Яшчэ праз некалькі хвілін уся карціна зноў раптоўна змянілася. На паверхні мора пацішэла, злагаднела, і віры адзін за адным зніклі. Вада пакрылася непамерна вялікімі палосамі пены — там, дзе раней нічога не было. Яны даўжэлі, расцягваліся па шырокім абшары, злучаліся між сабою, усмоктваючы кругавы рух аціхлых ужо віроў і нібы рыхтуючы нараджэнне яшчэ адной, яшчэ большай крутаверці. У адно імгненне, зусім нечакана, абмаляваліся яе выразныя абрысы, бездань ашчэрыла зеўру, большую за паўмілі ў дыяметры. Самы край крутаверці быў аблямаваны шырокім пасам бліскучай пены, але ні каліва яе не трапляла ў сярэдзіну жудаснай лейкі, чыя ўнутраная частка ўяўляла, наколькі можна было зазірнуць туды, гладкую, бліскучую, як гагат, сцяну вады, нахіленую да гарызонту пад вуглом градусаў сорак пяць. Яна імкліва закручвалася ўглыб няроўнымі цяжкімі штуршкамі, напаўняючы паветра вусцішнымі гукамі — ці то пранізлівым енкам, ці то рыкам, які нават вадаспад Ніягары не здолеў бы ў сваёй агоніі ўзнесці да нябёсаў.
Гара задрыжэла да самага падножжа, скалы затрэсліся. Я кінуўся на зямлю тварам долу, нервова схапіўшыся за ўбогае бадыллё.
«Гэта, — нарэшце сказаў я старому, — без сумневу, той самы вялікі вір Мальстрэма».
«Так яго часам называюць, — адгукнуўся стары. — Мы, нарвежцы, мянуем яго Москестрэм, па назве выспы Моске, якая знаходзіцца пасярэдзіне».
Звычайныя апісанні паўсюдна вядомага віру ніякім чынам не маглі падрыхтаваць мяне да таго, што я ўбачыў. Апісанне Ёнаса Рамуса*, самае падрабязнае з усіх, не можа даць нават прыблізнага ўяўлення ні пра веліч, ні пра вусцішную прыгажосць відовішча, ні пра пачуццё разгубленасці і незвычайнасці, якое ўражвае гледача. Я не магу дакладна сказаць, адкуль аўтар назіраў за вірам і пры якім надвор'і, але адно можна сцвярджаць без сумневу: не з вяршыні Хельсэгена і не ў шторм. Вось некалькі абзацаў з ягонага апісання; варта прывесці іх тут хаця б за іх дэталёвасць, хай і даволі невыразную ў параўнанні з уражаннямі, якія выклікае само відовішча.
«Між Лафатэнам і Моске, — піша ён, — глыбіня вады дасягае трыццаці шасці-сарака марскіх сажняў, а ў іншым кірунку, бліжэй да Вэра (або Вурга), яна памяншаецца так, што ніводзін карабель не можа прайсці там, не рызыкуючы разбіцца аб скалы, нават у самае пагоднае надвор'е. Калі пачынаецца прыліў, вада з шалёнай хуткасцю ўрываецца ў пратоку паміж Лафатэнам і Моске. Гул, які падымаецца, калі вада падчас адліву стрымгалоў імкне назад да мора, толькі аддалена можна параўнаць з гулам наймагутнейшых вадаспадаў. Яго чуваць за некалькі кіламетраў, а віры і лейкі дасягаюць такой шырыні і глыбіні, што варта толькі якому караблю падысці да іх бліжэй — і яго немінуча паглыне і зацягне вірам на самае дно, а там разаб'е аб скалы на малыя трэскі. Калі ж вада зноў супакойваецца, некаторыя з іх плынь выносіць на паверхню. Але гэтыя перапынкі зацішша бываюць толькі паміж прылівам і адлівам і толькі ў пагоднае надвор'е. Доўжыцца гэта не больш за пятнаццаць хвілін, пасля гайданка зноў пачынае нарастаць. У час, калі плынь найбольш шалёная, ды яшчэ раз'ятраная штормам, небяспечна падыходзіць да яе бліжэй чым на нарвежскую мілю*. Шлюпкі, чоўны, караблі засмоктвае ў вір, ледзь толькі яны неасцярожна падыходзяць бліжэй. Даволі часта здараецца таксама, што кіты праплываюць занадта блізка ад крутаверці, і тады іх зацягвае ў яе нутро. Немагчыма апісаць енкі і лямант падчас той бясплённай барацьбы, калі яны спрабуюць вызваліцца. Аднойчы мядзведзь спрабаваў пераплысці з Лафатэна на Моске, і яго закруціла плынню і пацягнула ўніз, і ягоны рык быў такі жудасны, што яго было чуваць ажно на беразе. Вялізныя камлі ялінаў і хвояў, пасля таго як іх засмокча вір, выплываюць на паверхню абшкуматаныя і паторганыя, быццам пакрытыя густою шчэццю. Бо на самым дне — вострыя камяні, аб якія іх і разбівае ўшчэнт. Крутаверць залежыць ад прыліваў і адліваў: вада ў моры падымаецца і спадае кожныя шэсць гадзін. У 1645 годзе, у перадапошнюю нядзелю перад Вялікім постам, з самага рання мора ўскіпала так раз'юшана, што некалькі хацінаў на самым беразе разнесла ў друзачкі».
Што да глыбіні бездані, мне не ўяўляецца магчымым хоць якім-небудзь чынам вызначыць яе паблізу ад крутаверці. Тыя самыя «сорак сажняў», відавочна, адносяцца толькі да той часткі пратокі, што бліжэйшая да берага, каля Моске або Лафатэна. Глыбіня ж у сярэдзіне Москестрэма мусіць быць непараўнальна большай. Найлепшым доказам гэтага можа быць відовішча, якое адкрылася нам з вяршыні Хельсэгена, хоць і адтуль можна было зазірнуць у пашчу бездані толькі збоку. Цяпер, стоячы на стромым адгор'і, пад якім звар'яцела біўся нарвежскі Флегетон*, я не мог не ўсміхнуцца той прастадушнасці, з якой шаноўны Ёнас Рамус згадвае як прыклад немажлівага, з ноткаю недаверу, показкі пра кітоў і мядзведзяў. Для мяне ж было відавочна, што нават найвялікшы лінейны карабель*, трапіўшы ў пастку гэтай смяротнай каруселі, будзе толькі лёгкім пёркам, якое паспрабавала супраціўляцца ўрагану — і было адразу ж дарэшты знішчанае.
Читать дальше