Зноў і зноў у таямнічым падабенстве нашых душаў я шукаў адказы на пытанні: «Хто ён? Адкуль ён? Што яму трэба?» — але адказаў не было. Тады я ўважліва прааналізаваў усе формы, спосабы і галоўныя рысы яго нахабнага нагляду. Але нават тут мне амаль не было на чым будаваць здагадкі. Вартае ўвагі прынамсі тое, што ў кожным са шматлікіх выпадкаў, калі ён ставаў на маёй дарозе і зрываў мае планы, усё заканчвалася меншым для мяне злом у параўнанні з тым, якое напаткала б мяне, калі б намеры мае паспяхова ажыццявіліся. Але ж якое гэта нікчэмнае апраўданне для таго, каб так нахабна мною распараджацца! Кепская плата за маё натуральнае права вырашаць самастойна, так абразліва ў мяне аднятае!
Я вымушаны адзначыць, што мой кат за вельмі доўгі час (неверагодна і акуратна трымаючыся свае прыхамаці цалкам адпавядаць мне ў адзенні) ва ўсіх сваіх разнастайных умяшальніцтвах у мае справы схітрыўся ні разу не паказаць мне свайго твару. Кім бы ні быў Вільсан, гэта, прынамсі, было праявай капрызу і дзівацтва. Няўжо ён мог падумаць, што ў маім папярэджвальніку ў Ітане, у разбуральніку маёй рэпутацыі ў Оксфардзе, у тым, хто зашкодзіў маім славалюбным намерам у Рыме, маёй помсце ў Парыжы, майму жарснаму каханню ў Неапалі альбо таму, што ён ілжыва назваў маёй сквапнасцю ў Егіпце, у маім выклятым ворагу і злым генію можна не пазнаць Вільяма Вільсана, майго школьнага таварыша — цёзку, аднакласніка і канкурэнта, ненавіснага і страшнага суперніка з установы доктара Брэнсбі? Немагчыма! Але дазвольце мне неадкладна перайсці да апошняй, поўнай на падзеі сцэны гэтай драмы.
Да гэтага часу я маўкліва падпарадкоўваўся гэтай цяжкой уладзе. Глыбокае трымценне, з якім я заўсёды глядзеў на ўзвышаную натуру, велічную мудрасць, усюды існасць і ўсёмагутнасць Вільсана, змешвалася з пачуццём страху, разам з якім усе адзначаныя рысы і праявы яго характару дасюль вымушалі мяне прызнаваць уласную бездапаможнасць і з горкай неахвотай скарацца яго дэспатычнай волі. Але апошнім часам я цалкам аддаўся віну, і яго раздражняльны ўплыў на мой нораў вымушаў мяне ўсё болей і болей нецярпліва прагнуць вызвалення з-пад гэтага кантролю. Я пачаў наракаць, пярэчыць, супрацьстаяць. I, магчыма, толькі ілюзія нараджала веру, што чым больш узрастала мая непахіснасць, тым слабейшай рабілася настойлівасць майго ката. Як бы там ні было, цяпер я адчуваў пякучы ўздым надзеі і пеставаў у думках цвёрдую рашучасць пазбавіцца прыгнёту.
У Рыме падчас карнавалу 18... году я пайшоў на маскарад у палаца неапалітанскага герцага Дзі Бролья. Я піў нашмат больш нястрымана, чым звычайна, і цяпер душнасць перапоўненых людзьмі залаў пачала невыносна мяне раздражняць. Дадавала мне раз'юшанасці яшчэ і тое, што трэба было пракладаць сабе дарогу скрозь лабірынты кампаній; я страшна нерваваўся, бо нецярпліва шукаў (можна і не казаць, з якім нізкім намерам) маладую, бесклапотную і прывабную жонку старога й нямоглага Дзі Бролы. Крыху раней яна з бессаромнай даверлівасцю прызналася мне па сакрэце, у якім касцюме будзе, і цяпер, заўважыўшы яе, я спяшаўся наблізіцца. У гэты момант я адчуў лёгкі дотык да пляча і пачуў незабыўны, ціхі, ненавісны шэпт.
У шалёным прыпадку гневу я павярнуўся да таго, хто спыніў мяне, і моцна схапіў яго за каўнер. Яго касцюм, як я і чакаў, быў абсалютна такім жа, як мой: гішпанскі плашч з сіняга аксаміту, падперазаны малінавым пасам, што падтрымліваў рапіру. Маска з чорнага шоўку цалкам хавала твар.
— Нягоднік! — прамовіў я сіплым ад гневу голасам, і кожны гук, здавалася, толькі распаляў мяне. — Нягоднік! Самазванец! Пракляты зламыснік! Ты не будзеш, не будзеш пераследаваць мяне да смерці! Ідзі за мной, іначай я закалю цябе проста на месцы! — і я кінуўся з танцавальнай залы ў невялікі вестыбюль па суседстве, цягнучы яго за сабой і не адчуваючы супраціву.
Увайшоўшы, я ашалела адпіхнуў яго ад сябе. Ён, пахіснуўшыся, апынуўся ля сцяны, а я, з пракляццямі сяк-так замкнуўшы дзверы, загадаў яму рыхтавацца да абароны. Ён на імгненне завагаўся, але, пагардліва ўздыхнуўшы, моўчкі стаў у пазіцыю.
Бойка была кароткай. Я быў апантаны і надзвычай узрушаны, таму адчуваў, што мая рука мае сілу і моц цэлага натоўпу. За колькі секунд я прыціснуў яго да сцяны і, атрымаўшы ўладу над ім, з жывёльнай жорсткасцю шмат разоў пракалоў рапірай ягоныя грудзі.
У гэты момант нехта паспрабаваў адчыніць дзверы. Я паспяшаўся перадухіліць умяшальніцтва і адразу ж вярнуўся да паміраючага суперніка. Але якой чалавечай мовай можна дакладна перадаць здзіўленне і жах, якія завалодалі мной ад таго, што я ўбачыў? Кароткага імгнення, калі я адвёў вочы, было дастаткова для кардынальнай перамены ў іншым канцы памяшкання. Вялікае люстэрка — так спачатку падалося мне, збянтэжанаму, — стаяла там, дзе раней нічога не было, і калі я ў жаху зрабіў крок наперад, маё адлюстраванне, бледнае і акрываўленае, зрабіла няцвёрды крок насустрач.
Читать дальше