Ніна хуценька сунула ногі ў валёнкі, надзела пальтэчка і шапку-вушанку, схапіла вязаныя рукавічкі і выбегла на вуліцу.
— Воўка! Пачакай!..
Гамзук пачуў і азірнуўся. Яны вучыліся ў адным класе, праўда, не сказаць, каб сябравалі, — Ніна ўвогуле сябравала толькі з дзяўчынкамі, — але і ніколі не задзіраліся між сабой, не сварыліся. Тым больш што ён быў маўчун і крыху «ацеслівы».
— Давай я цябе паважу! — яшчэ падбягаючы, дружалюбна прапанавала Ніна. — Давай! Аж туды — у канец вуліцы!
Гамзук, было бачна, крыху разгубіўся ад такой нечаканай прапановы і адказаў не адразу.
— Не трэба... Я сам...
— Давай! — настойліва паўтарыла Ніна. — Ты не бойся, я не выкулю. Садзіся! Ну садзіся! — I падышла да яго і ўзялася за павадок.
I Гамзук прагэмзаў:
— Ну ладна... Але толькі трохі...
Ён аддаў ёй павадок, усеўся на санкі, ногі, крыху падкурчыўшы, упёр у пярэдняе білца, а рукамі ўчапіўся за крайнія планачкі насцілу.
Ніна хацела бегма рвануць з ходу, але з ходу бегма не атрымалася — Гамзук аказаўся цяжкаватым. I аднак жа, калі не бегма, дык амаль уподбег пацягнула, а дзе вуліца хоць трохі ішла ўніз — дык і бегма. Дзяўчо імгненна разагрэлася, расчырванеліся шчокі, разгарэліся — ад задавальнення, ад радасці — вочы. А яшчэ і ад думкі, ад надзеі, можна нават сказаць — ад упэўненасці, што Воўка наўзаем пакатае і яе, абавязкова пакатае, ну а як жа! Спярша — яна яго, а тады — ён яе, а пасля можна і яшчэ раз памяняцца месцамі. Ах, як шчыравала Ніна, у якім акрылёным настроі цягнула-пёрла па расслізганай вуліцы санкі з нялёгкім пасажырам! Адно шкада, што Воўка — маўчун, ну зусім маўчун, а ні слова не кажа. «Вось калі я ўсядуся, думала, дык адразу закамандую: «Гэй, пайшоў, конічак! Гэй, пайшоў!..»
Ніна пракаціла Гамзука далёка за апошнія хаты, не прыпыняючыся, акуратна развярнулася, шчасліва зіркнуўшы пры гэтым на маўчуна-пасажыра, і закапыціла што змогі назад. Ужо добра такі стамілася, але віду не паказвае. «Вось працягну міма школы, а там і запынюся...» А са школьнага двара на вуліцу выйшаў сам дырэктар, Адам Ігнатавіч. Ніна і на яго кінула шчаслівы пагляд, сказала «добры дзень!» і трохі збянтэжылася. Так заўсёды: хоць і тата настаўнік, а яна пры сустрэчы з іншымі настаўнікамі кожны раз бянтэжыцца.
— Вова! Ты гэта што? — спытаў у здзіўленні Адам Ігнатавіч. — Не ты Ніну, а яна цябе возіць? Ну і рыцар! Хіба рыцары гэтак робяць, га?
Ніна спынілася. Гамзук заварушыўся, даючы зразумець, што злазіць.
— Дык я... Дык гэта... яна сама... — заапраўдваўся прысаромлены «рыцар».
— А мне зусім няцяжка! — выгукнула ўжо ў спіну дырэктару Ніна. Той, было бачна, спяшаўся.
Гамзук злез з санак і тузануў з рук дзяўчынкі павадок:
— Давай, мне ўжо трэба дадому!..
На твары Ніна можна было ўбачыць не проста здзіўленне, а разгубленасць. «Дадому? Дык, значыць, ён мяне не пакатае? Тады... Тады — я пакатаюся сама, толькі хай пазыча саначак...»
— Воўка, — сказала, крыху заступіўшы яму дарогу, — а ты дай мне трохі пакатацца. Мне надта хочацца пакатацца! Я адразу ж іх табе прыцягну.
— Няможна, мама будзе сварыцца, — прагугнявіў Воўка.
— Я ім нічога не зраблю! Я буду асцярожна, не бойся! Трохі пакатаюся і прыцягну. Дай, Воўка, ну дай!
— Сказаў жа: няможна! — буркнуў насуплены гаспадар санак. Відаць, тое, што яго прысарамаціў дырэктар, ды не сам-насам, а пры Ніне, яму моцна сапсавала настрой і збудзіла непрыязнасць да дзяўчынкі. Што трэба быць удзячным і за дабро плаціць узаемнасцю — гэтага хлапчук яшчэ не разумеў.
Ніне можна было ісці з Воўкам разам, у адзін жа бок, але яна не пайшла, засталася стаяць там жа, насупраць школы. Вялікая крыўда і яшчэ нешта — можа, пагарда, а можа, і злосць, — затрымалі яе на месцы. Якое расчараванне і засмучэнне! Так спадзявалася і так шчыравала, з такой ахвотай і радасцю — і вось чым усё кончылася!
— Скупярдзяй! — голасна крыкнула яна, калі той ужо крокаў на дваццаць адышоўся. I яшчэ грамчэй паўтарыла: — Скупярдзяй!
«Рыцар» Гамзук не азірнуўся. Зрабіў выгляд, што не пачуў? Ці ад сораму?
Праз нейкую хвіліну, калі «скупярдзяй» ужо быў досыць далёка, Ніна ціха пайшла дадому. «Папрашу тату, каб купіў саначкі... Ці лыжы? От каб і саначкі і лыжы! От было б добра! Кожны б дзень коўзалася!..»
Памяць пра кіно ў Замчышчы
У адзін з самых марозных дзён той зімы ў Замчышча прывезлі кіно. Падзея — не звычайная, бо здаралася рэдка, можа, раз у паўгода. Паказваюць кіно ў калгаснай канцылярыі — у хаце былога «кулака», высланага з сям'ёй гадоў сем назад на Поўнач, у Котлас (так гаварылі). Хата, па вясковых мерках, вялікая, раздзеленая сеначкамі на дзве палавіны. У меншай — сама канцылярыя, стол старшыні праўлення, стол рахункавода, шафа з паперамі; а большая, нашмат большая, адпушчана пад калгасны клуб, які ўсё абяцаюць пабудаваць, але таму і не спяшаюцца, што ёсць гэтая пустая палавіна кулацкай хаты. Тут збіраюцца калгаснікі на свой агульны сход, тут праводзяцца ўрачыстыя вечары ў гонар Чырвонага Кастрычніка, ці Першамая, ці дня Савецкай Арміі, ці Міжнароднага дня жанчын і даюцца канцэрты мастацкай самадзейнасці. Тут, зразумела, паказваюць і кіно. Трэба сказаць, што ў Замчышчы глядзець кіно любілі — кожны раз сыходзілася амаль уся вёска, нават многія старыя дзяды і бабы, асабліва ж дападалі дзеці, упусціць гэты шанц для іх раўнялася няшчасцю. Тым больш што квіткі купляў на ўсіх агулам калгас, — старшыня мудра разлічыў: выдаткі невялікія, а далучаюць такім чынам людзей да культуры — справа вельмі важная. «Чаму не схадзіць, калі бясплатна», — разважалі тыя, хто стараўся ашчаджаць кожную капейку. А хто з вяскоўцаў тады не ашчаджаўся?
Читать дальше