Спробы патлумачыць прыроду гэтага феномена, некаторыя з якіх, як мне згадваецца, падаваліся на першы погляд даволі верагоднымі, цяпер зусім не задавальнялі. Агульная ідэя заключалася ў тым, што сама крутаверць, «падобна як і тры меншыя віры паміж выспамі Феро, узнікае ад таго, што хвалі, падымаючыся і падаючы, сутыкаюцца, ствараючы дзве плыні. Яны рухаюцца ў розных напрамках і, сціснутыя шэрагамі скалаў і рыфаў, утвараюць нешта падобнае да вадаспаду; і чым вышэй стаіць прыліў, тым з большай вышыні падае маса вады. Натуральны вынік гэтага працэсу — узнікненне віру або лейкі. Вялізная сіла яго ўсмоктвання дастаткова вывучаная на матэрыяле меншых па значнасці прыкладаў». Такія звесткі падае Брытанская энцыклапедыя. Кірхер*, а іншыя мяркуюць, што ў цэнтры Мальстрэма знаходзіцца скразная бездань, якая працінае ўвесь зямны шар і выходзіць на паверхню ў аддаленым месцы — як сцвярджаюць некаторыя — у Батнічным заліве*. Гэтае меркаванне абсалютна бязглуздае само па сабе. Але яно, як я цяпер усвядоміў, было адзіным, з якім уяўленне было найбольш гатовае пагадзіцца.
Сказаўшы аб гэтым правадніку, я са здзіўленнем пачуў што, хоць гэты пункт гледжання найбольш распаўсюджаны сярод нарвежцаў, асабіста ён яго не падзяляе. Што да папярэдняга меркавання, то стары зазначыў, што наагул няздольны зразумець яго. I тут я з ім пагадзіўся, бо, як ні пераканаўча гэта выглядае на паперы, яно робіцца зусім незразумелым пасярод аглушальнага рыку бездані.
«Вось цяпер, калі вы ўжо наглядзеліся на вір, — прамовіў стары, — калі мы перабярэмся вось за гэты камень і прысядзем з падветранага боку, каб не так чуваць было шум вады, я раскажу вам гісторыю, якая пераканае вас у тым, што я нешта цямлю ў Москестрэме».
Я ўладкаваўся, каб было зручна, і ён працягнуў.
«Нас было тры браты, і мы мелі шхуну на семдзесят тонаў. Зазвычай мы хадзілі на рыбу да выспаў, што за Моске, бліжэй да Вурга. Ля бурлівых віроў у моры добра ловіцца рыба, пры належных умовах і калі дастае смеласці, каб паспрабаваць. Але з усіх жыхароў Лафатэнскага ўзбярэжжа толькі мы ўтрох заўжды хадзілі на лоўлю да выспаў як я і казаў. Зазвычай дзялкі знаходзяцца нашмат ніжэй на поўдзень. Там рыбу можна браць у любы час і без небяспекі, і таму там заўсёды шмат народу. Тут, паміж скалаў, месцы — самыя вяршкі: і рыбы тут нашмат болей, і рэдкія гатункі водзяцца, так што мы, бывала, за адзін толькі дзень мелі столькі, колькі баязліўцам з тутэйшых рыбакоў разам не наскрэбці і за тыдзень. I вось гэта зрабілася для нас адчайнай гульнёй — рызыкаваць жыццём, замест таго каб проста працаваць, і смеласцю зарабляць на хлеб.
Мы трымалі сваю шхуну ў затоцы, міляў за пяць далей па ўзбярэжжы, калі лічыць адсюль. Звычайна ў пагоду мы скарыстоўвалі пятнаццаць хвілін зацішша, каб прайсці праз галоўную пратоку Москестрэма, нашмат вышэй за вір, і пасля стаць на якар недзе каля Атэрхольма ці Сандфлезена: там лейкі не так шалёна віруюць, як паўсюль. Там мы чакалі амаль да наступнага зацішша, тады збіраліся і йшлі дамоў. Мы ніколі не выбіраліся ў гэткі шлях, калі на моры не было трывалага бакавога ветру, такога, каб мы былі ўпэўненыя, што ён не сціхне да нашага вяртання, і, трэба сказаць, мы рэдка памыляліся на гэты конт. Толькі двойчы за шэсць гадоў нам даводзілася стаяць усю ноч на якары праз мёртвы штыль, і аднойчы мы затрымаліся на дзялцы амаль на тыдзень, ледзьве не трапілі да Абрама на піва з галадухі, і ўсё праз шторм. Ён пачаўся адразу пасля таго, як мы прыйшлі на месца, і зрабіў пратоку такой бурлівай, што і думаць няма чаго было пра вяртанне. У гэтым выпадку нас бы абавязкова вынесла ў мора, бо віры так трапалі нас, так раз'юшана шпурлялі ва ўсе бакі, што якар урэшце заблытаўся і пацягнуўся па дне. I калі б мы не трапілі ў адну з тых шматлікіх сустрэчных плыняў, якія сёння ёсць, а заўтра няма, і каб гэтая плынь не аднесла нас пад Флімен, дзе мы, на шчасце, і спыніліся, гэта быў бы канец.
Я і малой часткі не змагу вам пералічыць з тых цяжкасцяў, якія нам трапляліся на дзялцы, — нядобрае гэта месца, нават у пагоду, — але мы заўсёды высільваліся і неяк вымудраліся праслізнуць праз самае жарало Москестрэма без прыгодаў, хаця былі імгненні, у якія аж дух займала: гэта калі мы траплялі за хвілю да або пасля зацішша. Часам вецер дзьмуў не так моцна, як мы разлічвалі, і мы праходзілі меншы шлях, чым хацелі б, і праз плынь шхунаю немагчыма было кіраваць. У майго старэйшага брата быў сын васямнаццаці гадоў, і я сам меў двух дужых хлапцоў. Яны былі б добраю дапамогаю ў такія хвіліны, у веславанні ды і ў лоўлі таксама, але неяк так атрымалася, што, рызыкуючы сваім жыццём, мы не насмельваліся выпрабоўваць маладзейшых, бо, вось вам святая праўда, страшэнная небяспека гэта была.
Читать дальше