Пераклала Юлія Шадзько
Гэй-гэй! Ён скача, бы шалёны,
Яго тарантул укусіў...
А. Мэрфі. «Усе памыляюцца»*
Шмат гадоў таму я сябраваў з містэрам Ўільямам Легранам. Ён паходзіў са старажытнага гугеноцкага роду і некалі быў уладальнікам саліднай маёмасці, але шэраг няўдачаў давёў яго да суцэльнай беднасці. Ратуючыся ад ганебнага краху, ён пакінуў Новы Арлеан, горад сваіх продкаў, і пасяліўся на востраве Саліван пад Чарлстанам, што ў Паўднёвай Караліне.
Востраў гэты даволі незвычайны. Амаль увесь ён складаецца з аднаго марскога пяску і цягнецца ўсяго тры мілі ў даўжыню і не больш за чвэрць мілі ў шырыню. Ад кантынента востраў адмяжоўвае ледзь прыкметная ручаінка, што струменіць між густога глеістага трыснягу, дзе так любяць гняздзіцца балотныя птушкі. Расліннасць на востраве, як можна здагадацца, даволі рэдкая і чэзлая. Не знойдзеш тут ніводнага вялікага дрэва. Ля заходніх межаў, дзе стаіць форт Моўлтры* і месцяцца ўбогія забудовы, што на лета займаюць стомленыя гарадскім пылам і мітуснёй уцекачы з Чарлстану, можна пабачыць шурпатыя пальмы, але сам востраў, за выняткам гэтай заходняй яго часткі і белай паласы цвёрдага пляжа на ўзбярэжжы, цалкам пакрыты густым зараснікам мірту, што так цэніцца садоўнікамі Англіі. Кусты часта сягаюць пятнаццаці-дваццаці футаў у вышыню і сплятаюцца ў амаль непраходныя зараснікі, насычаючы паветра сваім водарам.
На лясной прагаліне ля ўсходніх, больш аддаленых межаў вострава Легран пабудаваў сабе хаціну, у якой і жыў, калі я ўпершыню па волі лёсу сустрэўся з ім. У хуткім часе нашае знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, і не дзіва, бо пустэльнік быў чалавекам адукаваным і надзвычай разумным, хоць і схільным пры гэтым да мізантропіі і хваравітых зменаў настрою — ад энтузіязму да меланхоліі. У Леграна было шмат кніг, але чытаў ён рэдка. Час бавіў на паляванні, рыбалцы, шпацырах па пляжы і ў зарасніках мірту, шукаючы ракавінкі і рэдкіх насякомых, а яго энтымалагічнай калекцыі мог бы пазайздросціць сам Свамердам*. У гэтых падарожжах Леграну звычайна спадарожыў стары мурын па імені Юпітэр, які яшчэ да збяднення гаспадара атрымаў вольніцу, але ні пагрозы, ні абяцанкі не маглі прымусіць яго вырачыся свайго, як той лічыў, права паўсюль ісці следам за маладым «масам Ўілам». Цалкам верагодна, родныя Леграна, не зусім упэўненыя ў цвярозасці яго розуму, унушылі тыя ж падазрэнні Юпітэру, каб ён даглядаў і ахоўваў гора-вандроўніка.
У шыротах вострава Саліван зімы лютуюць рэдка, а ўвосень камін распальваюць толькі ў выключных выпадках. Аднак у сярэдзіне кастрычніка 18.. года дзень выдаўся надзвычай халодным. На самым змярканні я прадзёрся праз вечназялёныя зарасці да хаціны свайго сябра, з якім не бачыўся ўжо некалькі месяцаў, — у той час я жыў у Чарлстане, за дзевяць міляў ад вострава, але ж вандроўкі па моры былі тады зусім не такімі зручнымі, як цяпер. Наблізіўшыся да хаціны, я, як заўсёды, пагрукаўся, але, не пачуўшы адказу, дастаў схаваны ключ, адчыніў дзверы і ўвайшоў. Вясёлае полымя гарэла ў чарэні. Агонь у гэту пару года мяне здзівіў і, улічваючы мой стан, прыйшоўся дарэчы. Я скінуў паліто, уладкаваўся ў фатэлі насупраць каміна і, слухаючы патрэскванне дроваў, пачаў чакаць прыходу гаспадароў.
Яны прыйшлі неўзабаве, як узялося на цемру, і сустрэлі мяне надзвычай сардэчна. Юпітэр з усмешкай да вушэй адразу кінуўся гатаваць на вячэру курапатак. У Леграна ж быў адзін з яго прыступаў энтузіязму (а як іначай гэта назваць?). У той дзень ён знайшоў невядомага яму раней двухстворкавага малюска, прадстаўніка новага віду, і нават больш за тое — з дапамогай Юпітэра злавіў жука-скарабея, якога лічыў сваім адкрыццём і меркаванне пра якога хацеў пачуць ад мяне наступнага дня.
— А чаму не сёння? — запытаўся я, паціраючы адубелыя рукі над полымем і ў думках праклінаючы ўсё скарабеева племя.
— Каб жа я толькі ведаў, што вы тут! — усклікнуў Легран. — Мы не сустракаліся так даўна. Як жа я мог прадбачыць, што вы наведаецеся да мяне менавіта сёння?! Па дарозе дадому я сустрэў лейтэнанта Дж. з форта і вельмі неабачліва аддаў яму жука, таму, на жаль, пабачыць насякомае атрымаецца толькі з раніцы. Заставайцеся нанач, я пашлю па яго Юпітэра, як толькі надыдзе світанак. Гэта ж найпрыгажэйшая рэч ва ўсім свеце!
— Што? Світанак?!
— Ды не! Жук! Незвычайнага залатога колеру, памерам з вялікі грэцкі арэх, з дзвюма ярка-чорнымі плямкамі з аднаго боку і яшчэ адной прадаўгаватай з другога. А каб такія вусікі мець...
Читать дальше