Складана сказаць, як бы я паводзіўся надалей. Вартае жалю становішча маёй ахвяры выклікала ва ўсіх змрочную разгубленасць, і на некаторы час у пакоі павісла цішыня. Я адчуў, як запалалі мае шчокі пад мноствам позіркаў, якія апякалі пагардлівым дакорам з боку найменш распусных з нашай кампаніі. Прызнаюся нават, што на кароткі момант нясцерпны цяжар трывогі быў зняты з мае душы раптоўным і незвычайным умяшальніцтвам. Важкія дзверы ў пакой нечакана расчыніліся нагэтулькі ўпэўненым рухам, што ўсе свечкі ў пакоі, нібы пад уздзеяннем чараў, згаслі. Іх святло, знікаючы, дазволіла ўсім заўважыць толькі тое, што ўвайшоў незнаёмец прыблізна майго росту, шчыльна захутаны ў плашч. Цемра, аднак, усталявалася абсалютная; мы маглі толькі адчуваць яго прысутнасць. Да таго як хто-небудзь з нас здолеў перамагчы здзіўленне, выкліканае гэтым грубым уварваннем, мы пачулі голас нахабніка.
— Джэнтльмены, — прамовіў ён ціхім, выразным і незабыўным шэптам, які прабраў мяне да касцей, — джэнтльмены, я не выбачаюся за свае дзеянні, бо гэтымі дзеяннямі, я толькі выконваю свой абавязак. Сумняюся, што вы слушна праінфармаваныя наконт асобы, якая сёння выйграла ў лорда Глендэнінга значную суму ў экартэ. А таму я дам вам імгненную і неабходную магчымасць атрымаць такую важную інфармацыю. Калі ласка, праверце ўнутраную падкладку манжэты яго левага рукава і некалькі невялікіх скруткаў, якія могуць знайсціся ў крыху зашырокіх кішэнях яго халата.
Калі ён гаварыў, стаяла такая цішыня, што можна было б пачуць, калі б на падлогу ўпала шпілька. Дагаварыўшы, ён сышоў гэтак жа раптоўна, як і з'явіўся. Ці мае сэнс казаць, што я адчуў усе пакуты грэшнікаў у пекле? Але часу на разважанні ў мяне, вядома, не было. Мноства рук адразу ж схапіла мяне, свечкі зноў запалілі. Пачаўся вобшук. У падкладцы майго рукава знайшоўся ўвесь набор картаў, патрэбных для гульні ў экартэ, а ў кішэнях — некалькі калодаў, такіх жа, якімі карысталіся мы, з тым адрозненнем, што мае былі, як кажуць спецыялісты, arrondées [ 13 13 Акругленыя (фр.).
]: казырныя анёры былі злёгку выпуклыя па краях, а малодшыя карты — па баках. Такім чынам, калі ахвяра здымае калоду, як правіла, уздоўж, яна непазбежна аддае суперніку старэйшую карту, у той час як шулер, здымаючы калоду па шырыні, вядома, не раздасць суперніку ніводнай выйгрышнай карты.
Любы ўсплёск абурэння на такое адкрыццё закрануў бы мяне менш за маўклівую пагарду і з'едлівы спакой, якімі сустрэлі гэтае адкрыццё ўсе прысутныя.
— Містэр Вільсан, — сказаў гаспадар, нахіляючыся, каб падняць з-пад ног вельмі дарагі плашч, аздоблены мехам, — містэр Вільсан, гэта вашае. (Надвор'е было халоднае, і таму, сыходзячы са свайго пакоя, я надзеў плашч, але скінуў яго, пачаўшы гульню). — Я мяркую, залішне шукаць і тут, — ён паглядзеў на складкі адзення са з'едлівай усмешкай, — дадатковыя доказы вашага майстэрства. Напраўду, дастаткова і ўжо атрыманых. Спадзяюся, вы разумееце, што вам варта пакінуць Оксфард, — у любым выпадку, пакіньце неадкладна мой дом.
Зняважаны, утаптаны ў бруд, я, можа, і адказаў бы на гэтыя дзёрзкія словы кулакамі, калі б усю маю ўвагу не забрала іншае. Мой уласны плашч быў аздоблены рэдкім мехам, настолькі рэдкім і дарагім, што не рызыкну сказаць. Яго крой таксама быў часткай маёй уласнай дзіўнай прыдумкі, бо ў такіх справах мая пераборлівасць часта даходзіла да абсурду. Таму калі містэр Прэстан працягнуў мне падняты з падлогі каля дзвярэй плашч, я адчуў неймавернае здзіўленне, якое пераходзіла ў жах, бо ўбачыў, што мой уласны ўжо вісіць на маёй руцэ (што я зрабіў, мабыць, абсалютна не заўважыўшы гэтага), а той, што мне працягнулі, быў дакладнай яго копіяй ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Я згадаў, што незнаёмец, які так згубна выкрыў мяне, прыйшоў захутаны ў плашч, а акрамя мяне, ніхто тут больш плашча не насіў. Спрабуючы захаваць прысутнасць духу, я прыняў той, што мне працягваў Прэстан, незаўважна паклаў яго на ўласны і пакінуў памяшканне з рашучым і пагардлівым позіркам, а наступнага дня таропка пакінуў Оксфард і ў ліхаманцы жаху і сораму скіраваўся на кантынент.
Я ўцякаў марна. Мая злая наканаванасць, нібы ў экстазе, пераследавала мяне, даказваючы, што праявы яе таямнічага валадарства яшчэ толькі пачаліся. Ледзь я апынуўся ў Парыжы, як атрымаў свежы доказ агіднай цікавасці гэтага Вільсана да мяне. Ішлі гады, але ён не пакідаў мяне. Злыдзень! Як не ў час, але з якой прывіднай урачыстасцю стаў ён у Рыме паміж мной і маімі намерамі! I ў Вене таксама, і ў Берліне, і ў Маскве! Ды і дзе ў мяне не было прычыны праклінаць яго ў душы? Ад яго невытлумачальнай тыраніі я ў паніцы ўцякаў як ад чумы, але і на край свету я ўцякаў марна.
Читать дальше