Немагчыма палічыць, як доўга нас круціла па пенным краі лейкі. Кола за колам, мы рухаліся так дзесьці з гадзіну, хутчэй ляцелі, чым плылі, усё бліжэй пасоўваючыся спачатку да сярэдзіны паса, пасля — да жахлівага ўнутранага краю. Увесь гэты час я працягваў трымацца за рым. Мой брат ляжаў на карме, учапіўшыся за надзейна прынайтаваную пустую бочку для вады. Яна адзіная засталася на палубе, калі першым жа парывам буры ўсе рэчы змыла ў акіян. Калі шхуна зусім ужо блізка падышла да зеўры лейкі, ён выпусціў з рук бочку і кінуўся да рыму. У спохваце смяротнай жуды, амаль у агоніі, брат стаў адрываць мае рукі ад рыма, занадта малога, каб мы абодва маглі трывала ўзяцца за яго. Якая ж горыч ахапіла мяне, калі мой родны брат пачаў рабіць такое! Я разумею, што ён, відаць, канчаткова страціў глузды ад жывёльнага страху — шаленец беспрытомны, які не ўсведамляе, што робіць. Ясна, што я не стаў змагацца з ім за выгоды месца. Якая розніца, за што трымацца і ці трымацца ўвогуле — таму я пакінуў яго на рыме, а сам пасунуўся на карму і абхапіў бочку. Гэта было зусім не цяжка: шхуну несла па хвалях устойліва, на роўным кілі, толькі гайдала ўзад-уперад ад моцных штуршкоў і сутаргаў віру. Ледзь я ўладкаваўся на новым месцы, як шхуна рэзка нахілілася на правы бок і паляцела напрасткі ў бездань. Вось тут я і вырашыў, што нам канец, толькі малітву прамармытаць паспеў.
Плазам падаючы ў прорву, я інстынктыўна аж да болю ўчапіўся ў бочку і заплюшчыў вочы. Некалькі імгненняў я не мог наважыцца расплюшчыць іх — усё чакаў раптоўнай загубы і дзівіўся, чаму бязлітасныя абдымкі віру яшчэ не сціснулі мяне ў смяротнай барацьбе. Ішлі хвіліны, а я быў жывы. Адчуванне падзення знікла, мы рухаліся па коле, як і раней, з той толькі розніцаю, што цяпер былі значна ніжэй за пенны пас на краі лейкі. Я наважыўся зноў паглядзець навокал.
Ніколі мне не забыць таго трапяткога пачуцця жуды і адначасна захаплення, якое напоўніла мяне, як толькі я расплюшчыў вочы, і ад якога заняло дух. Шхуна завісла, нібы ўтрыманая нейкай чарадзейнай сілаю, на палове свайго шляху ў бездань, на ўнутранай паверхні крутаверці: неабсяжнай у акружыне, невымернай у глыбіню. Яе нібы адшліфаваныя сцены маглі б параўнацца гладкасцю і адценнем з каштоўным чорным дрэвам, калі б не шалёная хуткасць, з якой яны круціліся па коле, і калі б не люстраныя вусцішныя водбліскі на гэтых сценах, што ўзнікалі ад прамянёў, якія поўня струменіла з невялічкага прагалу сярод хмараў. Святло бруілася маляўнічым залатым вадаспадам, адбіваючыся ад чарнаты сценаў і пранізваючы цемру аж да самых глыбіняў бездані.
Спачатку я быў занадта агаломшаны, каб спрабаваць нешта пільна разгледзець. Усплёск палахлівага, амаль сакральнага захаплення вусцішнай веліччу, што адкрылася вачам, — вось што я перажываў у тыя хвіліны. Крыху апрытомнеўшы, я неяк несвядома стаў пазіраць долу — у самую лейку. Шхуна так завісла над безданню, што без аніякіх перашкодаў можна было ахапіць паглядам усё наваколле. Яна ішла раўнютка — так, што палуба была паралельная вадзе, але сцены крутаверці сыходзілі долу пад адхонам градусаў у сорак пяць, таму здавалася, што мы ідзем амаль лежма на баку.
 |
Шхуна завісла, нібы ўтрыманая нейкай чарадзейнай сілаю, |
на ўнутранай паверхні крутаверці. |
Аднак я не мог не заўважыць, што ўтрыманне раўнавагі тут займае менш высілкаў, чым калі б мы ішлі такім жа чынам па простай вадзе. Думаю, гэта адбывалася дзякуючы шалёнай хуткасці, з якой мы імчалі.
Прамяні поўні, здавалася, асвятлялі самае дно неабсяжнай прорвы, але ўсё ж я не мог нічога дакладна разгледзець праз шчыльны туман, які ахутваў наваколле і над якім вісела чароўная ў сваёй прыгажосці вясёлка. Яна нагадвала той вузкі і валкі мост, які, па мусульманскіх паданнях, адкрывае адзіны шлях з Часу ў Вечнасць. Гэты туман, завісь мільёнаў пырскаў, быў, без сумневу, выкліканы сутычкаю высачэзных сценаў крутаверці, калі яны сыходзіліся на дне прорвы, але нечалавечы жахлівы енк, які ўзносіўся да нябёсаў з глыбіняў гэтага туману, я нават і не спрабую апісаць.
Спачатку, калі мы саслізнулі ў бездань, сарваўшыся з паса пены, што круціўся ўверсе, шхуна адразу паляцела вельмі глыбока ў кацёл, але пасля мы апускаліся даволі нераўнамерна. Мы ўсё працягвалі круціцца, але не соўгаліся размерана і плыўна — рэзкія штуршкі і коўхі то шпурлялі нас на якіх футаў сто, то прымушалі ляцець ажно на цэлае кола наперад. Нашае прасоўванне — раз-пораз усё глыбей і глыбей — было павольным, але заўважным.
Читать дальше