цэлафанавых мяшках… Што з гэтым рабіць? Куды здаваць? Каманды няма. Зверху — ніякіх сігналаў. Мёртвая цішыня. ( Задумалася .) Такі гэта быў час… людзі пачалі змяняць усё… Абсалютна ўсё. Начыста. Адны з’язджалі — мянялі радзіму. Іншыя змянялі перакананні і прынцыпы. Трэція мянялі рэчы ў доме, рэчы мянялі спрэс. Старое савецкае выкідалі, куплялі ўсё імпартнае… «Чаўнакі» адразу ўсяго навезлі: чайнікі, тэлефоны, мэбля… халадзільнікі… Аднекуль усяго з’явілася навалам. «У мяне пральная машына «Бош». — «А я купіў тэлевізар «Сіменс». У кожнай размове гучала: «Панасонік», «Соні»… «Філіпс»… Сустрэла суседку: «Сорамна радавацца нямецкай кавамолцы… А я шчаслівая!» Яна ж толькі… вось толькі… ноч стаяла ў чарзе па томік Ахматавай, цяпер вар’яцее ад кавамолкі. Ад нейкага глупства… І з партбілетам расставаліся — як з непатрэбнай рэччу. Цяжка было паверыць… Але за некалькі дзён усё памянялася. Царская Расія, як чытаеш у мемуарах, зліняла за тры дні, і камунізм таксама. За пару дзён. У галаве не ўкладвалася… Знаходзіліся, праўда, і такія, хто хаваў свае чырвоныя кніжачкі, пакідаў на ўсялякі выпадак. Нядаўна ў адной сям’і мне дасталі з антрэсоляў бюст Леніна. Захоўваюць… раптам яшчэ спатрэбіцца… Вернуцца камуністы, яны першыя начэпяць пунсовы бант. (Маўчыць доўга.) У мяне на стале ляжалі сотні заяваў аб выхадзе з партыі… Усё гэта ў хуткім часе згрэблі і вынеслі як смецце. Згніло на сметніку . (Штосьці шукае ў тэчках на стале.) Я пару аркушыкаў захавала… Калі-небудзь іх папросяць у мяне для музея. Будуць шукаць… (Зачытвае.)
Читать дальше